Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
VІІІ
Зачынілі атвор. Заклалі цаглінамі. І пайшлі капальняю ўшасцярых, Неафіты сонечнай, новай краіны На чале з настаўнікам белым, старым. Над зямлёю, напэўна, снаваўся ранак, А яны ішлі і тапталі глей, Шэсць адрынутых светам, шэсць зацкаваных, Шэсць няскораных душ у адвечнай імгле. І, напэўна, па ўсёй краіне суровай, Ў катакомбах, на выспах сярод балот, Як у гэтых таемных, падземных сховах, І чакаў, і верыў у сонца народ. У Максіма кроў на шырокай далоні, У Чаховіча грудзі, як жарам пячэ, У Юрася на калошы падцёк чырвоны Распаўзаецца ўсё хутчэй і хутчэй. І Чаховіч сказаў: - Два дурныя калекі Ратаваць пайшлі здаровых людзей. Але што ты зробіш, шкада чалавека? Ён, напэўна, хутка зусім упадзе. Пасадзі ты яго, Максіме, на спіну (На маю, вядома, не на сваю). Ты глядзі за хлопцам і за дзяўчынай, Я пайду хутчэй - іначай каюк. І, вядома, крэйдаю сценкі адмечу, Каб не збіцца вам з дарогі прамой. Ну, пайшлі. Трымайся, хлопча, за плечы. Праз вярсту да святла дабяромся з табой. Ён ішоў з Юрасём, цяжкім і абмяклым, Адчуваў, як сэрца калоціць у бок. Добра хоць, што зямля сухая, заклятая Пад нагамі была, як выбіты ток. Але вось і канец. Атвор у кар'еры. Бузіна над ім зялёным шатром. І ад шчасця такога, што нельга паверыць, Заскакаў бы, здаецца, вясёлым бычком. Мір табе, залатое, як мёд, паветра, Мір званочкам, што ў цёплай траве звіняць, Лёгкім хмаркам, падбелу, нячутнаму ветру, І рамонкам, што ціха пра шчасце сняць, І калматаму сонцу, і рыбам слаўным, І насельніцтву кожнай калоды старой - Ўсёй радзіме, што кaтам без жалю скрываўлена І ўсё ж застаецца маёй зямлёй, Залатой, адвечнай, лепшай, адзінай У сяйве сціплай красы, што нельга згасіць. Ён глядзеў на сонца аж дзве хвіліны, Расцягнуўшыся ля створа без сіл. А пасля паклаў Юрася ля атвора І, раздзёршы кашулю сваю на бінты, Зноў пайшоў у вільготную цемру чорную, У якой блукалі недзе браты. Ён сустрэў Максіма хвілін праз дзесяць. Вязні ледзьве ішлі. Ён абодвух цягнуў. І адзін на руцэ ўсім целам павесіўся, А другі асядлаў Максіму спіну. І Чаховіч, мокры, брудны і страшны, Прасіпеў праз збалелыя вусны свае: – Што, хлапчына, мала пад'еў ты кашы? А дзяўчына дзе? Ты кінуў яе? Максім (ледзьве дыхаючы) А дзяўчына ідзе за мною адразу... У яе... ліхтар... І мацней яна... Ці далёка яшчэ да гэтага лаза? Чаховіч Ты дзяўчыну пакінуў? Яна адна? Максім Катавалі хлопцаў... Яна папрасіла... І яна сказала, што сілы ёсць... Чаховіч У дзяўчыны заўсёды дзявочыя сілы І дзявочая, тонкая, слабая косць, І калі яна дапамогі не просіць, - Гэта гонару знак, зразумей хоць не сам. Як вас толькі зямля няшчасная носіць?! Не дзіўлюся, што ворагі ўсыпалі вам! Дай мне цэлую свечку. Ідзі на выхад. Я пайду за ёю... Бяжы, бяжы... І калі з ёй дрэнна, няхай хоць крыху, Ты ў мяне зарачэшся навекі жыць. Зноў Чаховіч адзін. Зноўку кроплі капаюць. Ён сядае. Млявасць паўзе па нагах. Нехта сэрца сціскае мяккаю лапай, Нарастае самота, боль і туга. Але нельга, нельга, трэба узняцца, Трэба крочыць, высока трымаць галаву: "Пачакай мяне, Ганна, пачакай мяне, маці. Я пакуль што яшчэ на зямлі пажыву". Ён ішоў, напэўна, з палову гадзіны. Цішыня. Толькі недзе капеж пяе, І нарэшце пабачыў постаць дзяўчыны, І агарак згаслы ля ног яе. Дзяўчына (вінавата) Вы прабачце. Мне дрэнна чамусьці стала. Мне сціскалі ногі. Мне цяжка ісці. Я пайшла была, а потым упала... І бывае ж глупства такое ў жыцці! Чаховіч Я прыйшоў бы сюды і з дна акіяна, Я прыпоўз бы сюды і з сотняю ран, Бо сягоння мне ваш Юрась каханы Даказаў станоўча, што я - балван. Але я вам хваста накручу мая мілая: Тых, хто падае на дарозе без ног Ды яшчэ памочніка гоніць сілай, Тых грунтоўна пазбавіў розуму бог. Пакажыце мне ногі. (Прамацвае пальцамі) На месцы суставы... Жылы тут расцягнуў нейкі подлы гнюс. Сінякоў затое - божа мой правы!