Цвайг Штэфан
Шрифт:
– Не звяртайце на яго ўвагі!
– крыкнула мне жанчына па-французску і моцна рванула мяне за локаць, быццам хацела павярнуць да сябе.
– У мяне з ім асабісты рахунак, з даўніх часоў, не з сённяшняга дня.
– І зноў крыкнула яму, выскаліўшы зубы, быццам хацела ўкусіць.
– Можаш падслухоўваць, стары скупянда! Хочаш ведаць, пра што я тут гавару? Я сказала, што хутчэй у мора кінуся, чым да цябе пайду.
Зноў засмяяліся гаспадыня і другая дзяўчына, усмешка была нейкая бязглуздая. Відаць, гэта была звычайная забава, штодзённы жарт. Але мне зрабілася не па сабе, калі я ўбачыў, як другая дзяўчына раптам пасунулася да яго і з удаванаю ласкавасцю стала прыставаць з заляцаннямі, ад якіх ён спалохана ўздрыгваў, не асмельваючыся адхіліць іх; страх авалодваў мною кожны раз, калі яго блукаючы позірк уніжана-збянтэжана і ўгодліва спыняўся на мне. І жах выклікала ў мяне жанчына, якая сядзела побач са мною; яна раптам прачнулася ад спячкі і іскрылася такою злосцю, што ў яе дрыжалі рукі. Я кінуў грошы на стол і хацеў пайсці, але яна не ўзяла іх.
– Калі ён перашкаджае табе, я праганю яго, сабаку. Ён павінен слухацца. Выпі яшчэ куфаль са мною. Ідзі сюды.
Яна прыціснулася да мяне ў нейкім раптоўным парыве пяшчотнасці, але я адразу зразумеў, што ён штучны, толькі каб памучыць другога. Яна ўвесь час касавурылася на яго, і мне агідна было бачыць, як ён уздрыгваў пры кожным яе руху, нібы ад дотыку гарачага жалеза да яго скуры. Не звяртаючы на яе ўвагі, я сачыў толькі за ім і са страхам заўважаў, як у ім цяпер расло нешта накшталт лютасці, гневу, жадання і зайздрасці і як ён адразу ўвесь курчыўся, варта было ёй павярнуць да яго галаву. Яна ўсё мацней прыціскалася да мяне, я адчуваў, як яна дрыжыць, цешыцца з бязлітаснай гульні, і мне зрабілася не па сабе ад яе нафарбаванага твару, ад якога несла таннаю пудраю, ад паху яе друзлага цела. Каб не даць ёй наблізіцца да майго твару, я дастаў цыгару, і не паспеў я пашукаць вачамі на стале запалкі, як яна ўладарна крыкнула яму:
– Дай закурыць!
Я спалохаўся яшчэ болей, чым ён, ад такога гнюснага патрабавання ягоных паслуг і хуценька паспяшаўся знайсці сабе запалку сам; але, падагнаны яе словамі, як бізуном, ён ужо падышоў да мяне крывою хісткаю хадою і хуценька, быццам баяўся апячыся, дакрануўся да стала і паклаў на яго запальнічку. На нейкі момант позіркі нашы скрыжаваліся: бясконцы сорам прачытаў я ў яго вачах і шалёную лютасць. І гэты прыгнечаны позірк знайшоў ува мне мужчыну, брата. Я адчуў, да якога ўніжэння давяла яго жанчына, і засаромеўся разам з ім.
– Вельмі вам удзячны, - сказаў я па-нямецку (яна страпянулася), - не варта было турбавацца.
– І я падаў яму руку. Доўгае ваганне, потым я адчуў вільготныя кашчавыя пальцы і раптам - сутаргавы ўдзячны поціск. На хвіліну яго вочы бліснулі, сустрэўшы мой позірк, потым зноў схаваліся пад апушчанымі павекамі. На злосць жанчыне я хацеў папрасіць яго сесці з намі, і, мусіць, мая рука ўжо паднялася для запрашальнага жэсту, бо яна паспешна прыкрыкнула на яго:
– Садзіся на сваё месца і не перашкаджай нам!
