Шрифт:
Старац. Як пойдзеш, сынку мой, у свет, то даве-даешся. Днём сонейка сцежку пакажа, а ночкай — Шлях Млечны на небе. А ісці будзе лёганька-лёганька, бо вецер будзе цябе падганяць. I так будзеш шукаць ды шукаць таго месца, аж пакуль не знойдзеш вечнага спачывання.
Данілка. А як хмарна будзе ды з дарогі саб'ем-ся,— хто тады пакажа?
Старац. Добрыя людзі, мой сынку, добрыя людзі. А ісці вам трэба адгэтуль.
Данілка. Ды я ўжо мамцы казаў аб гэтым самым, але ўсё ўпіраецца яшчэ.
Старац. Нічога, пані гаспадыня, тут не выседзіш. Скінь пыху з сэрца ды йдзі адгэтуль. Не спадзейся на помач сына — ён ужо далека ад цябе з сваімі думкамі і няскора к табе з імі вернецца. Сцежкі вашы разышліся і сойдуцца толькі тады, як ён, пабываўшы на тым зборышчы, якога цяпер шукае, вернецца к табе славай акрыты. А цяпер не чакай на яго І думай сама аб сабе. Бачыш — якая гэтая асенняя ночка страшная, а ты тут адна з сваімі малымі і гэтым няшчасным музыкам, што ігрой сваей да слез толькі даводзіць... Час, птушка-маці, знімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых сваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты не мела ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські! Скінь пыху з сэрца, набярыся адвагі, забірай гэтых з сабой і ідзі, ідзі, куды ногі панясуць, куды вочы твае глядзець будуць!
Марыля. Ды я ўжо з самае вясны торбачкі для ўсіх шыла і шмат, шмат іх пашыла! Але Сымон, Зоська!.. Як жа мне пайсці без іх?
Старац. Не бойся, пані гаспадыня! Яны, калі не знойдуць таго, чаго шукаюць, каб у тваю хату шчасце прынясці, то вернуцца к табе тым самым шляхам, якім ты ад іх адыдзеш. Такі ўжо парадак на свеце паміж намі, людзьмі.
Данілка. Ну, і добры ж тэты парадак: прыкладам, я пайду шукаць грыбоў у лес, а вярнуся адтуль толькі з галінай асінавай.
Старац(цягнучы далей). Твой сын цяпер, можа, нават шукае таго, чаго i не згубіў, але мусіць шукаць і павінен. Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа i што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае! Ганьба таму! Нам, старым, іншая рэч: мы не жывём, а толькі дажываем. Маладыя ж мусяць нечага шукаць, нечага дабівацца.
Марыля. Дзедачка! Незразумелыя рэчы для майго жаноцкага розуму ты кажаш. Але ўсё ж такі, як бачу, нездарма я торбачкі шыла, ох, нездарма!
Старац. I сын твой калісь гэтага не разумеў, а можа, i цяпер не разумее. Але прыйшла пара, выбіла такая шчасная ці няшчасная гадзіна, і прабудзілася ў яго думка вялікая, важная, што так далей быць не можа, як ёсць, што яго штосьці пацягнула к нечаму няведамаму, але светламу i радаснаму, ну, i перавярнуўся увесь стары лад у яго беднай галаве. Твае песні і казкі, што пяяла i гаварыла яму калісь над калыскай, шмат у гэтым памаглі. Дык не пярэч жа i далей свайму сыну ісці той дарожкай, якую ён сам сабе абабраў і ідзе цяпер.
Данілка. Ды мамка яму нічога не пярэчыць, але ён сам сабе пярэчыць i нам не дае ніякага ходу, каб як з гэтае пусткі на свет божы выбрацца.
З'ява ІІІ
Тыя ж i Зоська.
Зоська ўваходзіць, штось сумнае напяваючы; у зрэбнай спадніцы і кашулі — без каптана, грудзі расхрыстаны, валасы распушчаны i спадаюць па плячах, на галаве з пасохшага лісця вяночак.
Старац(адступаючы ў старану з мімавольнага перапугу). Хто гэта такі?
Марыля. Ці ж не пазналі? — Зоська наша!
Старац. Божа! Божа! Што з яе асталося?
Данілка. Толькі цень ды вянок з лісця!
Зоська(разглядаючыся). Хто тут? Чаго вы назбі-раліся? Разлучыць мяне хочаце з ім? Га? Ха-ха-ха! Не на такую напалі. (Да Старца.) А ты, сівы, чаго сюды прыйшоў? Можа, весці добрыя прыносіш ад майго тэты або ад майго міленькага? Не бойся — кажы! Я ўсё ведаю!.. Даўней нічога не ведала, а цяпер, ах, як ведаю!.. Тата мой у палацы засеў і пануе там: шмат слуг яму служыць і скарбаў усялякіх шмат мае. Пасаг мне вялікі дасць, ох, які вялікі! — сто, тысячу, мільён. А толькі нашто ты, татачка, майго міленькага выгнаў з палаца, што аж за морам апынуўся? Пакінуў мяне мой ненаглядны, праз благіх людзей адрокся свае русалачкі з васільковымі вачамі. Ха-ха-ха! Але я сама к яму пайду. Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму, як месяц па небе плыве! (Садзіцца і капаецца ў вогнішчы.)
Старац. Страшныя рэчы творацца ў вас, пані гаспадыня!
Марыля. Ад маладзіковае суботы ўжо яна такая! Трэці тыдзень праходзіць.
Зоська(устав i ходзщь па сцэне). А вы вон адгэ-туль усе, вон! А-а! Ведаю! — На вяселле мае сабраліся! Не хачу я вас, груганоў чорных,— у мяне іншыя госці будуць. (Да Старца.) Праўда, стары,— іншыя. Маўчыш! Ну, як сабе хочаш! А я скажу, хто ў мяне будзе: зоркі з неба залатыя збягуцца, месячык срыбны прыплыве, воблачкі светлыя сыдуцца, і будуць яны усе гуляць на маім вяселлі так весела, так скочна! А вецер іграць мае вяселле будзе, зычна іграць будзе, як ён у лесе часам умее, як ён у азяродах часам іграе! (Да Данілкі.) Пакажы мне зараз, маладзенькі музыка, як вецер іграе!