Падзеям чарнобыльскай трагедыі прысвечана шмат мастацкіх твораў і дакументальных кніг. Але сярод усіх твораў пра Чарнобыль, мусіць, асаблівае месца займае кніга Святланы Алексіевіч Чарнобыльская малітва. Аўтар кнігі неаднаразова пабывала ў чарнобыльскіх раёнах, на свае вочы бачыла пакуты і смерць тысячы нявінных ахвяр мірнага атама. Перад намі гісторыі рэальна існуючых людзей, гісторыі, запісаныя крывёю сэрца. Чытаеш, а над усім гэтым нешта такое паўстае, перад чым душа ледзянее, сэрца заходзіцца ад болю і жалобы… Але ж гэта было, было… І гэта немагчыма забыць!.
Гістарычная даведка
"… Трэба найперш разарваць заслону невядомасці, што акаляе Беларусь. Бо ж для свету мы terra incognita — невядомая, нязведаная зямля. Пра Чарнобыль ведаюць усе, але толькі ў сувязі з Украінай і Расіяй. "Белая Расія" — гэтак прыкладна гучыць назва нашай краіны на англійскай мове".
"Народная газета", 27 красавіка 1996 г."На тэрыторыі Беларусі няма ніводнай атамнай станцыі. З дзейных АЭС на прасцягах былога СССР геаграфічна да беларускай мяжы бліжэй за ўсё размешчаны АЭС з рэактарамі тыпу РБМК: з поўначы — Ігналінская, з усходу — Смаленская, з поўдня — Чарнобыльская…
26 красавіка 1986 г. у 1 гадз. 23 хв. 58 сек. серыя выбухаў разбурыла рэактар і будынак 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС. Чарнобыльская катастрофа сталася самай буйнай тэхналагічнай катастрофай XX стагоддзя.
Для маленькай Беларусі (насельніцтва 10 млн. чалавек) яна з'явілася нацыянальным бедствам. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкія фашысты знішчылі на беларускай зямлі 619 вёсак разам з іх жыхарамі. Пасля Чарнобыля краіна страціла 485 вёсак і пасёлкаў: 70 з іх ужо навек пахаваны ў зямлі. У вайну загінуў кожны чацвёрты беларус, сёння кожны пяты жыве на заражанай тэрыторыі. Гэта 2,1 млн. чалавек, з іх — 700 тыс. дзяцей. Сярод фактараў дэмаграфічнага згасання радыяцыя займае галоўнае месца. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях (найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы) смяротнасць перавысіла нараджальнасць на 20 %.
У выніку катастрофы ў атмасферу выкінута 50x106 Ки радыенуклідаў, з іх 70 % выпала на Беларусь: 23 % яе тэрыторыі заражаны радыенуклідамі са шчыльнасцю больш чым 1Ки/км2 па цэзію-137. Для параўнання: на Украіне заражана 4,8 % тэрыторыі, у Расіі — 0,5 %. Плошча сельгасугоддзяў са шчыльнасцю забруджвання ад 1 і больш Ки/м2 складае болей як 1,8 млн. гектараў, стронцыем-90 са шчыльнасцю 0,3 і больш Ки/м2 — каля 0,5 млн. гектараў. З сельгасужытку выведзена 264 тыс. гектараў зямлі. Беларусь — краіна лясоў. Але 26 % лясоў і больш чым палова лугоў у поймах рэк Прыпяць, Днепр, Сож адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджвання…
Як вынік пастаяннага ўздзеяння малых дозаў радыяцыі з кожным годам у краіне павялічваецца колькасць хворых на ракавыя захворванні, разумовую адсталасць, нервова-псіхічныя расстройствы і генетычныя мутацыі…"
З6. "Чарнобыль". "Беларуская энцыклапедыя", 1996. Сс. 7, 24, 49, 101, 149.
"Па дадзеных назіранняў, 29 красавіка 1986 года высокі радыяцыйны фон быў зарэгістраваны ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Румыніі, 30 красавіка — у Швейцарыі і Паўночнай Італіі, 1–2 мая — у Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, паўночнай Грэцыі, 3 мая — у Ізраілі, Кувейце, Турцыі…
Закінутыя на вялікую вышыню газападобныя і лятучыя рэчывы распаўсюджваліся глабальна: 2 мая яны зарэгістраваны ў Японіі, 4 мая — у Кітаі, 5-га — у Індыі, 5 і 6 мая — у ЗША і Канадзе.
Менш за тыдзень спатрэбілася, каб Чарнобыль стаўся праблемай усяго свету…"
З6. "Наступствы Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі".
Мінск. Міжнародны вышэйшы Сахараўскі каледж па радыеэкалогіі. 1992 г. С. 82.
"Чацвёрты рэактар, мянуемы аб'ектам "Сховішча", па-ранейшаму зберагае ў сваім свінцова-жалезабетонным чэраве каля 20 тон ядзернага паліва. Што з імі адбываецца сёння, не ведае ніхто.
Саркафаг будавалі спехам, канструкцыя унікальная, напэўна, інжынеры-распрацоўшчыкі з Піцера могуць ёю ганарыцца. Аднак манціравалі яго "дыстанцыйна", пліты стыкавалі з дапамогаю робатаў і верталётаў — адсюль і шчыліны. Сёння, згодна з некаторымі дадзенымі, агульная плошча зазораў і трэшчын большая за 200 квадратных метраў, з іх працягваюць вырывацца радыеактыўныя аэразолі…
Ці можа саркафаг разбурыцца? На гэта таксама ніхто не адкажа, дагэтуль немагчыма дапяць да многіх вузлоў і канструкцыяў, каб уведаць, які ў іх запас надзейнасці. Затое ўсе разумеюць: разбурэнне "Сховішча" прывяло б да наступстваў нават страшнейшых, чым у 1986-м…"
Часопіс "Огонек", № 17, красавік 1996 г.
Самотны чалавечы голас
"Я не ведаю, пра што расказваць… Пра смерць ці пра каханне? Ці гэта адно і тое ж… Пра што?
… Мы нядаўна пабраліся. Яшчэ хадзілі па вуліцы і трымаліся за рукі, нават калі ў краму йшлі… Я казала яму: "Я кахаю цябе". Але я не ведала яшчэ, як яго кахала… Не ўяўляла… Жылі мы ў інтэрнаце пажарнай часткі, дзе ён служыў. На другім паверсе. I там яшчэ тры маладыя сям'і, на ўсіх адна кухня. А ўнізе, на першым паверсе стаялі машыны. Чырвоныя пажарныя машыны. Гэта была яго служба. Заўсёды я ў курсе: дзе ён, што з ім? Сярод начы чую нейкі шум. Вызірнулаў акно. Ён убачыў мяне: "Зачыні фортачкі і лягай спаць. На станцыі пажар. Я хутка буду".
Самога выбуху я не бачыла. Толькі полымя. Усё нібы свяцілася… Усё неба… Высокае полымя. Чад. Гарачыня страшэнная. А яго ўсё няма і няма. Чад ад таго, што бітум гарэў, дах станцыі быў заліты бітумам. Хадзілі, пасля прыгадваў, як па смале. Збівалі полымя. Гарэў графіт. Яго скідвалі нагамі… Паехалі яны без брызентавых касцюмаў, як былі ў адных сарочках, так і паехалі. Іх не папярэдзілі, іх выклікалі на звычайны пажар…
Чатыры гадзіны… Пяць гадзін… Шэсць. А шостай мы з ім збіраліся ехаць да ягоных бацькоў. Садзіць бульбу. Ад горада Прыпяць да вёскі Спярыжжа, дзе жылі ягоныя бацькі, сорак кіламетраў. Сеяць, араць… Яго любімы занятак… Маці часта прыгадвала, як не хацелі яны з бацькам адпускаць яго ў горад, нават новую хату паставілі. Забралі ў армію. Служыў у Маскве ў пажарных войсках і як вярнуўся: толькі ў пажарнікі! Нічога іншага не прызнаваў. (Маўчыць.)