Уэллс Герберт
Шрифт:
Пасля колькіх марных спробаў запаліць яе ён зразумеў, што гэта бяспечная запалка. Ён адкінуў яе, і тут яму падумалася, што можна проста загадаць ёй загарэцца. Ён так і зрабіў і ўбачыў, як яна гарыць пасярод абруса на туалетным століку. Ён хуценька яе падхапіў, і яна пагасла. Усведамленне сваіх магчымасцяў узмацнілася, і ён вярнуў свечку на падсвечнік.
– А цяпер ты гары! – сказаў м-р Фатэрынгей, і свечка зараз жа загарэлася, а ён убачыў маленькую чорную дзірачку ў стальніцы, ад якой ішоў клубок дыму. Ён некалькі разоў перавёў позірк з дзірачкі на агеньчык і назад, а пасля ўзняў вочы і сустрэў уласны позірк у люстэрку. Праз яго ён нейкі час моўчкі абменьваўся думкамі з самім сабой.
– Ну, што ты цяпер думаеш пра цуды? – урэшце спытаў м-р Фатэрынгей у свайго адбітку.
Наступныя разважанні м-ра Фатэрынгея былі нескладанымі, але бязладнымі. Пакуль што ён разумеў толькі тое, што для яго ўсё заключалася ў чыстым жаданні. Прырода ўжо перажытых падзеяў адбіла ахвоту эксперыментаваць далей, прынамсі пакуль ён усё не пераасэнсуе. Але ён паспрабаваў узняць аркуш і зрабіў ваду ў шклянцы спачатку ружовай, а пасля зялёнай, тады стварыў смаўжа, якога цудадзейным жа чынам і знішчыў, і начараваў сабе новую зубную шчотку. Ужо глыбокай ноччу ён дайшоў да ўсведамлення таго, што сіла яго волі мусіць быць вельмі рэдкай і адметнай, пра што ён, канечне, здагадваўся і раней, але не быў у тым канчаткова ўпэўнены. Страх і збянтэжанасць ад першапачатковага адкрыцця цяпер змяніліся гонарам ад пацверджання сваёй выключнасці і няпэўнае адчуванне ўдачы. Ён пачуў, як царкоўны гадзіннік б’е гадзіну, і паколькі не здагадаўся, што і ад будзённых абавязкаў у Гомшатаў можна пазбавіцца чароўным чынам, то працягнуў раздзявацца, каб хутчэй пайсці спаць. Калі ён з цяжкасцю сцягваў кашулю цераз галаву, яму прыйшла бліскучая ідэя.
– Хачу быць у ложку, – сказаў ён і апынуўся там. – Раздзетым, – дадаў ён умову, а заўважыўшы, што прасціна халодная, хутка дадаў: – І ў начной кашулі – ха! – у прыемнай мяккай ваўнянай начной кашулі. Ах! – сказаў ён ад вялікай асалоды. – А зараз хачу соладка паснуць…
Ён прачнуўся ў свой звычайны час і быў у задуменні ўвесь сьняданак, разважаючы, ці не было перажытае ўначы нейкім надзіва маляўнічым сном. Нарэшце яго думкі зноў схіліліся да асцярожных эксперыментаў. Напрыклад, на сняданак ён меў тры яйкі: два ад гаспадыні дому, добрыя, але крамныя, і адно – вельмі смачнае свежае гусінае яйка, знесенае, прыгатаванае і пададзенае на стол ягонай звышнатуральнай воляй. Ён паспяшаўся да Гомшатаў у стане моцнага, але старанна хаванага ўзрушэння і ўспомніў пра шкарлупіну ад трэцяга яйка, толькі калі гаспадыня загаварыла пра яе ўвечары. Увесь дзень ён не мог працаваць ад свайго новага самаўспрымання, але гэта не прынесла яму клопатаў, таму што ён чароўным чынам нагнаў усё за апошнія дзесяць хвілін.
На працягу дня яго душэўны стан змяняўся ад здзіўлення да радасці, хоць абставіны выгнання яго з “Вялікага Дракону” дагэтуль было непрыемна ўспамінаць, а заблытаныя падрабязнасці тых падзеяў, дайшоўшы да калегаў, сталі тэмай шэрагу жартаў. Было відавочна, што тут трэба быць асцярожным, як з крохкімі рэчамі, але ў іншым разе яго дар абяцаў тым больш, чым далей ён яго абдумваў. Сярод іншага, ён намерваўся за кошт сціплых цудаў павялічыць свой дастатак. Ён стварыў пару выдатных дыяментавых запінак і спехам зьнішчыў іх, калі малады Гомшат прайшоў праз бухгалтэрыю да свайго стала. Ён баяўся, што Гомшат зацікавіцца, адкуль яны ў яго. Ён вельмі ясна разумеў, што практыкаванні з дарам парабуюць абачлівасці і пільнасці, але наколькі ён мог дагэтуль меркаваць, цяжкасці, якія маглі ўзнікнуць, былі не большымі, чым калі ён вучыўся ездзіць на ровары. Гэтая аналогія, бадай, як і пачуццё таго, што ў “Вялікім Драконе” яму радыя не будуць, прывяла яго пасля вячэры ў завулкі за газавым заводам, каб у адзіноце адрэпетаваць пару цудаў.
Магчыма, у яго намаганнях было пэўнае жаданне зарыгінальнічаць, бо па-за сілай волі м-р Фатэрынгей не меў нічога выключнага. Яму на памяць прыйшоў цуд з посахам Майсея, але ноч была цёмная і непрыдатная для таго, каб належным чынам управіцца з вялікімі чароўнымі змеямі. Тады ён узгадаў гісторыю з “Тангёйзэра”, якую прачытаў на адвароце філарманічнай праграмкі. Гэта здалося яму надзвычай прывабным і бясшкодным. Ён утыркнуў свой кіёк – вельмі элегантны пуна-пэнангскі лоер * – у траву з краю сцежкі і загадаў сухой драўніне зацвісці. Паветра неадкладна запоўнілася водарам ружаў, і ў святле запалкі ён сам убачыў, што прыгожы цуд сапраўды адбыўся. Яго радасць парушылі нечыя крокі. Спужаўшыся заўчаснага выкрыцця сваіх здольнасцяў, ён хутка звярнуўся да квітучага кійка: “Вяртайся назад”. Ён меў на ўвазе: “Ператварайся назад”, – але, вядома, наблытаў. Кіёк адскочыў з ладнай хуткасцю, і зараз жа пачуўся гнеўны крык і лаянка чалавека, які падыходзіў.
* Від кійка для хадзьбы са сцябла паўднёваазіяцкай пальмы.
– Ты ў каго хмызам шпульнуў, дурань? – крычаў голас. – У галёнку мне патрапіў.
– Даруй, зямляк, – сказаў м-р Фатэрынгей і, раптам зразумеўшы няўдала выбраны тон свайго адказу, палахліва ўзяўся за вусы. Ён убачыў, як набліжаецца Ўінч, адзін з трох канстэбляў Імерынгу.
– Чаго гэта ты?.. – спытаў паліцыянт. – Здарова! Гэта ж ты, так? Мужык, каторы зламаў лямпу ў “Вялікім Драконе”!
– А што я? – адказаў м-р Фатэрынгей. – Я нічога.
– Дык нашто тады ты так робіш?
– От, халера! – сказаў м-р Фатэрынгей.
– Дык і халера! Ты ведаеш, што гэта балюча? Дык нашто ты гэта робіш, га?
У гэтую хвіліну м-р Фатэрынгей не мог думаць пра тое, нашто ён гэта зрабіў. Яго маўчанне, падобна, раззлавала м-ра Ўінча.
– Дык ты напаў на паліцыю, хлапец. Вось што ты зрабіў.
– Паслухайце, містэр Ўінч, – сказаў м-р Фатэрынгей, раззлаваны і разгублены, – мне шкада, вельмі. Рэч у тым, што…
– Ну?
Да галавы не прыходзіла нічога, апрача праўды.
– Я рэпетаваў цуд, – ён спрабаваў казаць бесклапотна, але нічога не выходзіла.
– Рэпетаваў… што? Так, не вярзі лухты. Рэпетаваў цуд, ды няўжо! Гэта проста смешна! Ну, а як жа, дзяцюк, які не верыць у цуды… Ясна, гэта твой чарговы фокус – вось што. А зараз слухай сюды…
Але м-р Фатэрынгей так і не пачуў, што м-р Ўінч меўся сказаць яму. Ён зразумеў, што прагаварыўся, даў языку волю. Раптоўны выбух гневу прымусіў яго дзейнічаць. Ён рэзка і злосна павярнуўся да паліцыянта.
– Так, – сказаў ён, – хопіць ужо, даволі! Зараз я пакажу табе адзін фокус! Ідзі ты ў пекла! Зараз жа!