Вход/Регистрация
Вампір у Сасэксе
вернуться

Дойль Артур Конан

Шрифт:

Холмс узяў учарашні ліст і перачытаў яго.

— Хто яшчэ жыве ў вашым доме, містэр Фэргюсан?

— Два лёкаі — яны ў нас нядаўна. Адзін стайнік, Майкл, ён спіць у доме. Мая жонка, я, мой сын Джэк, немаўля, Далорэс і місіс Мэйсан — вось і ўсё.

— Падазраю, што вы не надта добра ведалі жонку да вяселля.

— Мы былі знаёмыя некалькі тыдняў.

— А ці доўга ў яе працуе пакаёўка Далорэс?

— Некалькі гадоў.

— Значыць, Далорэс ведае характар вашай жонкі лепш, чым вы?

— Мяркую, што так.

Холмс нешта сабе пазначыў.

— Мне падаецца — сказаў ён, — што ў Лэмберлі ад мяне будзе больш карысці, чым тут. Гэта выпадак напраўду патрабуе прысутнасці следчага. Калі лэдзі застанецца ў сваім пакоі, мы яе не патрывожым і не зробім клопату. Спынімся мы, безумоўна, у гасцёўні.

Фэргюсан з палёгкай уздыхнуў.

— На гэта я і спадзяваўся, містэр Холмс. У дзве гадзіны з вакзала Вікторыя адыходзіць добры цягнік, калі вам будзе зручна.

— Без сумневу. Цяпер я не заняты і магу цалкам аддацца вашай справе. Ўотсан, безумоўна, паедзе з намі. Але перад ад’ездам мне трэба дакладна разабрацца з адным ці двума пытаннямі. Няшчасная лэдзі, як я зразумеў, накідвалася на абодвух дзяцей — на ўласнае немаўля і на вашага сына?

— Так.

— Але гэта былі розныя напады, праўда? Вашага сына яна біла.

— Адзін раз палкай і адзін — рукамі, вельмі жорстка.

— І не патлумачыла, чаму б’е?

— Не, казала толькі, што ненавідзіць яго. Некалькі разоў казала.

— Ну, з мачахамі такое здараецца. Так бы мовіць, рэўнасць заднім днём. Яна ўвогуле раўнівая?

— Але, вельмі раўнівая, раўнівая з усёй палкасцю шалёнага трапічнага кахання.

— А што хлопчык? Яму, як я разумею, пятнаццаць, і ён, відаць, мае добра развіты розум, хаця фізічныя яго здольнасці абмежаваныя? Ён ніяк не патлумачыў гэтыя напады?

— Не, ён сцвярджаў, што ніякіх падставаў не было.

— Раней яны сябравалі?

— Не, паміж імі ніколі не было любові.

— Але вы казалі, што ён пяшчотны?

— У свеце няма больш адданага сына. Маё жыццё — гэта яго жыццё. Ён захапляецца ўсім, што я раблю ці кажу.

Холмс зноў нешта пазначыў. Пэўны час ён сядзеў, заглыбіўшыся ў думкі.

— Відавочна, да другога шлюбу вы з сынам былі добрымі сябрамі. Вы былі вельмі блізкія, праўда?

— Так, вельмі.

— І хлопчык, маючы такую адданую натуру, быў, без сумневаў, верны памяці сваёй маці?

— Надзвычай верны.

— Ён, несумненна, вельмі цікавы хлопец. І яшчэ адно пытанне. Гэтыя дзіўныя замахі на немаўля і напады на вашага сына адбываліся ў адзін і той жа перыяд?

— У першым выпадку так. Здавалася, яе ахапіла нейкае шаленства, і яна зрывала гнеў на абодвух. У другім выпадку пацярпеў толькі Джэк. Пра немаўля місіс Мэйсан нічога не казала.

— Гэта крыху ўскладняе справу.

— Я не зусім разумею вас, містэр Холмс.

— Магчыма. Хтосьці прыдумляе папярэднія гіпотэзы і чакае, пакуль час ці больш поўныя веды іх не абвергнуць. Кепская звычка, містэр Фэргюсан, але чалавечая натура слабая. Баюся, наш стары сябар перабольшыў мае навуковыя метады. Аднак на дадзеным этапе я магу сказаць толькі тое, што праблема вашая невырашальнай мне не здаецца, а таму ў дзве гадзіны можаце чакаць нас на вакзале Вікторыя.

Быў панылы і туманны лістападаўскі вечар, калі мы, пакінуўшы багаж у гатэлі “Шахматная дошка” ў Лэмберлі, доўга ехалі звілістай гліністай дарогай Сасэкса і ўрэшце дабраліся да адасобленага старога дома, дзе жыў Фэргюсан. Гэта быў вялікі бязладны будынак са старой цэнтральнай часткай і навюткімі крыламі з высокімі цюдараўскімі комінамі і стромкім абымшэлым дахам, пакрытым хоршэмскім аполкам. Прыступкі пакрывіліся, а на старадаўняй плітцы, што разліноўвала ганак, мы заўважылі подпіс першага будаўніка — выяву сыра і чалавека. Унутры столь мацавалася цяжкімі дубовымі бэлькамі, няроўная падлога пакрывілася глыбокімі ямінамі. Пах даўніны і заняпаду пранізваў усю гэтую старую разваліну.

Фэргюсан правёў нас у вялізны цэнтральны пакой. Там у аграмадным старамодным каміне, прыкрытым жалезным экранам, датаваным 1670 годам, палымнеў і патрэскваў над бярвеннем зыркі агонь.

Я агледзеўся. У пакоі панавала незвычайная мешаніна розных эпохаў і мясцінаў. Напалову абшытыя панэлямі сцены першапачаткова належалі, відаць, ферме ёмэнаў сямнаццатага стагоддзя. Ніжнюю частку сценаў упрыгожваў шэраг добра падабраных сучасных акварэляў, а вышэй, там, дзе замест дубу пачыналася жоўтая тынкоўка, вісела цудоўная калекцыя паўднёваамерыканскага начыння і зброі, прывезеная, без сумневаў, перуанскай лэдзі наверсе. З уласцівай нецярпліваму і востраму розуму імклівай цікаўнасцю Холмс падняўся і з пэўнай асцярогай агледзеў зброю. Пасля з задуменнымі вачыма вярнуўся на месца.

— Ну канечне! — усклікнуў ён.

У кошыку ў куце ляжаў спаніэль. Ён цяжка паплёўся насустрач гаспадару. Яго заднія лапы блыталіся, а хвост цягнуўся па зямлі. Сабака лізнуў Фэргюсану руку.

— Што здарылася, містэр Холмс?

— Сабака. Што з ім?

— Вось і ветэрынар не разумее. Штосьці накшталт паралюшу. Спінальны менінгіт, як ён мяркуе. Але мы ўжо папраўляемся і хутка будзем у парадку — праўда, Карла?

На знак згоды апушчаны хвост задрыжаў. Сумныя вочы сабакі глядзелі то на аднаго з нас, то на другога. Спініэль разумеў, што гаворка пра яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: