Вход/Регистрация
Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця жанчыны
вернуться

Цвайг Штэфан

Шрифт:

* Панове, прашу вас (англ.).

Але гэта дапамагала толькі на хвіліну. Адзін мужчына, чырвоны як рак, ужо разы тры ўскокваў з-за стала, і яго жонцы толькі з вялікім намаганнем удавалася супакоіць яго; карацей, яшчэ некалькі хвілін - і наша дыскусія скончылася б бойкаю, калі б місіс К. раптам не праліла алею на бурныя хвалі нашай спрэчкі.

Місіс К., паважаная, пажылая ангелька, з беласнежнымі валасамі, па маўклівай дамоўленасці была ганаровы старшыня нашага стала. Яна трымалася вельмі прама, была аднолькава ветлівая з усімі, гаварыла мала, але з прыемнаю ўвагаю прыслухоўвалася да ўсяго, што гаварылася навокал - ужо адно яе аблічча ўздзейнічала на ўсіх дабратворна: ад яе павявала спакоем і арыстакратычнаю стрыманасцю. Яна ні з кім блізка не сыходзілася і ў той жа час выказвала кожнаму знакі ўвагі; пераважна яна сядзела з кнігаю ў садзе, часам іграла на раялі і толькі зрэдку далучалася да кампаніі або ўдзельнічала ў жывой гутарцы. Яе прысутнасць амаль не заўважалася, і, аднак, мы ўсе міжволі падпарадкоўваліся ёй. І цяпер, як толькі яна загаварыла, нам стала вельмі сорамна, што мы так шумна і нястрымана паводзім сябе.

Місіс К. скарыстала паўзу, якая настала пасля таго, як немец рэзка ўскочыў і тут жа, пасля жончыных угавораў пакорліва сеў на сваё месца. Яна раптам падняла свае ясныя шэрыя вочы, неяк нерашуча паглядзела на мяне і потым дзелавіта і выразна па-свойму ўдакладніла тэму нашай спрэчкі:

– Значыцца, калі я правільна зразумела вас, вы лічыце, што мадам Анрыэт... што жанчыну можна ўцягнуць у нечаканую авантуру, што яна можа рабіць учынкі, якія за гадзіну да гэтага ёй самой здаліся б немагчымымі і за якія яе нельга вінаваціць?

– Я ў гэтым перакананы, васпані.

– У такім разе вы адмаўляеце ўсякі крытэрый маралі, і любое парушэнне маралі можна будзе апраўдаць. Калі вы сапраўды лічыце, што crime passionnel*, як кажуць французы, не злачынства, то выходзіць, што дзяржаўнае правасуддзе наогул лішняе. Тады без вялікіх намаганняў - а вы з душою абараняеце сваю справу, - дадала яна з усмешкаю, - можна знайсці пачуццё ў кожным злачынстве і апраўдаць яго гэтым пачуццём.

* Злачынства, выкліканае пачуццём (фр.).

Яна гаварыла спакойна, амаль весела, і гэта так спадабалася мне, што я міжволі пераняў яе дзелавіты тон і адказаў паўжартам-напаўсур'ёзна:

– Дзяржаўнае правасуддзе вырашае такія пытанні, бясспрэчна, стражэй, чым я: яго доўг - ахоўваць грамадскую мараль і добрапрыстойнасць, і гэта вымушае яго асуджаць, замест таго каб апраўдваць. Я ж, як прыватная асоба, не лічу патрэбным браць на сябе ролю пракурора: я аддаю перавагу прафесіі абаронцы. Мне асабіста больш прыемна разумець людзей, чым судзіць іх.

Ясныя шэрыя вочы місіс К. з хвіліну не адрываліся ад мяне; яна марудзіла з адказам. Я падумаў, што яна не ўсё зразумела, і ўжо сабраўся паўтарыць ёй свае словы па-ангельску, але яна зноў стала задаваць пытанні з дзіўнаю сур'ёзнасцю, быццам экзаменавала мяне.

– Няўжо, па-вашаму, не ганебна, не агідна, калі жанчына пакідае мужа і двух дзяцей, каб пайсці ўслед за першым стрэчным, не ведаючы нават, ці варты ён яе кахання? Няўжо вы сапраўды можаце апраўдаць такія легкадумныя і бесклапотныя паводзіны ўжо не вельмі маладой жанчыны, якой хоць бы дзеля дзяцей належала паводзіць сябе з большаю годнасцю?

– Паўтараю, васпані, - адказаў я, - што я адмаўляюся тут судзіць або асуджаць. Вам я магу шчыра прызнацца, што я крыху перабольшыныў - бедная мадам Анрыэт, канечне, не гераіня, нават не шукальніца прыгод, і менш за ўсё смелая, палкая натура. Наколькі я яе ведаю, яна ўсяго толькі пасрэдная слабая жанчына, да якой я адчуваю пэўную павагу за тое, што яна знайшла ў сабе мужнасць аддацца свайму жаданню, але яшчэ болей я адчуваю да яе жаль, бо не сёння-заўтра яна будзе вельмі няшчасная. Тое, што яна зрабіла, было, можа, неразумна і, бясспрэчна, неабдумана, але ні ў якім разе нельга назваць яе ўчынак нізкім і подлым. Вось чаму я настойваю на тым, што ніхто не мае права пагарджаць гэтай беднай няшчаснай жанчынай.

– А вы самі? Вы ўсё гэтак жа паважаеце яе? Вы не робіце адрознення паміж прыстойнай жанчынай, з якою вы гаварылі пазаўчора, і тою, другою, якая ўчора ўцякла з першым стрэчным?

– Аніякага. Так, аніякага, абсалютна аніякага.

– Is that so?* - міжволі вырвалася ў яе па-ангельску; відаць, размова надзвычайна яе цікавіла.

* Ці так гэта? (англ.).

Пасля кароткага роздуму яна зноў запытальна паглядзела на мяне сваімі яснымі вачамі.

– А калі б заўтра вы сустрэлі мадам Анрыэт, скажам, у Ніцы, пад руку з гэтым маладым чалавекам, прывіталіся б вы з ёю?

– Канечне.

– І загаварылі б з ёю?

– Канечне.

– А калі... калі б вы былі жанатыя, вы пазнаёмілі б такую жанчыну са сваёю жонкаю, як быццам нічога і не адбылося?

– Канечне.

– Would you really?* - зноў спыталася яна па-ангельску, і ў яе голасе прагучаў недавер і здзіўленне.

* Сапраўды? (англ.).

– Surely I would*, - адказаў я ёй таксама па-ангельску.

* Канечне, так (англ.).

Місіс К. маўчала. Здавалася, яна напружана думала. Раптам, і як бы здзіўленая сваёй смеласцю, яна сказала, зірнуўшы на мяне:

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: