Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Самае цяжкае — прайсці міма людзей, якія чакалі прыёму; ведаў, што намеснікамі не задаволеныя, кожнаму давай старшыню — не ніжэй. А старшыня — не Ісус Хрыстос, адным боханам не накорміць пяць тысяч.

Мімаволі ўціснуў галаву ў плечы, не глядзеў на людзей. У патыліцу ўдарылі словы:

— Зноў уцякае наш дабрадзей.

— Бюракрат!

— А што яму да нас!..

— Зажраўся.

— Не пайду я да гэтых тоўстых баб. Яны толькі ўздыхаюць, як апоеныя коні.

— Гэта Каця… A Селівоніха, зараза, дак тая яшчэ i прабірае. Мяне гультаём абазвала. Работніца, такую яе! Задніцу адрасціла…

Апошнія словы Уладзімір Паўлавіч пачуў ужо на вуліцы, праз адчыненае акно.

II

Да дому ісці не думаў. Рушыў на другі бок плошчы — у райком. Вясёленькая ў яго размова адбудзецца зараз! Але загадаў сабе: не адступаць! З’ядуць? У наш час з-за кватэры не з’ядуць, пабаяцца. Пасля, канешне, будуць есці. Непрыемна гэта, не ў яго характары, ён умеў з партийным кіраўніцтвам жыць дружна, хоць часам для гэтага даводзілася ахвяраваць прынцыпамі. Але тут няма куды адступаць. Галя гэтая чакае шостае дзіця.

«Урэшце, можа, я ратую цябе, Іосіф Лявонцьевіч, ад газетчыкаў».

Угледзеў на другім краі плошчы жонку, выходзіла з завулка, што вёў на аўтобусную станцыю. Здагадаўся, куды бегала — да гомельскага аўтобуса. Можа, зрабіць выгляд, што не ўбачыў сваю палавіну? Але не стрымаўся — пайшоў насустрач.

— Ты чаму гуляеш?

— Пытаеш, як рабаўладальнік, — такім папрокам Вольга Андрэеўна яўна хацела стаіць пэўную збянтэжанасць, хоць ніколі не хавала мацярынскіх пачуццяў…

— Не бегай да кожнага аўтобуса. ён з неба зляціць.

Маці глянула ў яснае неба з трывогай, так глядзела заўсёды пасля таго, як Барыс падаўся ў лётную школу. Але тут з палёгкай уздыхнула: сёння ён не ў небе — у наземным транспарце. Спяшаецца. Адкуль толькі яго чакаць? З Гомеля? З Кіева? З Мазыра? У Барыса заўсёды неспадзяваныя маршруты.

— Не помніш, калі «Ракета» з Кіева?

— Пустаходам звані, паўз ix дом ходзіць. Дарэчы, я папрасіў Івана, каб прыслаў адну сваю прыгажуню памагчы табе.

— Тамара ўжо тут.

Здзівіўся такой хуткасці i ўзрадаваўся, што жонка прыняла дапамогу натуральна, не запярэчыла.

— Аператыўны ў нас сваток, нідзе не марудзіць.

— Дзіўны ты, Валодзя. Прыём зноў узваліў на Кацярыну? Лаюць цябе людзі, што ты ўцякаеш ад прыёмаў.

— Я іду выбіваць кватэру тваёй пратэжэ.

— Другога дня ты не знайшоў? Сапсуеш сабе настрой.

— На вяселлі наладжу. A жаніх у цешчы? Гонару не мае. Маці памог бы. Свістун! Не можа наглядзецца на сваю цацу.

— Не завадзіся, Валодзя.

Другога сакратара ў райкоме не было. Уладзімір Паўлавіч, які прыйшоў з ваяўнічай рашучасцю, бадай узрадаваўся, што не трэба вось так, з наскоку, псаваць настрой маладому работніку, які, дарэчы, падабаўся шчырасцю i адкрытасцю. Урэшце, не гарыць, неабавязкова ў такі дзень нарывацца на непрыемную размову.

Зайшоў да першага.

Пятро Міхайлавіч, звычайна стрыманы i не вельмі ўважлівы да людзей, сустрэў надзіва ветліва, ціснуў руку, як імянінніку. Гэтак жа следам за ім вітаўся i сакратар райкома камсамола Сяргей Плечка. У адказ на ix звышветлівасць Пыльчанка стараўся настроіць сябе на іранічны лад. Каторы раз паспрабаваў па выгляду першага адгадаць, чаму старшыні калгасаў ды i раённыя работнікі далі яму мянушку Лорд. Хто першы? Па якой рысе знешняй ці па характару? Не мог знайсці такой рысы. Нармальны чалавек, культурны, адукаваны, скончыў універсітэт i ВПШ. Трымаецца проста. I выгляд нармальны. Сярэдняга росту, спартыўна падцягнуты, толькі рана пасівелы — у сорак гадоў. Кпілі некаторыя, што фарбуецца сакратар. Уладзімір Паўлавіч спачатку нават паверыў зубаскалам, што Пятро па гадзіне сядзіць у цырульні: вельмі ж акуратна прычасаная густая сярэбраная чупрына. Але за два гады сумеснай работы не бачыў яго ў цырульні ні ў сваім гарадку, дзе ўсе на вачах, ні ў Гомелі, ні ў Мінску, куды нярэдка ездзілі разам. Хто ж яго прычэсвае так? Жонка, ці што?

Аднак чаму ўсё ж Лорд?

Вось каму легка прычапіць сто мянушак, дык гэта Плечку. Хлопец не вызначаецца розумам, але выдзяляецца адзеннем: заўсёды, зімой i ўлетку, у цёмных касцюмах, старанна адпрасаваных, вычышчаных (пасля палявых дарог!). Плечка заўсёды чысценькі, прылізаны, але, павітаўшыся з ім, Уладзімір Паўлавіч, адчуваў жаданне памыць рукі.

Адзін Плечкаў талент падабаўся — адменны танцор, арганізатар ансамбля танцаў, народных i сучасных — крыўляцкіх; ансамбль славіўся ў вобласці, i начальства, не толькі камсамольскае, цаніла сакратара райкома. Плечка ганарыўся гэтым: не аднымі лекцыямі прыцягвае моладзь.

— А мы тут з Сяргеем гаварылі пра вас. Кажу яму: во выпадак арганізаваць сапраўднае камсамольскае вяселле, — сказаў Пятро Міхайлавіч.

— Казаў я Ірыне. Махнула сваімі нафарбаванымі вейкамі: «Вы што — жартуеце?» — перакрывіў Плечка дзяўчыну. — I сябру свайму Глебу сказаў. Дык той яшчэ горш здзівіўся: «Жартуеш, Сяргей?» Якія жарты? Я арганізаваў бы ім такое вяселле — што прагрымелі б на ўсю рэспубліку. Тэлебачанне запрасілі б. Інжынер, які вучыўся ў Кіеве, працуе на Украіне, i наш урач, з Мінскага інстытута. Саюз непарушны! Заўтра ў Прыпяць паплылі б, на чаўнах…

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: