За наміткай гісторыі
Бутэвіч Анатоль
Образование и наука
:история
,прочая научная литература
.Проза
:современная проза
.Эзотерика
:религия
.Книги Для Детей
:детская проза
.
Тваё падарожжа па найбольш яркіх адметнасцях беларускага краю працягваецца. З кожным новым дакрананнем да пульсуючага нерва гісторыі ты адчуваеш, якое багатае, напружанае і разнастайнае жыццё кіпела некалі на нашай зямлі. Як дбайна і гаспадарліва імкнуліся ўладкаваць яе нашы продкі. І як беражліва захоўваюць плён іхняй працы і шчыравання сённяшнія беларусы. Вось так ад пакалення да пакалення і прадзецца пуцяводная нітка Арыядны. А прадзіва гэтага хопіць і табе. Бо гістарычная пераемнасць і непарыўнасць з’яўляюцца залогам новых плённых дзён для роднай Беларусі.
Гэтым разам табе прапануецца праз чароўныя акуляры часу зазірнуць за больш чым двухмільённагадовую намітку гісторыі. Пазнаёміцца з выбітнымі і неардынарнымі постацямі, якіх нарадзіла беларуская зямля. Падзівіцца на захаваныя часам і людской дбайнасцю архітэктурныя помнікі, што сведчаць аб высокім майстэрстве беларускіх дойлідаў. Удыхнуць жыццядайны водар малельных храмаў, атуленых спагадлівасцю і спрыяннем цудатворных абразоў. Адчуць цяпло рук і сэрцабіццё перапісчыкаў кніг. Зрабіць падарожжа ў прасторы і часе, пабываць там, куды завяла беларусаў спрадвечная рупнасць, цікаўнасць і неабыякавасць.
Старонкі кнігі пазнаёмяць цябе з самай старажытнай рукапіснай кнігай – Тураўскім Евангеллем, з нечаканай і нязвыклай для манастыра гістарычнай і мастацкай знаходкай – Аршанскай кальчугай-байданай. Ты даведаешся, што марская гісторыя Беларусі звязана не толькі з легендарным Морам Герадота. Была яшчэ і рэальная Крычаўская суднаверф, дзе будавалі караблі для расійскага флоту. Постаці першага дыпламата з беларускай зямлі Іосіфа Гашкевіча, які сваім талентам скарыў непрыступную для чужаземцаў Японію, і апантанага даследчыка казахстанскіх стэпаў, прататыпа аднаго з герояў паэмы Адама Міцкевіча “Дзяды” Адольфа Янушкевіча выведуць цябе далёка за межы Беларусі. Ты даведаешся, чаму нашы продкі будавалі храмы як цытадэлі, калі зірнеш на архітэктурны воблік Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці. Разам з першанасельнікамі беларускай зямлі можаш адчуць усю небяспеку палявання на дагістарычных мамантаў.
Ты гатовы? Тады – посах у рукі і наперад па дарогах і сцежках у займальнае падарожжа па родным краі. А з сабой захапі і гэтую кніжку. Яна паспрыяе табе быць больш дасведчаным і вопытным падарожнікам. Можаш браць яе разам з іншымі кнігамі серыі “Сем цудаў Беларусі” і на школьныя ўрокі. Глыбокія веды і выдатныя ацэнкі будуць справядлівай кампенсацыяй за тваю няўрымслівасць і цікаўнасць.
ТУРАЎСКАЕ ЕВАНГЕЛЛЕ
Колькі б ні мінула часу ад запачаткавання кніжнай справы на свеце, а нас не перастае хваляваць тая далёкая кніга, сапраўдная, першая, з якой усё і пачалося. Бо яна і да гэтага часу захоўвае не толькі дабравесце для людзей, але і дыхае цяплом рук, што яе стварылі. Да такога неацэннага скарбу адносяцца рукапісныя кнігі. Самымі каштоўнымі і старадаўнімі рукапіснымі кнігамі на беларускай зямлі лічацца Тураўскае евангелле ХІ стагоддзя, Полацкае евангелле ХІІ стагоддзя і Аршанскае евангелле канца ХІІ – пачатку ХІІІ стагоддзя.
Сёння цяжка нават уявіць, каб чалавек суткамі, месяцамі, гадамі сляпіў вочы толькі з адной мэтай – перапісаць кнігу. Ён ператвараў трымцівы агеньчык свечкі, спадарожніцы няўтомнай працы, у непагаснае святло ведаў і прасвятлення чалавечай душы. Ды не проста перапісваў, а карпатліва і настойліва ствараў сапраўдны мастацкі шэдэўр, з усёй шчырасцю ўпрыгожваў старонкі арнаментамі і малюнкамі.
Сярод такіх старадаўніх рукапісных рарытэтаў, сагрэтых душой і рукамі добраахвотных прыхільнікаў кніжнага прыгоства, найпершым з’яўляецца Тураўскае евангелле. Па сведчанню вучоных, гэта самая старажытная рукапісная кніга, якая была створана на беларускай зямлі.
Назва Евангелля паходзіць ад месца яго адкрыцця ў 1865 годзе – у Тураве тагачаснага Мазырскага павета. Была і яшчэ адна спадарожная акалічнасць. Да самага пачатку ХVІ стагоддзя Евангелле належала Тураўскай Праабражэнскай царкве. Пра прыналежнасць яго тураўчанам сведчылі і два запісы, зробленыя на старонках кнігі князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім.
У той час знакамітаму ў Вялікім княстве Літоўскім княскаму роду Астрожскіх належаў і Тураў. Канстанцін Астрожскі быў вядомым военачальнікам, здабыў перамогі больш як у 60 бітвах. Найвышэйшы гетман Княства, віленскі кашталян, трокскі ваявода, ён па колькасці падданых і памерах зямлі, што належала яму, лічыўся другім чалавекам у дзяржаве. Акрамя таго, князь выступаў заўзятым прыхільнікам і абаронцам праваслаўя, рэлігійным мецэнатам, шчодра падтрымліваў цэрквы.
У адным са сваіх укладных (даравальных) запісаў, зробленых у Тураўскім евангеллі 2 мая 1508 года, князь Астрожскі “з женою... княгинею Татьяною и з сыном... князем Илиею надали есмо в Турове… церкви Божей к преображению Господа Бога и Спаса нашего Иисуса Христа (і святарам яе Мітрафану і Мацвею)… сад с пасекою и поле з сеножатьми», а таксама азёры і іншыя землі “вечно и на векы непорушено”.
10 лютага 1513 года з’явіўся другі запіс аб тым, што той самай царкве і тым самым святарам Канстанцін Астрожскі перадаў “три поли на пересельи села Вересницького” з усімі іншымі ўгоддзямі на спрадвечнае карыстанне.
Старажытны рукапісны помнік знайшоў у час археаграфічнай паездкі па беларускіх землях Мікалай Сакалоў. Натрапіў на яго выпадкова. У скрыні для вугалю валялася старадаўняя рукапісная кніга. Даследчык даўніны зразумеў, якая каштоўнасць трапіла ў рукі, і прывёз яе ў Віленскую публічную бібліятэку. Тут правялі даследаванне і высветлілі, што напісана Евангелле на пергаменце -- надзвычай трывалай спецыяльна апрацаванай скуры, якая са старажытных часоў выкарыстоўвалася для пісьма. Пергамент мае невялікія дзірачкі – выдаткі апрацоўкі скуры. Захавалася ўсяго 10 аркушаў, альбо 20 старонак тэксту. Яны пераплецены ў невялікі сшытачак. Евангелле перапісана на царкоўна-славянскай мове, уставам – самым старажытным відам кірыліцкага пісьма. Абрысы літар надзвычай выразныя. Ініцыялы, як завуцца павялічаныя пачатковыя літары раздзелаў, размаляваны чырвонай і сіняй фарбамі на зялёным фоне.
Памер Евангелля 20,5 на 26,5 сантыметра. На кожнай старонцы змешчана 18 радкоў. Колер чарніла каштанавы. Як і ўсе старажытныя спісы Евангелля, Тураўскае таксама адносіцца да тыднёвага апракасу. Тэкст у іх размяшчаўся ў той паслядоўнасці, як неабходна чытаць яго падчас богаслужэння.
Тураўская знаходка да гэтага часу захоўваецца ў Вільнюсе. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя Евангелле было адрэстаўравана і апранута ў новы пераплёт.
Тураўскае Евангелле дае ўяўленне і пра стан развіцця гэтай зямлі наогул. Як сведчаць легенды, амаль 900 гадоў таму з Кіева па Дняпры і Прыпяці ў Тураў цудадзейным чынам прыплылі больш за дзесяць вялікіх каменных крыжоў. Мо гэта сталася Божай адзнакай святасці гэтай дабрадзейнай зямлі, засцярогай яе ад непамыснасці і неспрыяння? У Тураве здаўна была шырока распаўсюджана пісьменнасць. Ёю карысталіся князі і вяльможы, яна бытавала ў манастырах.
Дзейнічала тут другая па старажытнасці праваслаўная епархія на Беларусі, існавала вучылішча. Мяркуюць, што Кірыла Тураўскі, пакуль у 1161 годзе стаў тураўскім епіскапам, жыў у манастыры, з’яўляўся настаўнікам. І невядома, не знойдзена пераканаўчых доказаў, ці займаўся ён перапісваненм кніг. Аднак добра вядома, што Кірыла Тураўскі належыць да знаных культурных і царкоўных дзеячаў, з’яўляецца майстрам аратарскай прозы, прапаведнікам і асветнікам. Ён першы на Русі “стоўпнік” – чалавек, які цалкам адасобіўся ад жыцейскай мітусні, зачыніўся ў манастырскай вежы і прысвяціў сябе малітоўнаму служэнню Богу. Там напісаў свае першыя творы -- як вынік глыбокіх роздумаў над жыццём. Усяго Кірылу Тураўскаму належыць каля 70 малітваў, прытчаў, павучанняў, пропаведзей, твораў іншых жанраў.
АРШАНСКАЯ КАЛЬЧУГА-БАЙДАНА
Скарбы, як вядома, адкрываюцца нечакана. Так здарылася і ў адным з аршанскіх манастыроў. Амаль 200 гадоў у ягоных скляпеннях хавалася каштоўнасць значна большай вартасці, чым золата і срэбра. Падчас рамонту ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя будаўнікі знайшлі замураваную ў сцяне запыленую за стагоддзі баявую кальчугу. Працерлі пыл гісторыі і ўбачылі на кольцах літары. Яшчэ больш здзівіліся дойліды: не буквар жа гэта манаскі, не азбука школьная!