Тут мне раптам стала агідна ад яе з'едлівага голасу і ад усяго гэтага нязноснага катавання. Навошта мне здаўся гэты пракурадымлены прытон, гэтая брыдкая прастытутка, гэты прыдуркаваты мужчына, гэты чад ад піва, дыму і танных духоў? Мяне пацягнула на свежае паветра. Я падсунуў ёй грошы, устаў і энергічна вызваліўся з яе абдымкаў, калі яна паспрабавала ўтрымаць мяне. Мне было брыдка ўдзельнічаць у гэтым уніжэнні чалавека, і мой рашучы адпор ясна ёй паказаў, як мала мяне спакушаюць яе ласкі. Тады яна ўскіпела ад злосці і ўжо сабралася штосьці сказаць, але ўтрымалася ад моцных слоў і раптам у парыве непрытворнай нянавісці павярнулася да яго. Ён жа, адчуваючы нядобрае, паспешліва і быццам падганяны яе пагрозлівым выглядам, выхапіў з кішэні дрыготкімі пальцамі кашалёк. Ён, відаць, баяўся цяпер застацца з ёю сам-насам і, спяшаючыся, не мог разблытаць вузел кашалька, - гэта быў вязаны кашалёк, вышыты бісерам, якія носяць сяляне і простыя людзі. Лёгка было бачыць, што ён не прывык хутка выдаткоўваць грошы, не тое што матросы, якія дастаюць іх прыгаршчамі з кішэні і шпурляюць на стол; ён, відаць, прывык ашчадна абыходзіцца з грошамі і, перш чым расстацца з манетаю, любіў патрымаць яе ў руцэ.
– Як ён дрыжыць за свае дарагія пфенігі! Што ж гэтак марудна? Пачакай!
– здзекавалася яна і зрабіла крок да яго. Ён спалохана адхіснуўся, а яна, заўважыўшы яго страх, сказала, паціснуўшы плячамі і з невыказнаю агідаю ў позірку: - Я ў цябе нічога не вазьму, пляваць мне на твае грошы. Ведаю, усе яны ў цябе палічаны, твае добрыя маленькія пфенігі, ніводнага лішняга ты не аддасі. Але толькі, - яна раптам паляпала яго па грудзях, - глядзі, каб хто не ўкраў у цябе паперкі, якія ты тут зашыў.
І папраўдзе, як хворы на сэрца раптам сутаргава хапаецца за грудзі, гэтак і ён прыціснуў бледную і дрыготкую руку да пэўнага месца на пінжаку, міжвольна абмацваючы пальцамі патаемнае гняздзечка, і, супакоены, апусціў яе.
– Жмінда!
– выплюнула яна.
Але тут твар пакутніка густа пачырванеў, ён раптам шпурнуў кашалёк другой дзяўчыне, - тая спачатку ўскрыкнула спалохана, а потым зарагатала, - і кінуўся міма яе да дзвярэй, быццам ратаваўся ад пажару.
Жанчына з хвіліну стаяла ахопленая злым шалам. Потым зноў вяла апусціліся павекі, стомлена ссутуліліся плечы. Старою і стомленаю зрабілася яна ў адзін момант. Нейкая разгубленасць і няўпэўненасць адбіліся ў яе позірку, які цяпер спыніўся на мне. Нібы п'яная, якая з цьмяным адчуваннем сораму прачнулася ад дурману, стаяла яна перада мною.
– На вуліцы ён будзе хныкаць, плакаць па сваіх грошах, можа, нават пабяжыць у паліцыю, заявіць, што мы яго абрабавалі. А заўтра зноў з'явіцца. Але ягонай я ніколі болей не буду. Любога буду, толькі не ягонай.
Яна падышла да стойкі, кінула на яе некалькі манетак і залпам выпіла чарку гарэлкі. Злы агеньчык зноў загарэўся ў яе вачах, але цьмяна, быццам праз слёзы лютасці і сораму. Агіда да яе перасіліла ўва мне жаль.
– Да пабачэння!
– сказаў я і пайшоў.
Адказала гаспадыня. Жанчына не азірнулася і толькі засмяялася хрыпла і насмешліва.