Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

Прайшло крыху часу, i вадзяная сцяна перад пракуратаравымi вачыма пасвятлела. Як не лютаваў ураган, i ён пачаў слабець. Галлё болей не трашчала i не падала долу. Грукат грому i ўсплёскi маланкi зацiхалi. Над Ершалаiмам плыла ўжо не фiялетавая з белаю аблямоўкаю коўдра, а звычайная шэрая ар'ергардная хмара. Навальнiцу адганяла да Мёртвага мора.

Цяпер асобна чуўся i дажджавы пошум, i шум вады ў жалабах i па прыступках тае лесвiцы, па якой пракуратар iшоў удзень аб'яўляць прысуд на плошчы. Нарэшце пачуўся i заглушаны дасюль фантан. Святлела. У шэрай заслоне, якая адступала на ўсход, з'явiлiся сiнiя вокны.

I ў гэты час здалёк, прарываючыся скрозь пошум слабенькага дажджу, данеслiся да пракуратаравага слыху гук труб i стракатанне соцень конскiх капытоў. Пракуратар пачуў гэта, варухнуўся, i твар яго ажыў. Ала вярталася з Лысае Гары. Калi меркаваць па гуку, яна праязджала па той самай плошчы, дзе быў аб'яўлены прысуд.

Нарэшце пачуў пракуратар i доўгачаканыя крокi, i шлёпанне па лесвiцы, якая вяла на верхнюю пляцоўку саду перад балконам. Пракуратар выцягнуў шыю, вочы яго радасна заблiшчалi.

Памiж мармуровых iльвоў паказалася спачатку галава ў башлыку, а потым i ўшчэнт мокры чалавек у прылiплым да цела плашчы. Гэта быў той самы чалавек, што перад прысудам шаптаўся з пракуратарам у цёмным пакоi палаца i якi сядзеў на трохногай табурэтцы ў час пакарання i забаўляўся з дубчыкам.

Чалавек, не зважаючы на лужыны, перайшоў садовую пляцоўку, ступiў на мазаiчны балкон i, падняўшы руку, сказаў зычным голасам:

– Пракуратару здароўя i радасцi!
– Прышэлец гаварыў па-латынi.

– Багi!
– усклiкнуў пракуратар Пiлат.
– На вас няма сухой нiткi! Якi ўраган! Прашу вас да мяне. Змянiце адзенне, зрабiце ласку.

Прышэлец зняў башлык з мокрае, з прылiплымi да лба валасамi, галавы, усмешка з'явiлася на яго паголеным твары, i ён пачаў адмаўляцца ад пераадзявання, пераконваў, што дожджык яму не пашкодзiць.

– Не хачу i слухаць нават, - адказаў Пiлат i пляснуў у ладкi.

Гэта ён выклiкаў слугу i загадаў яму паклапацiцца аб прышэльцу, а потым падаваць гарачую страву. Каб пераапрануцца, высушыць валасы, пераабуцца, прышэльцу спатрэбiлася няшмат часу, i хутка ён з'явiўся на балконе ў сухiх сандалях, у сухiм барвовым вайсковым плашчы i з расчэсанымi валасамi.

У гэты час сонца вярнулася ў Ершалаiм i, перш чым нырнуць у Мiжземнае мора, слала апошнiя промнi на зямлю ненавiснага пракуратару горада i залацiла прыступкi балкона. Фантан канчаткова ажыў i заспяваў на поўную моц, галубы вылецелi на пясок, гулькалi, пераскоквалi цераз абламаныя галiнкi, нешта клявалi ў мокрым пяску. Чырвоную лужыну прыбралi, сабралi чарапкi, на стале дымiлася мяса.

– Я слухаю загад пракуратара, - сказаў прышэлец, калi падыходзiў да стала.

– Загаду не будзе, пакуль вы не сядзеце за стол i не вып'еце вiна, зычлiва сказаў пракуратар Пiлат i паказаў на другое ложа.

Прышэлец прылёг, слуга налiў яму ў чашу густога чырвонага вiна. Другi слуга асцярожна нахiлiўся над Пiлатавым плячом, налiў вiна яму. Пасля гэтага пракуратар махнуў рукою, каб слугi знiклi.

Пакуль прышэлец пiў i еў, пракуратар пацягваў пакрысе вiно i прыплюшчана глядзеў на госця. Чалавек, якi прыйшоў да Пiлата, быў сярэдняга веку, з прыемным, круглым, дагледжаным тварам, мясiстым носам. Валасы невядома якога колеру. Яны высыхалi i святлелi. Нацыянальнасць прышэльца было цяжка вызначыць. Асноўнай прыкметай твару было хутчэй за ўсё дабрадушша, якое, мiж iншым, парушалi вочы, нават не самi вочы, а тое, як глядзеў прышэлец на субяседнiка. Звычайна маленькiя свае вочы прышэлец хаваў пад прыплюшчанымi, крыху незвычайнымi, нiбы прыпухлымi, павекамi. I ў шчылiнках гэтых вачэй свяцiлася нязлосная хiтрынка. Трэба думаць, што пракуратараў госць разумеў гумар. Але часам гэты гумар знiкаў з прыплюшчаных вачэй, пракуратараў госць расплюшчваў вочы i глядзеў на свайго субяседнiка нечакана проста ў твар, нiбыта хацеў лепей разгледзець нейкую непрыкметную плямку на носе ў субяседнiка. Гэта займала адно iмгненне, потым павекi апускалiся, i з-пад iх зноў свяцiлася дабрадушша i дасцiпны розум.

Прышэлец не адмовiўся ад другое чашы вiна, з задавальненнем з'еў некалькi вустрыц, варанай гароднiны, кавалак мяса.

Пасля таго як пад'еў, ён пахвалiў вiно:

– Цудоўная лаза, пракуратар, але гэта не "Фалерна".

– "Цэкуба", трыццацiгадовае, - ветлiва адазваўся пракуратар.

Госць прытулiў руку да сэрца, адмовiўся болей есцi. Тады Пiлат налiў у сваю чашу, госць зрабiў тое самае. Абодва адлiлi са сваiх чаш у мiсу з мясам, i пракуратар прамовiў гучна з паднятаю чашаю:

– За цябе, кесар, бацька рымлян, сама дарагi i найлепшы з усiх людзей!

Пасля гэтага дапiлi вiно, i афрыканцы прыбралi са стала страву, пакiнуўшы толькi садавiну i збаны. Зноў узмахам рукi пракуратар адправiў слуг i застаўся са сваiм госцем адзiн пад каланадай.

– Ну, - загаварыў Пiлат цiха, - што вы можаце сказаць пра настрой у гэтым горадзе?

Ён мiжволi зiрнуў туды, дзе за садовымi тэрасамi, унiзе, дагаралi i каланады, i пляскатыя дахi, пазалочаныя апошнiмi сонечнымi промнямi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: