Вход/Регистрация
Маці ўрагану
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Але віск і выццё гучаць і далей у гэтай штурханіне звар’яцелых.

Агна. I сука ашалела. I перакусала вас усіх. Чаго вы шарахаецеся? Чаго кідаецеся? Позна. (Яна гаворыць з ледзяным спакоем.) Ну так, ваша смерць не будзе такая хуткая, як у яго. I яна будзе лягчэйшая, я вам не хлусіла, я праўду казала. Праказа ж не баліць. Проста ў вас будзе адгніваць аблічча, нос, вушы, шчокі. Пальцы рук не будуць адчуваць болю – як ён адчуваў – і нават апёкаў – як балелі яны яму. А пасля, паступова, адгніюць і яны. А пасля ногі і іншае. Вы зажыва згнілі душою – цяпер згніеце і целам.

Усе прыкіпелі да месца, як саляныя слупы.

Вузлаватая праказа цягнецца дзевяць год. Гладкая – васемнаццаць. Я не скажу вам, якая яна ў вас. Бо нават той, каму пашанцавала не заразіцца зараз, будзе дзевяць, а то васемнаццаць год чакаць лянівай смерці. I ў кожную хвіліну дрыжаць ад жаху. Будзе засынаць і прачынацца з думкай аб ёй. I кожную раніцу першая думка будзе: “Божа, вось няўжо сёння... Бо-о-о-ожа, ратуй. Вось... Вось здаецца... Вось-вось...” А людзі і ўласныя дзеці будуць цурацца вас. Не, я не назапасіла вам лёгкай смерці. Будзь спакойны, сынок. (Узвысіла голас.) Яны памруць. Яны – памерлі ўжо.

Цяпер яны твар у твар, як на двабоі: яна і Радзівіл.

Не торгайся, князь. Сука не лізала цябе. Табе будзе горш. Я ж акрамя ўсяго і ведзьма, прарочыца – ты не ведаў? Табе будзе нават горш за іх. Богам і зямлёй сваёй клянуся, што ўсё гэта збудзецца. Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. I трэцяя. I ўсе – з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў. Ты будзеш пасмешышчам нават у вачах бяссілых і садамітаў. I ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой. Не ведаю, ці хопіць у цябе сілы абгадзіцца ў чацвёрты раз?! I нішто з таго, што ты задумаў, не споўніцца. I ўсе будуць бегчы ад цябе, як бягуць з дома – нават калі дом гэты замак – пацукі ад пацука, якога злавілі, вымазалі дзёгцем і выпусцілі. I ты будзеш блукаць адзін бясконцымі замкавымі калідорамі і сутарэннямі, дзе шкілеты замучаных, і ніхто не падасць вады. Блукаць і смярдзець пры святле месяца. I ніводнай роднай душы... А мой хлопчык загінуў страшна, але сярод родных і любоўных. Бо мой хлопчык – Чалавек, а ты – пацук.

Радзівіл (амаль непрытомна). У-у-узя-аць!

Усе муляюцца ў страху.

Ды няўжо... ды няўжо ніхто?

Агна (кладучы руку на грудзі). Сустрэчы з табою... шукаць стану... Сэрца... яно такое вя-лі-кае...

Падае павольна, як падсечанае дрэва.

Вялікае.

Мёртвая цішыня. I толькі потым далятае аднекуль, як з таго свету, трубны голас ці то Ільі, ці то Дудара.

Голас. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!

Заслона

1982 г.

  • 1
  • ...
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: