Шрифт:
Кожны візіт — паўгадзіны. Надта ўжо радаваліся гаспадары маладзенькім гасцям. І Магдаліна, да засмучэння сяброўкі, не магла не затрымацца. Ды і самой было цікава паслухаць, параспытваць.
Азызлая, нізкагалосая старая з іранічнай усмешкай на тонкіх вуснах распавядала пра Маскву трыццатых гадоў, паказвала выцвілыя афішкі і праграмкі канцэртаў. Нават дала пакруціць у руках чорны карункавы веер з ручкай са слановай косці і перламутравы тэатральны бінокль у футарале са змяінай скуры.
Старэча, сухі і светлы, як букет мінулагодняга быльнягу, у незвычайна прасторным пакоі з паўкруглымі вокнамі, відаць, колішняй гасцёўні, натхнёна распавядаў пра выступ Маякоўскага ў клубе іхняга завода.
Былі і не вельмі цікавыя візіты, са скаргамі на падступных суседзяў. У кватэры Сары Майсееўны Міхельсон, якая паводле жэсаўскіх спісаў лічылася адзінокай, выявілася цэлая куча сваякоў рознага ўзросту.
Чарнавокія малечы ганялі па калідоры на самакаце і гарлалі:
— Бабця! Да цябе прыйшлі!
Кватэра нумар шэсць была гэткай жа вялікай і няўтульнай, з доўгім цёмным калідорам, як тунель у цаглянай скале. Іван Канстанцінавіч Хмель, самотны пенсіянер, жыў у самым далёкім ад увахода пакоі.
Добразычлівая суседка падвяла дзяўчат да дзвярэй, але папярэдзіла ціхім шэптам:
— Ён, наш Канстанцінавіч, дзівак… Добры чалавек, дворнікам працаваў… Але не любіць размоў. Так што не крыўдуйце, калі і з вамі размаўляць не захоча.
І знікла ў адным з пакояў.
Ціха. Недзе капае з крана вада. На жоўтай сцяне партрэт Гагарына ў авальнай рамцы.
Гагарын бадзёра падміргваў: «Паехалі!» Але Светка і Магда чамусьці нервова пасмейваліся і не наважваліся пастукацца да дзівакаватага брамніка.
Нарэшце сібірачка выпхнула наперад, як заўсёды, сяброўку:
— Ты ў нас эмансіпіраваная… Ты і стукайся… Асцярожныя крокі сціхлі па той бок дзвярэй. Нехта стаяў, аддзелены ад дзяўчат тонкай фанерай, і хрыпла дыхаў.
— Пайшлі адсюль… — мармытнула Светка, але з таго боку пачулася рыпучае:
— Хто там?
Пасля доўгіх тлумачэнняў і ўдакладненняў дзверы расчыніліся. Хударлявы старэча з кульбачкай пазіраў на нечаканых гасцей сінімі, як веснавы лёд, вачыма. Нібыта рэнтгенам прасвечваў… Не, ніякіх скаргаў… Усяго яму хапае, таварышы юныя цімураўцы. Усяго яму адваліла жыццё, нават звыш нормы. І паветра, і прасторы, і волі. І добрых людзей.
Іранізуе яшчэ… Дзяўчаты ветліва развіталіся і рушылі прэч. Стары глядзеў ім услед сінімі вачыма.
— Вось табе і маеш… Быццам жывуць, як у Бога за плячыма, толькі смажанага лёду не стае, — ціха прагаварыла сама сабе трохі пакрыўджаная Магда.
Стары, відаць, меў надзвычай востры слых, таму што адразу пачуўся ягоны рэзкі, нават уладны вокліч:
— Паненкі, зайдзіце!
Вузкі, як саркафаг, пакойчык завешаны паліцамі і фота-здымкамі ў рамках. А кнігі! Магдаліна так і прыліпла да іх — старыя, у скураных, парэпаных вокладках, на карашках — назвы з «яццю». Блок, Цютчаў, Лермантаў… Нейкія польскія кніжкі… Побач з мастацкай літаратурай — тамы па хіміі, фізіцы, біялогіі… Велізарны том у чорнай вокладцы — «Алхі-мія». На падлозе, на падшыўцы часопіса «Химия и жизнь» стаяла скрынка, у шчыліне між накрыўкай і кантам паблісквалі шкляныя прылады. Логавішча чарадзея…
Светка паказала вачыма на фотаздымак: стройны малады чалавек з іранічнымі вачыма ў нейкай дзіўнай вайсковай форме, відаць, афіцэр… Няўжо гэты старэча? Гаспадар цярпліва чакаў, пакуль госці задаволяць сваю цікаўнасць. І раптам з высачэзнай шафы пачуўся шоргат і страшны, хрыплы крык… Чорная істота з вялізнымі крыламі скокнула ўніз, на падлогу, — быццам ажыла каменная гаргулья.
Светка завішчэла, як злоўленая русалка. І Магда ледзь стрымала крык… А па паркеце тупатаў крумкач. Чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў-вейкаў паглядала цалкам разумна і зусім не добразычліва.
Гаспадар пакоя пагладзіў птушку па прыгорбленай спіне.
— Ты што ж гэта, Карл Карлавіч, гасцей палохаеш? Сядайце, паненкі.
Светка і Магда паслухмяна селі на цвёрдую скураную канапу, не зводзячы позіркаў з крумкача, які, здаецца, так і цэліў шэрай моцнай дзюбай у гасцей.
— Вы не служыце ў ЖЭСе.
Быццам вінаваціць у чым! Магда не дазволіла сабе раздражніцца — гэта ж самотны, хворы чалавек. Дастала з сумкі студэнцкі білет. Старэча нават акуляры на нос уздзеў, каб злічыць фотакартку з тварам госці.
І зноў — як у палонку. Упёрся вачыма ў Магду і:
— Вы не масквічка. І не руская. Мне падалося, што я чуў ад вас тую мову, якой ужо не спадзяваўся тут пачуць. Адкуль вы?
— З Беларусі…
Крумкач прагарлаў нешта, але не падобнае на бяскрыўднае «кар». Камяк хрыплых гукаў…
На Магду абрынуўся вадаспад пытанняў на беларускай мове, з нейкім дзіўным вымаўленнем — такога яна яшчэ не чула, гукі ліліся лагодна і спеўна. Адкуль род па бацьку, адкуль род па маці, на якой мове піша артыкулы, чаму не па-беларуску? Ці не ў сваяцтве яна са старавежскімі Дарбутамі?