Вход/Регистрация
Белае полымя
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Мацi у мяне няма, палякi застрэлiлi. Я ў дзiцячым доме была.

– А бацька дзе?

– Бацька загiнуў над Бугам... Вы, дзядзька, накiруйце мяне туды, дзе цяжка... Мне з цяжкай працы трэба пачынаць, каб стаць добрай настаўнiцай.

Андрэй тады пашкадаваў яе. Куды такому пiсклёнку ехаць у тундру. Таму дамовiўся з заведуючым факторыі на Чукотцы i накiраваў Антосю да суседзяў. Усе ж там нейкая культура ёсць. А Нiкiфараў – д’яблы б яго насiлi – паспеў пераманiць да сябе i накiраваў у качавую школу.

“Ат, чорт! Калi мне, мужыку, тут плакаць хочацца, дык што пра яе казаць. Уцякла-такi дзяўчына ад культуры. Ну, тут ёй тундра паказала, што такое рамантычныя ўчынкi”.

Падкова заварушыўся i спытаў дзяўчыну, якая ўсё яшчэ сядзела ля агню:

– Цяжка вам тут, Антося?

Яна павярнула да яго абветраны, з глыбокiмi вачыма твар:

– Зараз добра. А раней часта плакала. I ўсё ж не ўцякала.

– Што ж, дрэнна вас тут сустрэлi?

– Жартуеце? Не, я тут зараз як у сваей сям’i. Член рода, сваячка ўсiм, хоць i не па крывi. Баяцца, каб не кiнула iх. Улетку – смешна нават – кветкi першыя прыносяць.

– Не хапала чаго, можа?

– Усяго не хапала i не хапае. Паперы няма, чарнiл, алоўкаў, кнiг няма. Вы бачылi сёння нас там, за стойбiшчам? Гэта мы на снезе палачкамi пiшам.

– Што ж тэта за дурасць? А начальства што думала? Загадчык ваш?

Яна пасуравела, рашуча адкiнула з галавы капюшон, i зазалацiліся ў святле дагараючага вогнiшча яе валасы.

– Не ведаю, што i чым ён думае. Калi прыехалi мы на параходзе, на пяты дзень, у райана нас добра сустрэлi. Там i “гаспадары” нас чакалi: старшынi вясковых i тубыльных саветаў, старшынi таварыстваў i арцелей. Мой старшыня ўжо тыдзень парахода чакаў... А кнiгi i сшыткi везлi другiм параходам, наступным. Ён павiнен быў прыйсцi з Уладзiвастока праз тры днi. На гэтыя тры днi я аформiла ўсе справы, выдала даручэнне раённай ашчаднай касе, каб яна тут штомесячна за мяне грошы атрымлiвала i клала на кнiжку.

Уздыхнула:

– Вось ужо трэцi год мне начысляюць. Мне тут нiчога не патрэбна. Кормяць мяне тут, нашу тое, што i чукчы. Дый што б я тут купiла? Факторыі за тысячу кiламетраў. Цукерак бы, можа, купiла, я iх тры гады не ела ўжо.

Падкова прыгаломшаны прыўзняўся на локаць.

– Ну а хлеб? Цукар!

– Скуль iх прывязеш? Дый наогул трэба есцi так, як людзi вакол, як гэтыя чукчы. Хлеба мы нiколi не ямо, часам толькi пячэм праснакi. Цукру яны наогул не ўжываюць. Як бы rэта я ела штосьцi iншае, лепшае? Прызвычаiлася. Здаровая, бачыце, моцная – ем многа мяса.

– А цынга?

– Летам сланiк iснуе, ягады. Узiмку сырая страганiна. Мне спачатку сорамна было, што я слабейшая за iх. Няўжо, думаю, мы такiя ужо спешчаныя? I выявiлася, што мы не слабейшыя.

Падкове стала сорамна ледзь не да смерцi, што ён там, у снегавой ямiне, так расстагнаўся. Таму ён спытаў:

– Ну а далей?

– А далей выявiлася, што на другiм параходзе ёсць другая партыя настаўнiкаў, ёсць урачы i нават заатэхнiк, але дапаможнiкаў зноў няма. Галавацяпы паршывыя! Забiць iх мала!

– Што ж вы рабiлi, любая вы мая?

– А што было рабiць? Выдрала у райана адзiн камплект падручнiкаў, сотню сшыткаў, алоўкаў. Пер’яў не было. Нельга ж было чакаць наступнага парахода ўсю зiму. Ну i паехалi. На чацвёрты дзень даiмчалi мяне у стойбiшча, яно тады блiзка качавала. Дзеткi цудоуныя, кругленькiя такiя, вузкавокiя. I нiхто анi слова па-руску не разумее. Дарослыя таксама. Толькi адзiн старшыня, Келькут, прыстойна гаворыць. Што рабiць? Хоць ты макам садзiся. Вось вам i методыка з педагогiкай.

Андрэй зарагатаў так, што алень за сценкай юрты кiнуўся прэч.

– Ну вось старшыня мне i кажа, што я, маўляў, буду гаварыць, ён будзе перакладаць. А дзецi хай слухаюць.

– Гэта ж не лезе нi у якую методыку, – паддражнiў яе Падкова.

– А няхай методыка больш пра такiя выпадкi думае. А то пералiвае з пустога ў парожняе, пераконвае нас у неабходнасцi правiльнай пабудовы ўрока, быццам мы самi гэтага не ведаем... Перарабiла я ўвесь навучальны план: тры гадзiны у дзень працавала з перакладчыкам, а астатнi час вывучала чукоцкую мову i праз паўгода яе вывучыла.

– Хутка вы.

– А што было яшчэ рабiць? Кiно няма, гулянак у скверы таксама. Дый мова даволi лёгкая. Слоўнiк невялiкi, граматыка простая. На ўрокi збiралiся акрамя дзяцей усе дарослыя. А калi я начала размаўляць не горш за чукчаў, – начала я вучыць iх чытаць i пiсаць. Сшыткi вельмi хутка скончылiся, а мы тым часам адкачавалi ў самае сэрца тундры. Чакала, што падвязуць, i вось чаканне цягнецца два гады. Нi дапаможнiкаў, нi iнспектара. За тры гады вы першы. Як гэта вы мяне адшукалi?

– Сабакi дапамаглi, – неахвотна сказаў Падкова, – iначай, можа, i я вас не адшукаў бы.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: