Шрифт:
— Дык што за важная размова? — яна даўно церабіла яго за рукаў бушлата.
Крушынскі апамятаўся. Дастаў з кішэні змяты канверт.
— Я быў сёння на пошце, — сказаў ён. — Вось, прыйшоў адказ з Крыма. Чалавека з такім прозвішчам у Сіферопалі няма. І ніколі не было.
Віка таксама зрабілася сур'ёзнай.
— А адрас? А паштоўка?
— Віка, сядзь, калі ласка. Ты ўжо амаль дарослая, давай пагаворым па-даросламу. Табе не здаецца, што маці. ну, яна магла проста падабраць гэтую паштоўку дзе-небудзь? І знарок адарвала назву горада. Прыдумала сімферопальскую цётку.
— Навошта?!
— Каб даць табе хоць якую надзею. Каб ты з'ехала. Каб яна не бачыла цябе, а ты яе. такую.
Віка маўчала. Цяжкі настрой гэты перадаўся і Крушынскаму.
— Паслухай, дзяўчынка. Мне не падабаецца, што ўсё ў нас так безнадзейна застыла. Проста завісла! Я не бачу ніякага выйсця. І, калі быць да канца шчырым — я табе не веру. Прызнайся: ты гаварыла мне праўду? Усю? Бо апошнім часам я, сам не ведаю чаму, пачаў ва ўсёй гэтай гісторыі сумнявацца. Я не веру ні ў айчыма, ні ў твае прыгоды, ні ў хворую маці на вакзале, ні ў тое, што пакой у вас адсудзілі.
Віка марудна падняла на яго вочы. У іх стаялі слёзы. Разам з тым Крушынскі не мог не адзначыць, што яна ўмее трымацца. Калі загаварыла, дык голас у яе быў звычайны.
— Твая гісторыя пра Васіля, — спакойна сказала яна, — пра спецслужбы і каштоўныя камяні таксама, прабач, малаверагодная. Гэта ім, Ціму з Валікам, можаш у вушы гудзець, але не мне.
— Нічога сабе! Якія мы самастойныя! Якія вопытныя! Як ты можаш не верыць даросламу чалавеку?
Яна гмыкнула.
— Вось якраз дарослым я менш за ўсё і веру.
— Ну-ну! Якія мы самастойныя, — Крушынскі, аднак, змяніў тэму. — Добра. Пакуль што не пра мяне, і не пра маю гісторыю гаворка. Вось што мы з табою зробім. Заўтра ж паедзем у твой Гомель. Я хачу на месцы ўсё высветліць.
Яна ўскрыкнула спалохана:
— Нізавошта не паеду туды!
— Паедзеш. Як міленькая. Гэта адзіны спосаб праверыць, ці праўду ты казала. Зразумей, Віка, — ён заціснуў яе далонькі ў свае лапы, — пакуль я не буду ва ўсім упэўнены, я не змагу зрабіць для цябе. Ну, тое, што задумаў.
Разлік ягоны апраўдаўся. Жаночая цікаўнасць у ёй узяла верх над капрызам.
— А што ты задумаў?
— Пабачыш, — адказаў ён ухіліста. — Усяму свой час. І яшчэ, Віка. Я ведаю, што табе можа быць цяжка ў Гомелі… Але давядзецца пацярпець. Мы здымем кватэру. Ты будзеш сядзець там, нікуды не выходзячы. Проста мне трэба, каб ты была пад рукою.
— Ну, калі так — я згодная…
Збірацца пачалі яшчэ з вечара — хаця якія там зборы? Узяць якую перакуску ў дарогу. Памыцца, у парадак сябе прывесці. За Барса цяпер можна было не баяцца, за хлопцамі ён не прападзе.
Калі Крушынскі з нажніцамі ў руцэ прыладкаваўся перад люстэркам, каб падраўняць бараду, Віка не вытрымала:
— Ды згалі ты яе!
Ён прамаўчаў. Думаючы, што яна проста саромецца яго, барадатага, такога старога. Бо ў Гомелі яе знаёмыя могуць убачыць іх разам.
Назаўтра выйшлі з дому вельмі рана. На шашы іх падабрала першая ж «папутка», і завезла ў Жытнявічы, да саменькага чыгуначнага вакзала. Крушынскі купіў білеты. Неўзабаве яны ўжо сядзелі ў цёплым вагоне цягніка «Гродна — Гомель», які вёз іх у родны дзяўчынчын горад.
Раздзел XXII
Перамена надвор'я. — Гомель. — Кватэра па найме. — Пошукі Крушынскага. — Чаго б хацелася Віцы? — Начлежны дом. — Крушынскі падкупляе начальніцу. — Зноў барада!
Цягнік не прапускаў ніводнага слупа, спыняўся на кожнай станцыі, на кожным раз'ездзе.
Пазіраючы ў вакно, Крушынскі з Вікаю проста дзіву даваліся — як рэзка пацяплела! Яшчэ раніцаю, калі выходзілі з хаткі, канечне, на адлігу ўсё паказвала, але ў лесе поўна было снегу, і нічога не сыпалася з неба. А тут! Нібы прыехалі ў чужую краіну. Снег ляжыць толькі дзе-нідзе, туман з'ядае яго. А галоўнае, дождж стукае ў шыбіну, і гэта ў студзені месяцы!
Што ўжо было казаць пра вялікі горад. Гомель сустрэў нашых вадроўнікаў тым жа дажджом, туманам і да ўсяго бруднай кашай расталага снегу пад нагамі.
На выхадзе з тунэля ў горад стаяла жывая чарга.
— Кватэры здаем!
— Таксі, каму таксі?
Крушынскі, успомніўшы Стася, адчуў сябе чалавекам вопытным у такіх справах. Пахадзіў туды-сюды — Віка стаяла ў тунэлі, баючыся высунуцца на дождж. Выбраў чысценькую, ахайную бабульку. Ізноў, як і ў выпадку са Стасем, яму пашэнціла. Бабулька здавала двухпакаёвую кватэру на суткі, у самым цэнтры, і не так ўжо і дорага. Адно што яна адразу ж запатрабавала дакументы.