Некалькі мініяцюраў, якія склалі невячкую кнігу ад Віктара Лупасіна пад назвай "Прыгоды ёгаў".
1. Вялiкi ды мудры ёг Асандхара вучыў нiколi ня стрымлiваць натуральны поклiч арганiзму. Калi ёг Асандхара iшоў па вулiцы i яму трэба было аблегчыць зямное цела ад непатрэбных субстанцый, ён нават не прыпыняў хаду. Ёг Асандхара вучыў, што ўсё непатрэбнае паступова само вывалiцца праз штанiну.
Раз-пораз вялiкага ды мудрага ёга Асандхару знаходзiлi рабы Сансары, мачылi ягоныя валасы ў белую пену ды вылоўлiвалi дробных iстот, што жылi ў гармонii зь ягоным целам. Ёг Асандхара лiчыў, што жыцьцi гэтых iстот упадаюць на сумленьне рабоў Сансары.
2. Шангрыдхара 72 тысячы год медытаваў у позе Прабхта-Юга i праглынуў 25 000 сонцаў. А Свандрахштармi заглынуў 44 000 сонцаў, таму што яны былi недасканалыя. А Хвандратхора медытаваў 3 тысячы год i перарадзiўся ў маленькае жабянятка. I ўсе яны валодалi сакрэтам вечнага жыцьця, але знесьлi свой сакрэт у магiлу.
3. Вялiкi настаўнiк Махапрадхаяна мэдытаваў 91 000 год i ня еў нi расьлiн, нi жывёл. Пра яго нiхто нiколi ня чуў, бо вялiкi настаўнiк не хацеў славы. У канцы жыцьця Махапрадхаяна растварыўся ў хвалях Ганга.
4. Вялiкi настаўнiк Шыленка мэдытаваў 39 год на канапе, сузiраў экран тэлевiзара, сiлкаваўся залатым напоем з ячменю i ўсiм тлумачыў, што ён вучань самога Махапрадхаяны.
5. Свандрапхатхi мэдытаваў 10 000 гадоў, але не дасягнуў нiрваны. Тады ён мэдытаваў яшчэ 30 000 гадоў, а пасьля яшчэ 21 000. А Сэм Джонс не мэдытаваў, а праглынуў 4500 чарадзейных таблетак, але ён таксама не дасягнуў нiрваны. А цешча Валабуева...
6. Манухатра мэдытаваў 2 гады i 9 месяцаў. А Хантумадха патлумачыў яму, што гэта не мэдытацыя, надаваў па руках i загадаў больш так не рабiць.
7. Хвандрапхара ўсё жыцьцё мэдытаваў у патаемных лясах. Ён так i не даведаўся, што Манухатра няправiльна яго навучыў.
8. Джыгурда ўсё жыцьцё мэдытаваў спосабам Манухатры i ўсiм даводзiў, што гэта i ёсьць сапраўдная мэдытацыя. А Хантумадха ўжо рэiнкарнаваў у абрыкосавае дрэва i ня мог паправiць Джыгурду.
9. Бобi Блотцэр адкрыў спосаб мэдытаваць у кантакце! Сёньня больш за 300 000 чалавек мэдытуюць у кантакце! Усталёўвай праграму-мэдытатар i далучайся! Паспрабуй позу Прабхта-Юга i спосаб Манухатры! Развiвай свайго пэрсанажа!
10. Вялiкi ёг Хштумрпi валодаў тэхнiкай схаванай мэдытацыi. Ён мэдытаваў безупынна: у тралейбусе, ва ўнiвэры i нават на п'янках i ў клюбе. I ўсiм сваiм сябрам ён заўсёды распавядаў, што безупынна мэдытуе. Сябры ня верылi ёгу Хштумрпi i частавалi ёга Хштумрпi пiвам i гарэлкай.
11. Лагшмуварна еў свiнiну. За гэта ён рэiнкарнаваў у свiнню. "Хм, я адкрыў спосаб кiраваць рэiнкарнацыяй!" — падумаў Лагшмуварна i згрыз маленькага хлопчыка.
12. Лупанiшада мэдытаваў на ровары. Ён увогуле ўсё рабiў на ровары. З яго ўсе ёгi сьмяялiся, нават Хвандрапхара i Валабуеў.
13. У Руштакармы было дзьве кармы. Ён то адной пакарыстаецца, то другой, то зноў першай. А часам адну карму пазычаў ёгу Свамусвандру, калi ёг Свамусвандра не хацеў плямiць сваю.
14. Хвандрагора меў 40 000 жыцьцяў i ў кожным жыцьцi мэдытаваў 10 000 год. А Хвандрагораў кот меў 9 жыцьцяў i нi ў адным жыцьцi не мэдытаваў. Але абодва яны любiлi грэцца на сонейку.
15. Урункштабi мэдытаваў на вяршынi Джамалунгмы. Прачнецца ранiчкай, зяхне разоў тры, залезе на Джамалунгму дый мэдытуе сабе да вечара. А вечарам назад злазiў, бо халаднавата было.
16. Маршал Жукаў мэдытаваў над кветкаю лотаса. Гэта яшчэ ў пазамiнулую iнкарнацыю было, у сямнаццатым стагодзьдзi.
17. Маштрагорна мэдытаваў 55 000 год, перад тым як дасягнуць нiрваны. А кiтайцы цяперака па 200, па 300 памэдытуюць i хоп -- нiрвана. Дык махатмы з бадхiсатвамi прыдумалi, што кiтайская нiрвана ня лiчыцца.
18. Кшулпiвара мэдытаваў 500 000 год, як раптам у яго ўсё абнулiлася. Давялося мэдытаваць па новай яшчэ 200 000 год.
19. Дэн Лэйк мэдытаваў 45 год, каб патрапiць у Кнiгу рэкордаў Гiнэса. Кшулпiвара даведаўся, дык памёр ад сьмеху i рэiнкарнаваў у малпу шымпанзэ.
20. Махатма Джыджы i бадхiсатва Джыгi-Джыгi вельмi любiлi сустрэцца пасьля працоўнага дня, узяць пiва пад рыбку ды згуляць партыю ў дурня на пстрычкi i шчалбаны.
21. Гiтлер быў махатма 22-га ўзроўню i бадхiсатва 39-й ступенi. А Сталiн быў махатма 35-га ўзроўню i бадхiсатва 19-й ступенi. А Брэжнеў быў махатма 4-га ўзроўню, а затое бадхiсатва 42-й ступенi.