Шрифт:
Хілон аднак жа, асмелены ягонай радасцю, падняў зноў гутарку і пачаў даваць рады. На ягоную думку, справы не трэба яшчэ лічыць выйгранай і датрымваць як найбольшую асцярожнасць, без якое ўсе намаганні могуць спракудзіцца. Заклінаў таксама Вініція, каб не адбіраў Лігіі ў Острыянуме. Мусяцімуць туды йсці ў каптурох, з заслоненымі тварамі ды абмежавацца да самае толькі асцярожнае абсэрвацыі з якога-небудзь цёмнага кутка. А як прыкмецяць Лігію, найбеспячней будзе пайсці за ёю назіркам, зацеміць, у які ўваходзіць дом, а назаўтра досвіткам абставіць яго вялікаю сілаю нявольнікаў і забраць яе сярод белага дня. Бо яна ж закладнічка і фактычна належыцца цэзару, дык можна гэта зрабіць без парушэння права. А калі б яе не знайшлі ў Острыянуме, пойдуць за Урсусам, і вынік будзе той самы. На магільнік у вялікай талацэ людзей ісці нельга, бо лёгка звярнулі б на сябе ўвагу, а тады хрысціяне патушаць усе светачы так, як было пры першым адбіранні яе, і разбягуцца ды пахаваюцца ў сховішчах, ім толькі ведамых. Дый трэба ўзброіцца, ці лепш — узяць з сабою двух асілкаў пэўных, каб на ўсялякі выпадак мець абарону.
Вініць прызнаў яму пэўную праўду і, прыгадаўшы адначасна рады Пятронія, выдаў нявольнікам загад, каб прывялі яму Кратона. Хілон, пачуўшы прозвішча слаўнага атлеты Кратона, сілу якога бачыў не раз на сцэне, супакоіўся і згадзіўся ісці да Острыянума. Здабыццё капшука, напоўненага залатымі аўрэўсамі, выдавалася яму лягчэйшым пры помачы Кратона.
Рассеўся з пагоднаю думкаю пры стале, да якога паклікаў яго, крыху пачакаўшы, загадчык атрыюма, і падчас яды мантачыў нявольнікам, як дастаўляў іхняму гаспадару цудоўную масць, якою даволі памазаць капыты найздахлейшым коням перагонак, каб усіх іншых выперадзіць. Навучыў яго рабіць гэту масць адзін хрысціянін, бо старшыны хрысціянскія шмат болей знаюць на чарах і цудах, чым нат тэсалійцы, слаўныя чараўнікі. Хрысціяне маюць да яго вялікі давер, а чаму яго маюць, кажны лёгка дадумаецца, хто ведае, што абазначае рыба. Так прастарэкуючы, старанна вывучаў вочы нявольнікаў, спадзеючыся знайсці між імі хрысціян і далажыць аб гэтым Вініцію. Калі ж свайго не дапяў, пачаў пражорліва есці й піць, не шкадуючы кухару хвальбы ды абяцанак, што адкупіць яго ў Вініція. Весялосць ягоную муціла толькі думка, што ноччу трэ будзе йсці да Острыянума, але пацяшаўся гадкаю, што пойдзе поцемку пераапрануты ды ў таварыстве двух не абы-якіх чалавек, з якіх адзін ёсць бажышчам сілы ў цэлым Рыме, а другі патрыцыем і высокім вайсковым урадаўцам.
«Хоць бы Вініція й адкрылі, — казаў сабе, — дык не асмеляцца налажыць на яго рукі, а мяне — хай будуць мудрымі ўбачыць кончык майго носа».
Пасля пачаў прыгадваць сабе гутарку з работнікам, і разважанні гэныя напоўнілі яго новаю льгою. Не меў найменшага сумніву, што той жарнамол быў адыстар Урсус. Чуў ад Вініція ды ад тых, што адводзілі Лігію з цэзаравага палацу, аб незвычайнай сіле таго чалавека. І ў Эўрыцыя выпытваў пра людзей выняткава моцных, дык нічога дзіўнага, што паказалі яму Урсуса. Апрача таго ўстрывожанасць і абурэнне вялігура на ўспамін аб Вініцію і Лігіі не дазваляе сумнявацца, што асобы гэныя цікавяць яго асабліва; жарнамол згадваў таксама аб пакуце за забойства чалавека, а Урсус забіў Атацына; урэшце рысапіс рабачая згаджаўся з апісаннем Вініція. Адно толькі змененае імя магло будзіць сумніў, але Хілону было ўжо ведама, што хрысціяне змяняюць на хросце імёны.
— Калі Урсус заб’е Глаўка, — думаў сабе Хілон, — дык будзе яшчэ лепей, а калі й не заб’е, дык таксама будзе добры знак, бо акажацца, як цяжка адважваюцца хрысціяне на забойства. Я ж распісаў таго Глаўка як юдашына здрадніка ўсіх хрысціян; быў я так вымоўны, што камень бы ўзрушыўся й абяцаў бы спасці на голаў Глаўка, а паміма гэтага ледзь схіліў таго лігійскага мядзведзя да налажэння на яго лапы… Надумоўваўся, не хацеў, згадваў пра свой жаль і пакуту. Відаць, ім гэта не ўходзіць… Сваю крыўду трэба дараваць, за чужую не надта можна памставаць, еrgo, падумай, Хілонка, што ж табе можа пагражаць?
Глаўку не можна над табою мсціцца… Урсус, калі не заб’е Глаўка за так вялікую віну, як здрада ўсіх хрысціян, дык тым больш не заб’е цябе за так малую, як здрада аднаго хрысціяніна. Ну, хай толькі пакажу таму яраму грывачу гняздо гэнае туркалкі, тады рукі ўмываю ад усяго і пераношуся назад у Неапаль.
Хрысціяне таксама гавораць пра нейкае ўмыванне рук, відаць, гэта ў іх спосаб, якім канчаюцца з імі справы. Нейкія добрыя людзі тыя хрысціяне, а так дрэнна пра іх гавораць! О богі! Гэткая ўжо справядлівасць на свеце. Люблю, сапраўды, гэтую навуку за тое, што не дазваляе рабіць забойства. Але калі не дазваляе забіваць, дык не дазваляе хіба й красці, і ашукваць, і лжыва сведчыць, дык не скажу, каб надта была выгаднаю. Яна, відаць, вучыць не толькі сумленна паміраць, але й сумленна жыць. Як калісь разбагацею ды меціму такі дом, як гэты, і столькі нявольнікаў, дык, можа, стануся хрысціянінам на так доўга, як гэта будзе мне зручна. Багаты бо можа сабе на ўсё дазволіць, нат на цноту… Так, гэтая рэлігія толькі для багатых, і дзеля таго не цямлю, якім спосабам ёсць між імі столькі ўбогіх, што ім з таго за карысць, чаму дазваляюць цноце звязваць сабе рукі? Мушу калісь над гэтым падумаць. Тым часам хвала табе, Гермес, што дапамог знайсці гэнага барсука… Але калі ты гэта спрычыніў, спадзяючыся дзвёх ялавіц белых, аднагодак, з пазалочанымі рагамі, дык не пазнаю цябе. Устыдзься, Аргабойца! Такі мудры бог, і каб загадзя не прадбачыць, што атрымаеш шыш! Ахвярую табе маю ўдзячнасць, а калі жадаеш лепш пару быдлят, тады сам ты трэцяе быдла і павінен быць пастухом, а не богам. Ой, сцеражыся, каб не ўфілязафаваў я людзям, што цябе нямашака, тады бо ўсе табе перастануць несці ахвяры. З філязофамі трэба ласкаю.
Так прастарэкуючы з сабою ды з Гермесам, выцягнуўся на лаве, палажыў сабе адзежыну пад голаў і, як нявольнікі скончылі збіраць са стала, заснуў. Прачнуўся, а хутчэй збудзілі яго, як прыйшоў Кратон. Выйшаў у атрыюм і з уцехаю прыглядаўся магутнай постаці экс-гладыятара, які сваёй велізарнасцю ледзь не ўвесь атрыюм запаўняў. Кратон ужо дамовіўся аб цане і гутарыў з Вініціем.
— Бадай цябе Геркулес! Добра, спадару, што сяння па мяне прыслалі, бо ўзаўтра еду ў Бэнэвэнт на загад Ватынія, там у прысутнасці цэзара барукацімуся з нейкім Сыфаксам, найдужэйшым афрыканскім неграм. Ці ўяўляеш сабе, вашэць, як ягоныя косці трашчацімуць у маіх руках, расквашу кулаком яму і чорную сківіцу.
— На Палукса! — адказвае Вініць. — Не сумняваюся, што даканаеш гэтага, Кратоне.
— І добра зробіш, — дадаў Хілон. — Але!.. І губу яму расквась! Гэта ўдалая думка й дастойная цябе справа. Гатовы я пайсці ў заклад, што гэта зробіш. Памаж толькі тым часам цела аліваю, мой Геркулесе, ды падперажыся, бо трэба ведаць, што з існым Какусам прыйдзецца мець справу: чалавек, што пільнуе дзяўчыну, пра якую дастойнаму Вініцію расходзіцца, мае быццам неймаверную сілу.
Хілон такімі словамі пампаваў амбіцыю Кратона, але Вініць перасцерагаў: — Так ёсць, не бачыў я яго, але чуў, што, быка схапіўшы за рогі, можа вадзіць куды хоча.
— Ай-ай-ай! — дзівіўся Хілон, які не ўяўляў сабе аж такое сілы ў Урсуса.
Кратон лёгка ўхмыльнуўся.
— Падручаюся, дастойны спадару, — запэўніваў, — гэтаю вось рукою абараніцца ад сямі такіх лігаў і прынесці табе дзяўчыну ў дом, хоць бы ўсе хрысціяне мяне даганялі, моў калабрыйскія ваўкі. Калі не дакажу гэтага, абдзеліш мяне дзягаю ў гэтым імплювіюме.
— Не давай яму рабіць гэтага, спадару! — спахапіўся Хілон. — Пачнуць па нас шпурляць каменнямі, а тады хіба дапаможа ягоная сіла? Ці ж не лепш забраць дзяўчыну з дому і не выстаўляць ані яе, ані сябе на згубу?