Вход/Регистрация
Чорт (на белорусском языке)
вернуться

де Мопассан Ги

Шрифт:

Гi дэ Мапасан

Чорт

Пераклад: Сяргей Мурашка

Пры ложку хворай стаяў лекар, а насупраць яго - мужык. Старая спакойнымi яснымi вачыма глядзела на мужчын i слухала iх гамонку. Яна памiрала без скаргаў, бо выжыла свой век: ёй споўнiлася дзевяноста два гады.

У расчыненыя вокны i дзверы струменiлiся сонечныя промнi i гарачым цяплом аблiвалi чорную пыльную падлогу, убiтую нагамi чатырох пакаленняў сялян. Сюды ж пякучы вецер прыгнаў водар палёў i траў, збажыны i лiсця, што быццам прыгарэлi над паўднёвай спёкай. Там, у палях, на ўсю моц цвыркаталi конiкi, напаўняючы паветра гучным цвырканнем, падобным на ляск драўляных бразготак, якiя купляюць дзецям на кiрмашы.

Доктар голасна казаў:

– Анарэ, вы не кiнеце сваю мацi ў такiм цяжкiм стане. Яна вось-вось памрэ.

А той сумна паўтараў:

– Але ж мне трэба пшанiцу жаць. I так ужо перастаяла. Дый пагода сама раз. Што, мацi, няпраўду я кажу?

А старая i на парозе смерцi, трывала сцiснутая абцугамi нармандскай скупасцi, вачыма i тварам гаварыла: "Праўда, хутчэй сажнi пшанiцу i дай мне спакойна памерцi адной".

Але доктар зазлаваўся i тупнуў нагою:

– Гэй вы, нягоднiк, я не дазволю вам гэта рабiць, чуеце? А калi вам так прыспiчыла з пшанiцай якраз сёння, схадзiце да Рапэ, лiха вам! Схадзiце, чулi? А не сходзiце - здохнеце, як сабака, калi вы, вы самi захварэеце, зразумелi?

Даўгалыгi, цельпукаваты мужык пакутаваў ад сваёй нерашучасцi, ад доктаравых пагроз i спрадвечнай прагi да грошай; муляўся, штосьцi падлiчваў i нарэшце прамармытаў:

– Гэта, а колькi тая Рапэ возьме за працу?

Доктар зароў:

– Адкуль я ведаю?! Усё залежыць ад часу! Самi дамоўцеся, халера! Але каб праз гадзiну яна была тут, уцямiлi?

Мужык рашыўся:

– Iду, iду, не злуйцеся, доктарка.

Той пасунуўся з хаты, кiнуўшы на хаду:

– Ну то глядзiце, вы мяне ведаеце, са мной лепш не жартаваць, калi я злы.

Застаўшыся адзiн, селянiн павярнуўся да мацi i цвёрда сказаў:

– Я iду да Рапэ, бо так хоча гэты чалавек. Глядзi не памры, пакуль я не вярнуся.

I таксама выйшаў.

Старая прасавальнiца Рапэ абмывала нябожчыкаў i рабiла апошнi дагляд хворых у сваёй i ў суседнiх вёсках. Зашыўшы клiента ў зрэб'е, якое таму больш не суджана было зняць, яна зноў вярталася прасаваць бялiзну жывым. З тварам, як леташнi яблык, звадная i зласлiвая, сквапная, што лiхвяр, зламаная напалам ад бясконцага нагiнання над цяжкiм прасам, яна, здавалася, адчувала да чалавечай агонii нейкую нялюдскую цынiчную любоў. Яна толькi i гаварыла, што пра мёртвых, пра розныя смерцi, якiх яна багата пабачыла, прычым гаварыла заўсёды з аднолькавымi дакладнымi падрабязнасцямi; i тады рабiлася вельмi падобная на паляўнiчага, якi хвалiцца здабычай.

Калi Анарэ Бантан зайшоў да яе, яна якраз дамешвала сiнькi да жаночых каўнерыкаў.

Ён павiтаўся:

– Вечар добры. Як маешся, цётка Рапэ?

Яна зiрнула на яго:

– Нiшто, нiшто сабе. А вы?

– О, са мной усё добра, але мацi зусiм кепска.

– Мацi?

– Але ж, мацi.

– А што з ёй?

– Ды вось, сабралася памiраць.

Старая выняла рукi з вады, i празрыстыя блакiтныя кроплi скацiлiся з кончыкаў пальцаў у ночвы.

З нечаканай пяшчотай у голасе яна азвалася:

– Ёй гэтак дрэнна?

– Доктар кажа, не дацягне да ранiцы.

– Ну, тады напэўна памрэ.

Анарэ вагаўся. Ён шукаў словы, з якiх можна было б пачаць сваю прапанову. Але, так нiчога i не прыдумаўшы, раптам сказаў:

– Колькi возьмеце з мяне за апошнi дагляд? Ведаеце, я не багатыр. У мяне нават няма грошай на адну парабчанку. Таму мацi так спрацавалася i змарнела за ўсё жыццё, што канае цяпер. Яна рабiла за дзесяцёх, не зважаючы на свае дзевяноста два. Такiх, як яна, цяпер не знойдзеш!

Рапэ сур'ёзна адказала:

– У мяне два рахункi: сорак су за дзень i тры франкi за ноч з багатых. Дваццаць су за дзень i сорак франкаў за ноч з астатнiх. Дасце дваццаць i сорак.

Мужык разважаў. Ён надта добра ведаў мацi - моцная i ўчэпiстая, яна магла пратрываць яшчэ з тыдзень, што б там нi думаў той доктар.

Ён рашуча сказаў:

– Не. Назавiце лепш адну цану, адну да канца. Я ўзважыў усё. Доктар кажа, яна пойдзе хутка. Калi так - вам лепш, мне горш. Але калi яна дажыве да заўтрага цi болей - мне лепш, вам горш.

Старая здзiўлена глядзела на мужчыну. Яна нiколi не брала за нябожчыкаў агулам i не ведала, што рабiць, баючыся пратрацiцца. I западозрыла, што яе хочуць ашукаць.

– Нiчога я не скажу, пакуль не ўбачу вашу мацi, - сказала яна.

– Дык хадземце.

Яна выцерла рукi i адразу пайшла за iм.

Па дарозе маўчалi. Яна перабiрала нагамi, а ён ступаў так шырока, быццам кожнага разу сягаў праз ручай.

Ачмурэлыя ад спёкi каровы, што ляжалi ў полi, цяжка падымалi галовы i цiха рыкалi людзям - як бы прасiлi свежай травы.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: