Пасяленням чалавечым на месцы, дзе стаіць зараз Кіеў, сорак… дваццаць пяць… (Кірылаўская стаянка) дзесяць тысяч гадоў. Так што, магчыма, яшчэ апошнія неандэртальцы палявалі тут на мамантаў і шарсцістых насарогаў. І так яно і ішло пасля: не зводзіўся на гэтым зручным месцы чалавек. Па берагах рэчак і ручаін, што беглі ў Дняпро. У неалітычных пячорах, над якімі пасля ўзнікла Кірылаўская царква, на Саломенскіх схілах, на Лысай гары. І плямёны трыпольскай, медна-каменнай культуры былі тут. Ішло людское жыццё-быццё, і ў познетрыпольскіх знаходках сафіеўскага тыпу пачынае трапляцца ўжо не толькі ўзбраенне паляўнічага, але і зброя воіна. Трэба было бараніць маёмасць, а значыць, і весці войны дзеля ўзбагачэння захопленым чужым дабром. І прыйшла эпоха бронзы, эпоха вайны. А пасля жалеза. Перад самай вайной археолагі даследавалі Карчувацкі могільнік (Зарубінецкая культура, ІІ ст. да н. э. — І ст. н. э.).
Не трэба думаць, што ўсе гэтыя (і пазнейшыя) помнікі археалогіі — гэта паслядоўная і бесперапынная гісторыя таго самага Кіева, што ёсць сёння. У іх няма развіцця, няма бесперарыўнай традыцыі. Гэта проста: нарадзілася пасяленне — пайшло ў нябыт — зноў вырасла… Няма ніводнага пасялення, якое існавала б увесь час ад эпохі бронзы і ранняга жалеза і аж да сярэднявечча, калі ўзнікла пісьмовая традыцыя, ці крыху раней, да эпохі легендарных братоў — заснавацеляў горада Кія Шчэка і Харыва.
Легенда гэтая, прыведзеная ў летапісу, на жаль, не дае нам дакладнай даты. А археалогія гаворыць нам толькі, што было некалькі дафеадальных селішчаў, якія былі папярэднікамі, існавалі перад стварэннем самага старажытнага кіеўскага гарадзішча замка (недзе ў пачатку другой паловы І тысячагоддзя нашай эры). Магчыма гэта было ўжо і славянскае замчышча (Хатомель на беларускім Палессі адносіцца да таго самага часу, і гэта ўжо — славяне). Магчыма, менавіта аб гэтай рэальнай з'яве і гаворыць летапісная легенда. Мы не ведаем, ці было тое замчышча "градам Кія". І застаюцца яшчэ такія пытанні, як "ці можна назваць тое гарадзішча горадам" (горад — гэта месца, дзе жыхары рамеснічаюць і гандлююць і вырабы свае мяняюць на хлеб, якога самі не вырабляюць у дастатковай колькасці). І застаюцца пытанні культурнага, сацыяльнага, горадабудаўнічага (развіццё гарадской тэрыторыі) адзінства.
Гандаль? Магчыма. Трапляюцца на тэрыторыі Кіева нават манеты старажытнагрэчаскага і рымскага часоў. Абшчыннае пасяленне (большую частку ўсяго вырабляюць для сябе) або горад (большую частку ўсяго вырабляюць на абмен) — гэтага мы пакуль дакладна не ведаем.
…Замкавая гара, дзе нібыта была першая рэзідэнцыя Кія да таго, як ён пабудаваў горад на Старакіеўскай гары? Цяжка сказаць, бо тут культурныя пласты наслойваюцца адзін на адзін ад рубяжа нашай эры. Старакіеўская гара, гарадзішча на якой і атоесамліваюць з "градам Кія"? Невядома. Капішча — яно было тут. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што і пасяленне тут было, у ІХ — Х ст. Менавіта тут у ІХ — Х стагоддзях стаялі і два княжацкія палацы, і тут тады ўзнік дзяцінец Кіева, у межах якога горад разрастаўся ў Х — ХІ стагоддзях, атрымаўшы назву "Уладзімірава горада". Тут была першая царква горада, Дзесяцінная.
Вось гэта быў ужо горад. Але цi ён менавiта "горад Кiя"? Гэтага мы пакуль не ведаем. Пiсьмовых крынiц няма, у летапiсах няма дат пра гэты перыяд.
Адзіная ўскосная пісьмовая згадка пра заснаванне трыма братамі горада Куара ёсць у "Гісторыі Тарона", што належыць пяру армянскага храніста Зяноба Глака. А гэта VІІІ стагоддзе. Гэта сведчанне сына народа прадпрымальнага, гандлёвага, які шмат ездзіў і шмат бачыў, пісьменнасць якога была афіцыйна ўведзена ў 396 годзе нашай эры (а хрысціянства было прынята за 95 гадоў да таго і, значыць, таксама не магло абыходзіцца без нейкага пісьма). Словам, "молчат гробницы, мумии и кости. Лишь слову жизнь дана".
І ўсё адно: мясціны кіеўскія дыхаюць старажытнасцю, і параўнаць гэта адчуванне подыху гісторыі, гэтае фізічнае пачуццё павеву вякоў, ветру, часу можна хіба з тым, якое ахоплівае цябе на полацкіх стромах.
Тут ва ўсё можна паверыць, нават у міфічнага апостала Андрэя, які нібыта прыцягнуў сюды крыж аж з берагоў Міжземнага мора недзе на рубяжы нашай эры.
Гэтыя адхоны, зарослыя дзеразой, — сама старадаўнасць. Гэтыя цяжкiя пласты рыжай, жоўтай або чорнай зямлi здаўна-давён хаваюць у сабе бронзавыя рымскiя бляшкi, антычныя камеi — усё сведчыць аб тым, што чалавек сядзеў на гэтых стромах з Зарубiнецкiх часоў i да сярэднявечча… i да нашых часоў. Праўда, толькi на нашай пiсанай памяцi бывалi часы, што на месцы Яраславава горада сто год раслi дрэвы, а раней бывалi, вiдаць, запусценнi яшчэ больш страшныя i доўгiя, чым пасля манголаў, але ўсё ж давайце ўспомнiм, што на тэрыторыi ад Куранёўкi да Пiрагова i ад Лук'янаўкi да Дняпра агульная колькасць рымскiх манет перавышае шэсць тысяч экземпляраў. Лiчыць, што гэта тэрыторыя аднаго населенага пункта, хай самага выдатнага, нельга, i тое, што iх так многа, можа азначаць толькi тое, што iх тут шмат капалi. Але ўсё ж. Але ўсё ж i ўсё ж.
Тым больш, што Кіеў — агульнаславянская наша святыня, сімвал наш. І з кожнага камяка тутэйшай цяжкай зямлі — толькі сцісні яе ў пясці — пачне церушыцца іржавы пыл ад даўно спарахнелых мячоў і — сцісні мацней, мацней! — закапае чалавечы пот і чалавечая кроў.
Знаходкам такім часта спадарожнічаюць своеасаблівыя абставіны. Паблізу ад Пакроўскага манастыра, скажам, выбухнуў у вайну снарад, і ў варонцы знайшлі рымскую рэспубліканскую манету Спурыя Афранія. А гэта другое стагоддзе да нашай эры. Хочаш не хочаш, а задумаешся над гэткай археалагічнай "удачай".
Ну так, мы не ведаем, калі быў закладзены "горад Кія". Але мы ведаем, што часам жыхарам пратакіеўскіх паселішчаў свяцілі ўначы рымскія свяцільнікі першых стагоддзяў нашай эры (знаходка на вуліцы 9-га Студзеня). Ну так, мы не маем аніякіх падстаў атоесамліваць Данпарстад (Дняпрагорад), нібыта сталіцу готаў на Дняпры часоў гунскага нашэсця (ІV–V ст.), з "горадам Кія".Проста пісьменнікі VІ ст. Йярнанд і іншыя раздзьмулі межы "дзяржавы готаў" ледзь не на ўсе славянскія і ўгра-фінскія землі, што не болей чым безадказная і малапісьменная балбатня, графаманства і трызненне (накшталт спробы аднаго з сучасных "аўтараў" аднесці слова "бужаніна" да племя "бужан", — у якіх вышэйпамянёная ежа была нібыта нацыянальнай стравай, і вось яны вымерлі, бедныя, але запавнталі нам яе як адзіную пра сябе памяць)… Але вось перад намі знойдзеная ля Феафаніі Карынфская манета V ст. да нашай эры. Але вось пералічаныя Пталемеем (ІІ ст. нашай эры) "гарады" на Дняпры. Мы ведаем, што гэта былі яшчэ не гарады і ўжо не пасяленні, а "гнёзды пасяленняў", якія мелі цягу адзін да аднаго.
І ўсё адно, швэндаючыся гэтымі вуліцамі (а гэтаму майму занятку ўжо без малога сорак год), я адчуваю падэшвамі жар вялікай маці-гісторыі, якой не тысяча, не паўтары і не дзве тысячы гадоў, а болей, і кіеўскі вецер, вецер часу, уладна і мякка штурхае мяне ў твар.
Вось пра гэтае адчуванне стагоддзяў, пра тое, як чытаў кнігу гэтага горада адзін чалавек, я і раскажу на гэтых старонках. Бо які сэнс у паўтарэнні даўно ўсім вядомых археалагічных (наконт таго, што роў, адкрыты пры раскопках 1909 — 1912 гадоў, вакол, нібыта, гарадзішча Кія быў шырынёй 4 м, а глыбінёй "4 м ад узроўню старажытнай паверхні") і гістарычных ("Святаполк забі Барыса і Глеба") звестак. Тым больш, што і самі старадаўнія гісторыкі пра гэта нічога не ведаюць (рукапіс XVІІІ ст. называе 334 год "ад Хрыста", Мацей Стрыйкоўскі — 430 г., І-шы Наўгародскі летапіс — 2-ю палову ІХ ст., год 854), а мы і пагатоў. І нават у самых даўніх летапісцаў ідзе барацьба кіеўскага летапісання, якое вядзе паходжанне горада ледзь не ад цара Гароха, і Наўгародскай летапіснай традыцыі, якая перамяншае ўзрост горада і называе Аскольда і Дзіра наўгародцамі. Словам, і тады гісторыя і праўда ўжо былі пастаўлены на службу палітычнай тэндэнцыі, а значыць, і простай фальсіфікацыі. Я асабіста думаю інакш. Я сам трымаў у руках чарапкі VІІІ стагоддзя. Я ведаю, што верхні археалагічны рубеж Кіева — вось гэты. А які там ніжні — хто яго ведае. І я смела кідаюся ў гэтую сваю "гіпотэзу", а там — бог бацька. Тым больш, што горад у старажытным славянскім сэнсе — гэта не наш "горад", а "ўмацаванне", "замак". А ўмацаванні, гарадзішчы існуюць тут бог ведае з якога часу. Больш дакладна: з часу зараджэння феадальных адносін на славянскіх землях (сярэдзіна І тысячагоддзя нашай эры) і да часу завяршэння феадалізацыі ўсходняга славянства (ІХ — Х ст.).