– Падбярэш на кожны асвечаны густ. Бацькам быў бы, даў бы вам добрага чосу... Дзяўчына А нашто так злосна бурчыце вы? Вы ж цудоўны, добры, зусім не злосны. Вы такі... як дзядуля, добры, сівы. Чаховіч (сумеўшыся) Не запісвай заўчасна мяне ў старыя, Я яшчэ ў Юрася цябе адаб'ю. Ну, давай на рукі. Трымайся за шыю. Не зважай, дачушка, на старасць маю. Крок за крокам цягнуцца пераходы. Цемра. Змрок. Не лепей скляпенняў турмы. Але тут ёсць свабода, сонца свабоды, Што ніхто на свеце не любіць, як мы, Бо ніхто не плаціў за яе так многа, Бо ніхто так мала яе не меў, Бо дзяўчатам нашым прыгожыя ногі Не для пытак далі ў фашысцкай турме. Вось сядзіць на руках. Цудоўныя вочы. А маленькі, слабы такі камячок. Як яна сказала яму надоечы? "Вы цудоўны, добры". Бач ты, дзяўчо! Ён яе пасадзіў на зямлю з асцярогай, Як дзіцёнка хворага, спакваля. Каб у гэтыя слабыя, збітыя ногі Не азвалася болем тугая зямля. І далонь яе Юрасю на чупрыну Непрыкметна і трапятліва лягла, І настала светлая шчасця хвіліна Ў тыднях здрады, подласці, чорнага зла. Ўсім было чамусьці і добра і сорамна. Адвярнуліся ўсе, глядзелі ў атвор. Толькі з цемры глядзеў на іх з нейкай горыччу Зноў самотны, як суткі таму, Рыгор. Ўсё прыпомніў: былыя звады і лады, А галоўнае - рукі жанчыны сваёй, Што калісьці чупрыну Рыгораву гладзілі, Калі ён прыпадаў да іх галавой. Але гэтае племя моцнае, светлае, Не такое зусім, як яны былі. За каханым такія ідуць на край свету, І ў нябёсы, і ў прорвы, і ў нетры зямлі. Калі вечар упаў на хмызы і разлогі, І лугі заліў малочны туман, І усе пачалі збірацца ў дарогу, Каб хутчэй патрапіць да партызан, Раптам сеў Юрась і сказаў дзяўчыне, Што была да атвора амаль падышла: – Ты Чыкоўскага пана падзякуй, Марына, Каб не ён, ты б мёртвай зараз была. І пасля на Рыгора глянуў з пяшчотай, І ў позірку гэтым пабачыў стары, Што падзяка падзякай, а самота самотай, Маладосць на гару, а старасць з гары. Зберагчы жыццё - невялікая штука, І за гэта ніхто не плаціць сабой. Шчасце ў іх, а ў яго - старэчыя мукі. Хай ідуць. Добры дзень. Ты вярнуўся, боль. І калі дзяўчына раптам прыпала Да яго калючай жоўтай шчакі, Ён маўчаў, і рука яго трапятала На дзявочых косах, доўгіх цяжкіх. Чаховіч Колькі год табе? Марына Васемнаццаць. Чаховіч Мала. Пажыві сто год. Весяліся. Кахай. Сустракай грудзьмі любую навалу І любі, любі гэты родны край. Ўспомні гэта слова ў гадзіну суровую. І бывай. Заззялі агеньчыкі зор. Як хоць прозвішча будзе тваё? Марына Чаховіч. Чаховіч А... па бацьку як? Марына Бацьку звалі Рыгор. І Марына зноў да старога прыпала. Ён маўчаў. Стала мокрай у цемры шчака. Не трымаў яе - толькі сэрца звяла. Не сказаў ёй - толькі дрыжала рука. Маці, пэўна, сказала. Яго баяцца. Ці сумленна будзе у дзень такі Плёнам подзвігу ўласнага скарыстацца І дабіцца няшчырай любві дачкі? – Ну, ідзі. (Падштурхнуў Марынку ў спіну) І глядзеў, глядзеў на яе здалёк, Покуль цень маленькай, танклявай дзяўчыны Разам з іншымі не паглынуўся ў змрок. Ля кар'ера, ў глыбокай гліністай яме, Ён сядзеў яшчэ з дзесятак хвілін, Бо фашысцкі салдат праходзіў ярамі І глядзеў на адвалы, сабачы сын. Не... салдат не заўважыў нічога, здаецца, Можна зноўку ісці ў непрытульны дом... Ноч ідзе. Халодныя зоркі свецяцца Над няродным, халодным, чужым гарадком. Ён дадому цягнуўся паволі-паволі, Быццам кожны міг душою чакаў, Што дагоніць, крыкне, абдыме да болю, Пацалуе ў вочы яго дачка. Ён ішоў на задворках, а потым садам І каменным бабам ціха сказаў: – Што, распусніцы, гору чужому рады? Вось як жыгну лазінай ваш тоўсты зад. І ўзняліся два цені з альтанкі зялёнай. Ён падаўся назад, але ляснуў затвор. І адзін з іх сказаў: - У імя закону! Вы пад арыштам, пан Чаховіч Рыгор. Ён адрэзаў: – Хутчэй у імя беззаконня. Што ж, нічога не зробіш, трубі адбой. І ў святле ліхтара два цені зялёныя Падышлі, аб камень падкоўкай звонячы, І Рыгора заціснулі між сабой.
ІХ
У пакоі вялізным святло змярцвелае. На стале паперы і плецены стэк. За сталом авантажны, матава-белы, З рудаватым чубам сядзіць чалавек. Ён глядзіць з пагардай пустымі вачыма, Праўнук пана, ўнук пана і пана сын. Вось такія калісьці сядалі ў Рыме Па патрэбе сваёй на вачах у рабынь. І такая прага з'явілася ў сэрцы Да святла, жыцця, барацьбы і людзей, Што Рыгор вырашае лепей памерці, Але выйсце шукаць, не губляць надзей. "Як ён мог памылку зрабіць такую?!! Адысці ад дачкі і змяняць яе На агонь і прэнг, на цэлю глухую, На чужынца, што ў вочы твае плюе. Не пабачыць яе і знікнуць навекі, Да Абрама пайсці на жорны малоць, Не пабачыць адзінага чалавека, У якім Рыгорава кроў і плоць". І Чаховіч зручней прымасціўся на крэсле, І сказаў, сабраўшы волю ў кулак: – Хай не думае пан, што мне вельмі весела Ў гэтым доме сядзець і маўчаць вось так. Афіцэр, ашаломлены гэтым нападам, Паглядзеў на Рыгора. А той яму: – Захапілі ў палон дзеля нейкай радасці Торбу костак старых і сцягнулі ў турму. Ўсё жыццё я пляваў на вашу палітыку, Бо вучэнні розныя - гэта хлусня. Я б асобу вашу, пагардай набітую, На адзін каменны молат змяняў. Афіцэр на Рыгора з цікавасцю глянуў. Сапраўды цікава: сядзіць чалавек І на мове нямецкай лае старанна Тых, хто зараз яго прывялі на здзек. Ці дурны ён, ці проста не вінаваты, Ці такі ўжо хітры, што нельга пазнаць? Афіцэр зацікавіўся гэтым надта І дазволіў Рыгору пакуль што крычаць. Той, забыўшыся, лаяўся па-беларуску: – Каб вас, дурняў, выкаціла да нагі, Каб вам дзеці труну змайстравалі вузкую, Калі ў вашага брата ў кішках мазгі. Зноў нямецкай мовай, адменнай і чыстай: – Я ненавіджу вузкую вашу мараль, Ўсіх нацыстаў, фашыстаў, сацыялістаў, Тупалобую, абмежаваную шваль. Артадоксы паршывыя, што скавалі Бруднай нормай бязмежную душу маю, Мой святы мікракосм, да дна ідэальны, У якім цень бога я пазнаю! Дайце мне па-шляхецкаму spokoj swiety, Я не хам, не мужык, што гарбее ў зямлі. Я належу да расы інтэлігентаў, У руках якой надзея зямлі. І Рыгор мудрагеліста ляпаў такое, Што нагадваў вар'ята самому сабе: – Часткі космасу ў вечным ляжаць неспакоі, У адвечнай, фатальнай, нямой барацьбе. Але я душою веру глыбока, Што Хаду калісьці узнікне з імглы, Што адвечнае зло ў сімвале Локі Будзе богам прывязана да скалы. Ён, нарэшце, ў такі лабірынт забіўся, Што, на крэсле седзячы, як на нажы, Рэспектабельны немец і сам здзівіўся, Калі раптам вылаяўся, як мужык. І спытаў Рыгора: - Пан уяўляе, Для чаго яго сюды прывялі? І Рыгор адказаў: – Добры ратай ўзнімае Папярэдне дзірван абложнай зямлі. Я мяркую, вам трэба народ выхоўваць, - Да душы людзей не даходзіць рука, - Вам патрэбны людзі жыцця духоўнага. Я для вас, вядома, такая каштоўнасць, Квінтэсенцыя лепшых сіл гарадка. Афіцэр А калі мы скажам, што вы злачынец І таму вас ноччу сюды прывялі. Чаховіч Я скажу, што нейкае глупства чыніцца, Што зусім адэкватныя вы і аслы. Я ў адзінае веру: ў мудрасць старую, І палітыкам мне немагчыма стаць. Я такога сцверджання вам не дарую. Вы філосаф. Вам трэба ў душах чытаць. У афіцэра аж вочы сталі вялікімі, Перад ім, безумоўна, стаяў ідыёт, Звар'яцелы на кнігах, дрэнны палітык, У жыцці дзіця з уяўленнямі дзікімі, І усмешка немцу скрывіла рот. І Рыгор, які скомкаў апошнія словы, Бо сядзець ад нянавісці лютай не мог, Зразумеў, што ў першай сутычцы суровай Ён пасунуў ворага і перамог. Немец цвёрда адрэзаў: - Хопіць на гэтым. Вам, паддопытны, трэба будзе чакаць, Бо з турмы сёння ўранцы ўцякла кабета І кабета гэтая - ваша дачка. Мы караем злачынцаў жорстка, сурова. Наш закон непакорных без літасці б'е. Чаховіч Уцякла, і дай ёй божа здароўя, Што, нарэшце, ведаю я пра яе! Я, папраўдзе, дачкі не бачыў ніколі. Нарадзілася пасля разводу дачка. А яна камуністка? Афіцэр Была ў камсамоле. Чаховіч Ў камсамоле мяне дарэмна шукаць. Я адказ не нясу за ўласнае племя, На яе ніколі нат не зірнуў. Хай пацягнуць самі сваё бярэмя Афіцэр Дзе вы сёння былі? Чаховіч Мне апрыкраў свінух, Гэты горад разбіты і разварочаны Да апошняга мура, апошняй сцяны. Я хадзіў на дзень у Святое Ўрочышча Паглядзець на даўнія курганы. Афіцэр Улічыце, на вас ляжыць падазрэнне. Вы тут лепшы знаўца будоўляў старых. Вязні зніклі бясследна з тых сутарэнняў, І пакуль адшукаць не ўдалося іх. Чаховіч З-пад замка можна знікнуць не толькі праз сцены. Цяжка мур разбіць, лёгка гонар прадаць. Людзі сталі на варце ля сутарэння. Ці няма там здраднікаў сярод салдат. Афіцэр націснуў званок рукою (Пульхна-белай, прыгожай была рука) І сказаў чалавеку з перадпакою: – Прывядзіце сюды Якуба Лучка. І пасля растлумачыў паважна Рыгору: – Чалавек, якога пабачыце вы, Намі ўзяты пасля трывогі ўчора, Калі штосьці цягнуў з разбітай царквы. У яго мы ўзялі пра адрас даведку, Калі ваша дачка з турмы ўцякла... Ён галоўны і вельмі сур'ёзны сведка. Прызнавайцеся: сувязь з падполлем была? Прызнавайцеся: будзе сонца над гаем, Кнігі, музыка, гоман дрэў і рака. Рыгор Што вы кажаце, пане, я проста не знаю. Афіцэр Вы маўчыце? Ну што ж, (салдатам) Давайце Лучка. І ў святле электрычным, белым і пыльным, У дзвярах пакою ўпэўнена стаў Чалавек пажылы ў гарнітуры цывільным З тварам пшута старога, з вусамі ката. Лучко Я кажу супраць гэтага чалавека. Бо капальні ведаюць ён ды бог. Толькі ён на пачатку гэтага века Прапаўзці пад зямлёй куды хочаш мог. А Чаховіч, што прыглядаўся да болю, Штось знаёмае бачыў у рысах тых. Выплывала яно павольна-павольна. Ён пазнаў. Ён ведаў: "Лабазнік? Ты? Дык табе яшчэ гэтага, шкура, мала, Што людзей праз цябе перастаў я любіць, Што жыццё маё праз цябе зламалася, Што жыццё маёй жонкі ты загубіў". . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Іх салдаты ў бакі штуршкамі цягнулі, Але ўпяўся ў Лучка Рыгор, як бульдог, Біў яго па твары, у вочы снулыя, А калі адцягнулі, - каленам між ног. Разам з ім вартавыя на крэсла ўпалі, Ён стагнаў праз зубы: "Псяюха! Падлец!" Сэрца зноўку глыбока кудысь апускалася. "Зараз канец... Зараз канец..." Але зноў галасы. Яно ажывае. Гэта дрэнна. Значыцца, зноў хітраваць. Што ж, нічога. Пакуль што душа жывая, А пасля хоць зусім не расці трава. Лучко Пан маёр, я прашу вас заўважыць гэта. Гэты пёс шалёны мне вусны рассек. Рыгор Мала даў табе я, бандзюк адпеты. Афіцэр Вы, Чаховіч, падступны, дурны чалавек. Рыгор Я зусім не палітык, скажу вам шчыра, Але я прызнаюся: я знаю хады. У дні юнацтва, у дні кахання і міру Вельмі-вельмі часта хадзіў я туды. Ён па злосці сваёй на мяне нагаворвае, Гэтай злосцю ён дваццаць гадоў жыве: За каханую жонку, за ўласнае гора Я калісьці даў яму поўху ў царкве. (Да Лучка) Што ж маўчыце вы, вашае словаблуддзе? Мо зусім не было тых брыдкіх сустрэч? Мо не вы тады пасля бабскага спуду Ад мяне на карачках пабеглі прэч? Я не мог стрымаць да дачкі агіды, Не любіў людзей, што жылі са мной, Бо калісьці гэтая тлустая гніда Пажадала на тыдзень жонкі чужой. Лучко Брэша ён. То не злосць. Я адданы ўладам. Рыгор У яго адданасць хвіліну жыве, І калі на вас зваліцца гора і звады, - Ён вас першы прыстукне па галаве. Я скажу вам цяпер праўду шчырую самую. І хлусіць, і круціць я не буду, до. Я сумленны, я чысты зусім перад вамі. Я ў царкву Гумёнаў не знаю хадоў. Але ёсць і ў мяне адна таямніца... Напярэдадні дня, як прыйшоў ім канец... Позняй ноччу... ў час, калі мне не спіцца, Сакратар гаркома прыйшоў да мяне. Я ніколі не меў з ім ніякай справы, Але ў сэрцы маім варушылася злосць, Бо капальні тады яму сталі цікавымі, Як падэшвы праз боты агнём прапякло. Але госця свайго не турнеш за дзверы, І размова кароткай у нас была. Ён прасіў накрэсліць план на паперы. Мне не шкода было. Я накрэсліў план. Я не знаю, якая была патрэба, Але ён пытаў, як прайсці туды, Ці раскошна там, ці вільготная глеба, Ці хапае ў падземных студнях вады. Я сказаў, што вады і паветра даволі, Што надзіва моцная столь угары, І прасіў ён мяне, каб нікому болей Я пра нашу размову не гаварыў. І скажу вам шчыра, да самага скону Я не кінуў нікому бы нават сказ, Каб не рэўнасць, не ярасць мая шалёная Да таго, хто трэцім сядзіць паміж нас. Афіцэр (суха) Вас, Чаховіч, за гэта ніхто не пахваліць... Рыгор (з'едліва) Вы мяркуеце, я не ведаю сам, Што заўжды паўстанцы ў капальнях хаваліся, Што яны, вядома, і зараз там? (жорстка) Я гандляр. Мой тавар пад зямлёй хаваецца. Вы іх возьмеце там, як у пастцы тхара. Гэта проста дрыжачыя, слабыя зайцы, У якіх толькі й ёсць, што жах і нара. І за ўсё гэта будзе адзіная плата, Не ў зямлі, не ў марках і не ў рублях: Я прашу, каб Якуба, поскудзь праклятую, Расстралялі вы на маіх вачах. Больш за ўсё жадаю гэта пабачыць: Пот халодны, жах ворага злога майго. Хай сціскаецца сэрца, няхай паплача, Як калісьці жонка мая ад яго. Зараз! Тут! Перад гэтым начным паходам! А іначай, гонару слова даю, Зайцы ў цёмных норах здабудуць свабоду, Вы - здабудзеце толькі душу маю. Афіцэр Мы прызнанне і не з такіх выціскалі. Кожны плача, калі да магілы крок. Рыгор Вы, здаецца, болем мяне пужалі? Чалавека, ў якога сэрца парок? Я нікога, нікога з вас не баюся. Не шкада, не шкада мне пакінуць свет. Толькі трошкі шкада маёй Беларусі, Дый яна як-небудзь без нас пражыве. Афіцэр Хто мне скажа, што ў гэтым няма падману? Рыгор Я адразу, як толькі здохне Лучко, Павяду туды, супраць тых "партызанаў", Трыццаць, сорак, сотню вашых штыкоў. Хай вядуць мяне хоць трое пад руляй, Хай наперадзе нехта таксама ідзе. За жыццё Лучка, за адзіную кулю Заплачу вам сумленна хоць сотняй людзей. І пакуль не загіне вораг мой кляты, Я ў капальні з вамі не пабягу. Афіцэр (рашуча) Добра, пойдзем на двор. Бярыце, салдаты. (Салдаты цягнуць Лучка з пакоя, той упіраецца нагамі.) Лучко Не хачу! Не магу! Не хачу! Не ма-гу-у... Х
Зноўку змрок. Ён чорны, як сажа кашлатая. Ён чакае людзей па кутах, як звер. Пад зямлёю ідзе два дзесяткі салдатаў І паперад усіх з ліхтаром афіцэр. А за ім, знерваваным, злосным і змораным, Натапыраныя, як два груганы, Два салдаты пад руляй вядуць Рыгора, Што нясе яшчэ ліхтар запасны. Практыкуюцца немцы ў бязглуздых жартах, Прадракаюць, што здрадніку ў пекле гарэць. Але ён не зважае, ён крочыць упарта, Ён іх хоча памучыць раней, чым памрэ. Ён зрабіў усё, што было патрэбна, Чалавек, што зганьбіў Ганну, памёр І ляжыць, накрыты торбаю зрэбнаю, На асфальце двара, тлустым тварам да зор. Ёсць тут ход бакавы і калодзеж адразу, Непрыкметны ў цемры, тры метры ўшыр, А пасля лабірынт пераходаў і лазаў. Там схавацца... там цемра, спакой і мір. Там спакойна і добра памерці нават, І ляжаць свабодным, як продак той. Паміж добрым жыццём і канцом крывавым Толькі яма ў тры метры якіх шырынёй. Ход з глыбокаю студняй яны прамінулі Стаў нямецкі салдат ля яго якраз. Падстаўляць галаву непатрэбна пад кулю. Зробім круг, у другі паспрабуем раз. Ён выходзіць зноў на старую дарогу. Зноў на спіну падаюць кроплі вады. Сярод немцаў патроху расце трывога: На дарозе нехта пабачыў сляды. Зноўку справа, як слуп, афіцэр збялелы. У Рыгора нервова каленкі дрыжаць. До чакаць. І тут пераможа смеласць. І Чаховіч кінуўся ўбок, як кажан. Афіцэра збіў проста ў цёмны калодзеж І адзіным, з апошняй сілы, скачком Скокнуў некуды ў цемру, насустрач свабодзе Нечакана моцным, пруткім рыўком. Пераскочыў калодзеж, упаў на калені. Рукі ўраз падламіліся, ўпаў на твар. Стрэлы. Стрэлы. Мільгаюць слабыя цені (Дагарае на дне афіцэрскі ліхтар). Ён ляжаў на мокрай глебе халоднай. Давялося ворагам безвач страляць. А з-пад ног яго па сцяне калодзежа З шапаценнем ціхім спадала зямля. Ён зусім не баяўся немагчымай пагоні. Час ліхтар запаліць. Запалкі грымяць. Што за рэзкі пах ідзе ад далоні? Ён панюхаў... Газа... Памылкі няма. Вось ад кулі дзірка ў рэзервуары, Невялічкая, быццам цвіком пракол. Кнот смярдзіць абрыдлівым пахам гары І згасае хутка. Цемра вакол. Трыццаць простых сярнічак. Вось дык прыгода! Гэта значыць, найбольш як дваццаць хвілін, А пасля вечны змрок, глыбокі, халодны. Выбірайся, блытай, памры адзін. Дзе я зараз? Шугнуў агеньчык гарачы. Ён - як частка жыцця. Не дрыжы, рука. Я павінен шаты лясныя пабачыць, Я павінен выйсце адсюль адшукаць. Ён ішоў і сценкі мацаў рукамі, Ён вісеў над студнямі, як на крыжы. Спадзяваўся толькі на добрую памяць, Плазаваў, як макрыца, жадаючы жыць. Ён запалку траціў на скрыжаванні, Выбіраў дарогу пры жоўтым святле, Ўспамінаў пра зямлю, цеплыню, світанне, Мацаў волкія сцены і поўз далей. Ход адзін быў проста на ўзвод пяхоты. Ён падумаў, што проста калена тут, І пасля, цыганскім абліўшыся потам, Поўз назад, дзве запалкі ўтаптаўшы ў бруд. І апошняй запалкі полымя сіняе Загасіла цемра ўзмахам крыла. Ён ля кожнага ходу сядзеў паўгадзіны, У мазгу аднаўляючы даўні план. Хоць бы тонкі, маленькі агарак свечкі. Ён гадзіну поўз усім д'яблам назло. І зрабіў ён цуд: у цемры адвечнай Ён прайшоў вярсту і пабачыў святло. Гэты ход выводзіў за горад, у поле. Ўвесь аблеплены брудам ад пятак да шчок, Ледзьве выпаўз Чаховіч з цёмнай расколіны І зваліўся на цёплы рачны пясок. Ранак. Светлыя далі. Сонца над водамі. Вербы ў дымнай расе. Жаўрукі пяюць. І свабода! Свабода! Такая свабода, Што рыданні ў горле дыхнуць не даюць. Беларусь! Зялёная, залатая! Край мой светлы, што выпіў мора пакут! Да апошняй бярозы благаслаўляю Светлы дзень, калі я нарадзіўся тут. І Рыгор ад бруду рабы, як жаба, Лёг знясілены над ракою ў хмызах. Спёка. Сны. Наплывае дзіўная слабасць. Часам дрыжыкі ў сне прабягуць па нагах. Сонца грэла яго травяністы ложак. На зямлі, што ён не аддаў на здзек, Пасля цяжкай пакуты спаў пераможац, Спаў стары змагар, мудрэц, чалавек. Дуб стары зацяняў яму твар суровы, І, паспешна выбегшы на адхон, Дрэвы цёплай Радзімы стаялі ў галовах, Неспакойны і моцны вартуючы сон. ХІ
Хвояў шум. Лясы спяваюць, спяваюць. Над зямлёй зялёны гудзе акіян. Над зямлянкай яліна рыпіць крывая, І ляціць супраць ветру хрыпаты груган. Партызанскія коні ў яры гігочуць, Ля кастра прыглушаныя галасы. Болей гукаў не чутна. І ліпеня ночы Ціха сяйва месяца льюць на лясы. Забыццё цягучае раптам мінае, Не пакінуўшы нават следу свайго. І Рыгор няўпэўнена прыпамінае, Як на беразе хтосьці торгаў яго, Як Максіма вочы яго разглядалі, Як адчуў ён холад вільготнай зямлі, Як яго на фурманку людзі клалі І кудысьці па сцежках лясных вязлі, Як па тоўстых карэннях скакалі колы І была галава цяжкой, як свінец, І вавёрка, агністая і вясёлая, Умывалася, седзячы на сасне. Насалода на сэрцы была такая, Быццам зноў ты, маленькі, ляціш на санях, І кажух бязмежны цябе ўкрывае, І далёка ляжыць бесклапотны шлях. І не трэба думаць пра ямы чорныя, І не трэба думаць, як вылезці з іх. Толькі што са мной? Я, напэўна, хворы. Гэта помсцяць ночы ў капальнях сырых, Сон на зябкай траве, што расою іскрыцца. Перагрузка сэрца. Халодны бруд... Ну, а дзе дачка? Дзе доктар са шпрыцам? Ён жа зараз, здаецца, стаяў вось тут. А старэнькі доктар, сівы і кашчавы, Юрасю і Марыне сказаў адным, Што з Рыгорам амаль безнадзейныя справы, Што няспынна трэба сачыць за ім. "Запаленне лёгкіх... Стан вельмі трывожыць. Надта слабае сэрца. Зусім не лячыў. Дарагая, яно і адмовіць можа, Можа, нават зараз, сёння ўначы". Зноў Рыгор праз нейкі дурман адчувае, Што кудысь знікае хваля пакут, Што над ложкам яго хтосьці ціха рыдае, Штосьці цёплае падае на шчаку. "Сустракаць нас будуць каменныя бабы, Нам смяяцца будуць бярозы ў гаю. Ўстань! Жыві! Адкінь сваю ціхую слабасць. Я вазьму на сябе ўсю хваробу тваю". Ён павекі з цяжкасцю адкрывае І усмешкай слабою моршчыць нос: - Што ты плачаш? Не трэба, мая дарагая. Я шчаслівы. Не трэба, не трэба слёз. - Ціха, татка, маўчы. - Не магу, каб ціха. Я павінен, павінен табе сказаць, Што няма на свеце горшага ліха, Як самотным жыць і самотным сканаць. Я спакойны, і мне няцяжка памерці, Бо ў жыцці такое вытрымаў я, Што жахлівей нават ганебнай смерці. Дай руку мне. Вось так. Дарагая мая. Зноўку сны. Курганы. Ные свежая рана. Ах, якія шчасныя, светлыя сны! Пад гарой руіны варожага стана, Лютым боем сталочаны бур'яны. Вораг блізка. Вецер смярдзючы ад гары. Вораг блізка і хоча яго забіць. Накіпаюць у небе чорныя хмары. Зварухнуцца нельга! Як хочацца жыць! І аднекуль людзі, светлыя, чыстыя... Сэрца радасцю поўніцца. Ён не адзін. Быццам стаў народ вакол гуманіста І яго засланіў мільёнамі спін. Чалавечнасць у пушчы пайшла старажытная, Бо не хоча рабства на новай зямлі. Чалавечнасць падпальвае спелае жыта, Каб яго забойцы ўзяць не змаглі. Чалавечнасць за ворагам пільна сочыць З-за рачных сітнягоў, з-за ляснога кража І глядзіць захопнікам проста ў вочы Кожным днём туманным, кожнаю ноччу Цёмнай дзіркай нацэленага ружжа: – Я не той, што раней. Зразумейце, людзі. – Як схапілі б стрэльбу рукі мае! – Але хто гэта сеў мне проста на грудзі? – Гэта смерць. Ну што ж, сустрэнем яе. Над зямлёй дуды равуць баявыя. Дудары рукой раздзімаюць мяхі. Не зламаць народу магутную шыю, Не паляжа народ у быллі сухім, На курганах вогнішчы волі палаюць, Падаюць сігналы далёкім барам. Скачуць коннікі. Люд на паўстанне склікаюць. Край, паўстань! Край, прачніся! Пара! Пара! Б'е салют над ім. Рэха будзіць нетры. І ад слёз цяжка дыхаць. Плыве імгла. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . І нясе на хвіліну мора паветра, Уваходзячы ў цела, стальная ігла. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Зноў Марына, Юрась. Зноў ветру парывы. За сцяною гонкія хвоі пяюць. – Дай руку мне, дачушка. Жыві шчаслівай. Абяцай, што не кінеш справу маю. Дай і ты, Юрась. Пацалуй яе ў губы... Дай руку мне. Мне светла, мне добра цяпер. Ты кахай, ты любі яе, сынку мой любы, Бо жанчыны варты кахання, павер. А пасля пасміхнуўся: - Бачыш, канаю. І з-пад цяжкіх павек заблішчэла сляза: – Ты, дачушка, не вельмі мяне праклінаеш? – Бацька, што ты! Як можна такое казаць! Вы абое былі такія самотныя, Вы загладзілі ўсё гадамі тугі. У даўняй спрэчцы з маці, любай, гаротнай, Я стаю на тваім баку, дарагі. Без цябе я даўно была б нежывая, Я іначай думаць зусім не магу. – Дзякуй, любая. Зноўку сны наплываюць, Зноўку страшныя здані з цемры бягуць. Устаюць чужынцаў тупыя абліччы. "Людзі, ўстаньце! Кнігі!.. Агонь гарыць! Гуманізм, ён павінен быць ваяўнічым. Мы павінны кнігі ад куль бараніць!.. Цяжка грэблі разбіць, засыпаць каналы І зрабіць бясплоднымі ўсе палі, А для кнігі хопіць пары запалак. Паўставайце са зброяю, дзеці зямлі! Над усім чалавецтвам хмары трывожныя. Хіба можа воінам грозным не быць Чалавек, у якога так лёгка можна Ўсё жыццё, усю працу зараз загубіць? Кнігі! Кнігі! Пыльныя, родныя, мілыя. Белы глянец паперы, што лашчыць далонь. Ці на тое раджалі вас і расцілі, Каб на плошчах пажэр вас прагны агонь?! Вось ён ліжа тамы... Гараць, як салома! Чорны попел... Згасае... Гэта канец". Зноў з'явілася раптам на міг прытомнасць: – Я хачу на святло. Нясіце мяне. Вось лясы. Вось сонца ўстае за лясамі. Вось люстэркі чыстых лясных азёр. І туман адпаўзае ў дрыгву клубамі, І жывіцаю пахне спрадвечны бор. Заліваюцца птушкі. Яшчэ нясмела, Бы не вераць у тое, што сонца зноў. Але сонца ўстае, ружовыя стрэлы Гоняць цемру з вільготных грыбных яроў. Ян Прыгожы у світцы ўстае залацістай, Ноч кладзе на калені пад гоман і свіст... На паляне, залітай світаннем празрыстым, Памірае апошні стары гуманіст. Сэрца стала вялікім, горла заткнула, Быццам хоча ўвабраць усё, чым жыло, Быццам палка, даверліва пацягнулася Да святла, што заўсёды знішчае зло. Ў вучняў моцныя рукі, сумленныя вочы. – Падыміце... Вышэй... Там сонца гарыць. Гэта ты, зямля, з усмешкай дзявочай? Я люблю цябе... Пацалуй... Бяры. Вось ідзе яна ў светлай, празрыстай белі, Вось за пальцы сухія пяшчотна ўзяла... І на сонца глыбокія вочы глядзелі, І зусім не міргалі, як у арла. З неймавернай, ружовай, ззяючай далі Далятаў разам з сонцам далёкі звон. Птушкі страсным харалам праз слёзы спявалі, І расой абліліся шыпшына і клён.