Шрифт:
– Не, - сказаў я, паглядзеўшы на сябе крытычна, - я не стаў прыгажэйшы.
Але Джанатан лiчыў, што ўсё-такi ёсць вялiкая рознiца.
– Цяпер ты выглядаеш здаровым.
Пакуль мы ляжалi на мосце i глядзелi ў ваду, я адчуваў сябе сапраўды здаровым, што здаровая кожная клетачка майго цела, дык навошта мне быць прыгожым? Маё цела было такiм шчаслiвым, што ўсё ўва мне смяялася.
Мы яшчэ крыху паляжалi на мосце, сонца сагрэла i абсушыла нас. Джанатан сказаў, што нам пара iсцi. Шчыра кажучы, мне таксама не цярпелася паглядзець дом, дзе мне належала жыць.
Джанатан iшоў паперадзе, я - за iм на сваiх роўных нагах. Я iшоў i дзiвiўся, адчуваў, як гэта здорава iсцi на здаровых нагах. Калi мы паднялiся на строму, я павярнуў галаву i нарэшце ўбачыў Вiшнёвую Далiну. О, яна была ўся белая ад вiшнёвай квеценi, дакладней, белая i зялёная, бо цвет вiшнi - белы, а трава - зялёная. I праз усё гэта царства белага i зялёнага, быццам срэбная стужачка, цякла рэчка. Як жа я адразу ўсяго гэтага не заўважыў? Вiдаць, акрамя Джанатана, я не мог нiчога бачыць, але цяпер я стаяў i глядзеў, як усё перада мной прыгожа. Я сказаў Джанатану:
– Пэўна, гэта самая прыгожая на зямлi далiна!
– Твая праўда, - адказаў ён, - але не на зямлi.
I тут я ўспомнiў, што мы ў Наджыяле.
Вакол Вiшнёвай Далiны стаялi горы, яны таксама былi прыгожыя. Па iх схiлах цяклi ручаi i вадаспады: у Наджыяле была вясна.
Было штосьцi незвычайнае ў паветры. Я яго адчуваў такiм, што хацелася яго пiць. "Вось каб i дома было крыху такога паветра", - падумаў я, згадваючы, як я задыхаўся на сваёй канапцы на кухнi. А тут я дыхаў i не мог надыхацца. Джанатан пасмяяўся з мяне: "Пакiнь крышку i для мяне".
Дарожка, па якой мы iшлi, была белая ад пялёсткаў вiшнёвай квеценi, што асыпалася з дрэў, апускалася нам на валасы, i гэта мне вельмi падабалася.
У канцы дарожкi была Сядзiба Рыцараў з зялёнай шыльдачкай на браме.
– "Браты Львiнае Сэрца", - прачытаў я ўслых Джанатану. Я проста яшчэ раз падумаў пра тое, дзе мы будзем жыць.
– Добра, Сухарык. Цi ж тут не цудоўна?
Стары белы i невялiкi дом, з зялёным плотам i зялёнымi дзвярамi, ды i наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то тут можна было ўбачыць маргарыткi. Побач, усыпаныя кветкамi, стаялi бэз i вiшнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялiкая шэрая сцяна з ружовымi кветкамi на ёй. Вы маглi б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзiбе вы адчуваеце, што знаходзiцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны. Фактычна там былi два будынкi, дакладней, не зусiм адзiн, хаця другi быў хутчэй за ўсё стайняй цi нечым падобным. Яны стаялi пад вуглом адзiн да аднаго; у тым месцы, дзе будынкi сыходзiлiся, стаяла лаўка, якая, здаецца, прыйшла сюды з каменнага веку. I тым не менш, гэта была добрая лаўка. Так i хацелася прысесцi на яе, пасядзець, падумаць, паглядзець на птушак або папiць соку.
– Мне тут падабаецца, - сказаў я Джанатану, - тут гэтак жа добра, як дома.
– Заходзь i паглядзi, - запрасiў Джанатан. Ён ужо стаяў каля дзвярэй i збiраўся зайсцi, калi пачулася цiхае ржанне, так-так, сапраўднае конскае ржанне. Тады Джанатан прапанаваў: - Але давай спачатку агледзiм стайню.
Ён зайшоў у той, другi будынак, i я пабег за iм. Гэта сапраўды была стайня, сапраўдная стайня, якой я яе ўяўляў, i дзе стаяла пара прыгожых гнедых коней; яны павярнулi да нас галовы i заржалi, як толькi мы ўвайшлi.
– Вось гэта Грым i Ф'ялар, - сказаў Джанатан.
– Здагадайся, якi з iх твой.
– Ды ну цябе, - сказаў я.
– Не спрабуй пераконваць мяне, што адзiн з гэтых коней мой. Я проста не веру ў гэта.
Але Джанатан адказаў, што ў Наджыяле нiхто не абыходзiцца без каня.
– Ты проста нiкуды не зможаш дабрацца без каня. Разумееш, Сухарык, мне часам даводзiцца выпраўляцца ў няблiзкi шлях.
Гэта была, вiдаць, адна з самых прыемных рэчаў, якую я калi-небудзь чуў: у Наджыяле я павiнен мець каня, а я так люблю коней! Уявiце сабе, якiя ў iх мяккiя пысы. Не думаю, каб штосьцi ў свеце было такое ж мяккае, як пыса ў каня.
Гэтая пара коней была вельмi прыгожая. У Ф'ялара на лбе - белая зорачка, што i адрознiвала яго ад другога.
– Ну, значыць, Грым, вiдаць, мой, - сказаў я пасля таго, як Джанатан папрасiў мяне адгадаць, якi з коней належаў мне.
– Не, ты не ўгадаў, - сказаў Джанатан.
– Твой конь - Ф'ялар.
Я дазволiў, каб Ф'ялар пяшчотна дакрануўся да мяне, i ў гэты момант я зусiм яго не баяўся. Я палюбiў яго адразу, i мне здаецца, што я яму таксама спадабаўся.
– У нас ёсць i трусы, - паведамiў Джанатан.
– Яны ў клетцы за стайняй. Ты паспееш паглядзець на iх пазней.
Цi можна было i думаць пра гэта!
– Я павiнен бачыць iх зараз жа, - усклiкнуў я, бо заўсёды хацеў гадаваць трусоў, але ў сябе дома ў горадзе гэта было немагчыма.
Я хутка абышоў стайню i там, у клетцы, убачыў трусiкаў, якiя частавалiся свежым лiсцем.
– Якiя смешныя, - сказаў я потым Джанатану.
– Тут у Наджыяле ў мяне ёсць усё, што я хацеў мець некалi.
– Вось бачыш, тут усё так, як я табе расказваў.
На самай справе, усё было так, як ён мне расказваў, калi мы сядзелi разам на маiм ложку дома на кухнi. Цяпер я ўжо зусiм пераканаўся, што ўсё менавiта так, усё праўда, i ад гэтага мне рабiлася яшчэ больш прыемна.