Вход/Регистрация
  1. библиотека Ebooker
  2. Проза
  3. Книга "Воўчая зграя"
Воўчая зграя
Читать

Воўчая зграя

Быкаў Васіль

Проза

:

советская классическая проза

,

повесть

.
1975 г.
Аннотация

Аповесць Васіля Быкава «Воўчая зграя» — аповесць, як большасць твораў аўтара, пра вайну. Пра чалавечыя лёсы, пра жыццёвы выбар, пра памяць мінулых дзён. Галоўны герой аповесці партызан Ляўчук, які ў час ваенных дзеянняў, вырываючыся з акружэння, застаўся сам з нованароджаным дзіцёнкам на руках, бацькі якога загінулі. Прайшоўшы пекла, ён аддае дзіця, спадзяючыся, што трапіць яно ў добрыя рукі, да жанчыны, якая зможа выкарміць немаўля. Сюжэт аповесці базуецца на ўспамінах былога партызана, які праз многія гады пасля вайны, а мінула ўжо больш за трыццаць, шукае таго, каму выратаваў жыццё, таго, каму даў імя і прозвішча бацькі, шукае, каб распавесці гісторыю яго сям’і, яго бацькоў і гастрорыю першых дзён ягонага жыцця. Шукае і знаходзіць.

Трое партызан у час блакады трапляюць у складаную сітуацыю. Пасля жорсткае сутычкі з ворагам жывы застаецца толькі адзін, які робіць амаль немагчымае — выратоўвае маленькае дзіця…

1

У гаманлівым людскім патоку ён памалу ішоў, куды ішлі ўсе, — па пероне, уздоўж вакзала, праз металічныя веснічкі на прывакзальную плошчу. Але на плошчы натоўп пасажыраў рассыпаўся ў розных кірунках — да аўтобуса, у памяшканне вакзала, на стаянку таксі, у багажню, — і ён замарудзіў хаду. Ён не ведаў, куды трэба далей — пехатой па вуліцы ці да прыпынку аўтобуса. Ён паставіў на гарачы, у масляных плямах асфальт свой няновы, з металічнымі навугольнікамі чамаданчык і агледзеўся. Мусіць, трэба было спытаць. У кішэні яго ляжала добра-такі пацёртая паперка з адрасам, але адрас ён ведаў на памяць і цяпер прыглядаўся, у каго б запытацца.

Людзей было шмат, і ўсе беглі, ішлі, міналі яго з такім спехам, з такім клопатам на маладых і старых, мужчынскіх і жаночых тварах, што ён доўга і нерашуча ўзіраўся ў іх, перш чым выбраў пажылога, мусіць, як сам, такіх жа гадоў, чалавека, які разгарнуў газету адышоўшыся ад кіёска.

— Скажы… Скажыце, калі ласка, як на вуліцу Касманаўтаў папасці? Пехатой ці, можа, аўтобусам?

Чалавек падняў ад газеты не дужа ветлівы твар і па-над акулярамі строга паўзіраўся ў яго. Адказаў не адразу: можа, успамінаў вуліцу, а можа, прыглядаўся да незнаёмага, яўна не тутэйшага чалавека ў шэрым грубаватым пінжаку і шэрай кашулі без гальштука, зашпіленай да каўняра на ўсе гузікі, хоць было цёпла, бадай, нават горача. Пад гэтым нядоўгім, але пільным позіркам ён адразу пашкадаваў, што не завязаў гальштук, які ў яго, можа, гадоў восем без патрэбы вісеў на цвіку ў шафе. Ды і жонка казала, што цяпер у горадзе ўсе ходзяць з гальштукамі, але ён проста не любіў ды і не ўмеў іх завязваць і паехаў так, як хадзіў дома ў святы: у шэрым, яшчэ ніштаватым гарнітуры і першы раз надзетай, хоць і даўно ўжо купленай, шэрай нейлонавай кашулі. На станцыі, аднак, зразумеў, што гарадскія апраналіся інакш — ці ў лёгкія кашулі з кароткімі, да локцяў рукавамі, ці з прычыны выхаднога — у белыя кашулі з гальштукамі. Але невялікая бяда, думаў ён, не хапала яшчэ клопату многа дбаць пра сваё адзенне…

— Касманаўтаў, Касманаўтаў…— сказаў чалавек, прыпамінаючы, і азірнуўся. — Вунь сядайце на аўтобус. Сямёрку. Даедзеце да плошчы, там пяройдзеце на другі бок, дзе гастраном, і перасядзеце на адзінаццаты. Адзінаццатым праедзеце дзве астаноўкі, а там запытаеце. Там прайсці метраў дзвесце.

— Дзякуй вялікае, — сказаў ён, хоць і не дужа запомніў увесь гэты не просты для яго маршрут, але ён не хацеў затрымліваць занятага, відаць, чалавека, толькі запытаўся яшчэ:

— Гэта далёка? Кіламетры два-тры?

— Ну якіх тры? Можа, паўтара якіх.

— Тады што ж ехаць? Я — пехатой, — узрадаваўся ён, што гэтая вуліца была не так і далёка, як яму здалося. спачатку.

Ён нетаропка пайшоў па тратуары, стараючыся сваім чамаданчыкам меней замінаць людзям, якіх на гэтай вуліцы было даволі-такі многа. Зрэдку ішлі па адным, а болей па два-тры, а то і групамі — маладыя і старэйшыя, усе прыкметна спяшаліся, і, як ён неўзабаве заўважыў, усе насустрач яму, некуды ў бок вакзала; з вакзала ж ішло зусім мала. Прыкмеціўшы гэтую асаблівасць, ён прыслухаўся да размоў поруч, але размовы былі адрывістыя і таропкія — бесклапотныя жарты, смех, не дужа яму зразумелыя рэплікі. Ля харчовага магазіна, які трапіўся па дарозе, народу было яшчэ больш — пераважна мужчын; ён зірнуў праз вялізную шыбу і здзгвіўся — там аж гуў цэлы натоўп ля прылаўка. Усё гэта падобна было на нейкую падзею ці свята; карцела запытацца, але ўсё ішлі кампаніі, групкі занятых сабой і пэўна нечым узбуджаных людзей, і запытацца не было ў каго. Некаторыя ненадоўга спыняліся каля вялізнага стэнда з рэкламай, на якім яшчэ здалёку можна было прачытаць: «Футбол!» 27 чэрвеня на стадыёне «Дынама» сустрэча нейкіх каманд, і ён зразумеў, што неўзабаве, мусіць, — пачатак гэтай сустрэчы, таму такая беганіна на вуліцы.

Футболам ён мала цікавіўся, нават па тэлевізары не вельмі глядзеў яго, і не мог зразумець некаторых заядлых аматараў, якія дужа перажывалі за пэўную каманду, нібы там іграў іх сват, брат ці хоць бы добра знаёмы. Для яго ж не было розніцы, хто каго пераможа; сёння адны, заўтра другія — ці варта перажываць?

Але гараджане, мусіць, ставіліся да гэтага інакш, і па вуліцы проста цяжка было прайсці — чым меней заставалася да пачатку матча, тым хутчэй імчаліся людзі, пераважна маладыя мужчыны, сярод якіх, аднак, трапляліся і жанчыны таксама. Паўнюткія аўтобусы ледзьве паўзлі, у незачыненых дзвярах віселі людзі. Затое назад аўтобусы ішлі амаль што пустыя. Ён ажно спыніўся на рагу, паўзіраўся ў гэтую праяву гарадскога побыту і падумаў, што, мабыць, трэба не забыцца расказаць пра ўсё дома, як вернецца ў вёску.

Пасля ён доўга і нетаропка ішоў па тратуары. Каб залішне не пытацца ў людзей, пазіраў на вуглы дамоў з рознымі назвамі вуліц, пакуль не ўбачыў на сіняй шыльдачцы надрукаванае белым: «вул, Касманаўтаў». Але нумар дома быў іншы, ён прайшоў да наступнай будыніны і пераканаўся, што ісці трэба яшчэ далёка. I ён ішоў, спакваля назіраючы жыццё гэтага горада, у якім ніколі не быў і куды нават не думаў калі-небудзь прыехаць, каб не пісьмо пляменніка, што цяпер ляжала ў яго кішэні. Праўда, апроч адраса, пляменнік не паведамляў больш нічога, ён нават не дазнаўся, дзе і кім працуе той чалавек, якая ў яго сям'я… Ну але што мог даведацца хлопец-студэнт, які выпадкова натрапіў на знаёмае прозвішча ў газеце і атрымаў адрас у міліцыі. Вось цяпер ён сам пра ўсё і дазнаецца — дзеля гэтага і ехаў.

Найперш, вядома, яму дужа радасна, што таму ўдалося выжыць з вайны, і ён спадзяваўся, што далей жыццё да яго паставілася больш літасціва. Калі жыве ў такім доме, дык, мабыць, не апошні чалавек у горадзе, можа, нават які начальнік. Хоць, канечне, ён ведаў, што чалавек не вызначаецца толькі сваёй прафесіяй або пасадай, ёсць яшчэ характар, нораў, дабрата ці злосць — гледзячы што пераважае, тое і вызначае чалавечую годнасць. Цяпер гэта, можа, нават больш за іншае было для яго важна, як і для кожнага госця, які першы раз у жыцці, не званы і не чаканы, мае пераступіць незнаёмы парог. Але ён спадзяваўся на лепшае, бо сам быў спакойны і ўмеў паважаць другіх.

Прыглядаючыся да вялізных, пяці— і дзесяціпавярховых будынкаў з белай сілікатнай цэглы, да мноства балконаў, застаўленых у каго чым — раскладушкамі, старымі крэсламі, столікамі, рознай хатняй непатрэбшчынай, аблытаных вяроўкамі, на якіх матлялася на ветры бялізна, — ён стараўся ўявіць сабе ягоную кватэру, вядома, з балконам, дзе-небудзь на высокім паверсе. На ягоную думку, чым кватэра вышай, тым лепш — болей сонца, чысцейшае паветра і, галоўнае, далёка відаць — калі не да краю, дык, пэўна, да палавіны горада. Гадоў шэсць назад ён ездзіў да жончынай сястры ў Харкаў і дужа ўпадабаў там пазіраць на вуліцу з балкона, хоць той і быў не так высока, усяго на трэцім паверсе.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • ...
Купить и скачать
в официальном магазине Литрес

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: