Шрифт:
Пасмяяліся, ды так і замялі. А ўвечары Ручка зацягнуў Васкевіча да сябе дамоў і яны добра замачылі гэтую чарговую, мо ўжо чацвёртую ці пятую па ліку, адтэрміноўку ў «прафілак» адзінага на дзве вёскі трактарыста. Радая маці сноўдалася каля стала на сваіх кіёчках і ўсё ўпрошвала Васкевіча памагчы як-небудзь жаніць «Валеру» — і зноў Васкевіча ўражвала, што для яе гэты Ручка — Валера, такі ж, як і ўсе, хлопец, і яна верыць, што варта яму толькі захацець, і ён так лёгка пойдзе і ажэніцца.
XVІІ
Цвярозага, Васкевіча Наташа часамі проста палохала.
— Антон, у цябе праўда была тая, Лена? — спытала яна раз.
Яны стаялі на сваёй арэшнікавай паляне недалёка ад першых хат Бокаўкі. Быў рэдкі вясновы прыцемак, каля вушэй звінелі раннія рэдкія камары, якія яшчэ не кусаюцца. Наташа абламала галінку арэшніку і абдзірала пупышкі, чакаючы адказу.
Васкевіч даўно ведаў, што яна па-сапраўднаму ўжо закахалася ў яго, што яна ўцякае з урокаў, каб прыехаць у бібліятэку дзённым аўтобусам, — але якраз гэта яго і пачало палохаць. Спытай ў яго хто тады, узімку, калі ён упершыню ўбачыў тую школьную форму і ўспомніў сябе-школьніка — «хочаш, каб гэтая дзяўчынка закахалася ў цябе і бегала за табою?» — ён назваў бы гэта шчасцем, большага за якое і не трэба... І вось так і адбылося, і менавіта гэта і палохала яго. Як і цяпер, на палянцы, у веснавым паўзмроку.
— Ну як была... — сказаў ён няпэўна. — Была, вядома! Лена, дружылі з ёю...
— Тады чаму ты нават не... спрабуеш?
— Што?
— Таго, што хлопцу трэба ад дзеўкі, — спакойна адказала яна. — Са мною табе не хочацца гэтага?
Для Васкевіча гэтыя словы былі вядром вады на галаву. Што яна кажа?! Дзяўчынка, для якой, ён лічыў, і пацалункі занадта ў такіх гадах! Ды ці сапраўды не было ў яе нікога? Калі былі... тады, вядома, ён у яе вачах — проста асёл...
Ён стаяў і маўчаў, перасыпаючы ў галаве словы, шукаючы і не могучы знайсці адпаведны тон для гэтых слоў. Звесці ўсё на жарт? Або стаць смелым, вось цяпер паказаць, што ён умее не толькі цалавацца? Або стаць грубым, з’едлівым, сказаць: «Ідзі вучы ўрокі, і калі ляжаш спаць, не забудзь узяць з сабою ў ложак ляльку»?
Ён баяўся, каб яна не зразумела гэтае яго маўчанне па-свойму; але яна, відаць, якраз неяк па-свойму і зразумела, сказала ціха, упэўнена:
— Ніякай любві без гэтага не бывае, — намацала яго руку і забрала партфель. — А заўтра мы едзем дадому... На Магілёўшчыну.
— Ну і што?
— Нічога. На цэлы тыдзень... А потым, мабыць, назусім паедзем... А так не хочацца!
— Ну і што? — паўтарыў ён, адчуўшы, што яна зразумела, што нечым пакрыўдзіла яго, і цяпер загладжвае гэта.
— Нічога. Добра, я пайшла...
І пайшла. Яму стала шкада яе, і захацелася, пазваць, але яна сама раптам спынілася, павярнулася, папрасіла з пяшчотай, надзеяй у голасе:
— Хочаш, прыходзь сёння ўночы? Я не буду спаць!
Вунь маё акно, самае з краю... — і пабегла, не азіраючыся.
Ідучы дамоў, Васкевіч, як заўсёды падчас хадзьбы, трохі абдумаўся. Закурыў, спытаў сябе — а папраўдзе, што ён ад гэтай дзяўчынкі хацеў і хоча? Сапраўды, чаму ў яго ніколі нават у думках не йшло нічога далей за пацалункі? Калі адказваць шчыра, выходзіла: яна яму трэба ад адзіноты, каб прыбягала, сядзела, слухала яго, як Лена некалі казала, «балталёгію», каб глядзела, як ён выпівае... Каб пацалавацца, дакрануцца да нечага свежага, таго, што недабраў, будучы сам у тым жа сёмым класе, калі ў іх яшчэ не было моды сур’ёзна гуляць з дзяўчынкамі. Другое — яна патрэбна яму для самалюбства, людзі ж бачаць, ведаюць, што яна сама да яго бегае, а значыць, відаць, і больш паважаюць яго за гэта як хлопца...
Добра — тады што рабіць сёння ноччу?
Ісці, падкрадацца пад акно, шкрэбціся ў шыбу, каб маці не пачула... Яна выйдзе, ці вылезе праз акно, мокра, цёмна... Кофтачка сястры, якую давядзецца здымаць... Не тое, не!
Васкевіч жыва адчуў знаёмае пачуццё — такое ж, як некалі ў войску, калі хлопцы-хахлы ігралі «гапак», такое ж, як на нядаўнім рэферэндуме, калі бабка з зяцем Іванам прыбраліся святочна... Гэта было пачуццё саромнасці. За сябе, за Наташу з яе кофтачкай, за сваю і Наташыну маці...
Ён незаўважна адмахаў чатыры кіламетры і, падыходзячы ўжо да хаты, вырашыў цвёрда — нікуды не ісці, лягаць спаць.
Дома, пакуль еў, маці сядзела ля печы на падлозе і перабірала цыбулю на разасланай хустцы. Яна чамусьці маўчала, толькі штораз зіркаючы на сына спадылба. Паеўшы, Васкевіч падняўся ісці на двор курыць, і тут маці аж крыкнула:
— Куды зноў?! Ану, сядзь!
Васкевіч застыў ад нечаканасці, але паслухаўся, паклаў на падаконнік цыгарэты, прысеў.
— Нашто, от ты мне скажы, ты курыш? Нашто ты стаў піць так бязбожна?!
Шоргала ў пальцах цыбуля, разляталася па ўсёй хустцы шалупінне. Васкевіч маўчаў.
— Нашто ты зводзіш тую дзевачку? — пытала маці тым жа голасам, але ясна было — не сынава курыва і выпіўкі для яе галоўнае, а вось гэтыя словы галоўныя. — Ты здурэў, ці што?
Ізноў не дачакаўшыся адказу, ужо крыху мякчэй, ушчуваючы, маці загаварыла:
— Усе ж людзі знаюць... Гэта ж дзярэўня, як у той песні — «ад людзей на дзярэўні не спратацца»... Нашто яна табе? Ты знаеш, з якой яна сям’і? Яны ж п’юць усе ўпокат! І бацька той, і матка, і сын, і тая большая дзеўка —там жа не хата, а карчма, як Юлен кажа. Шынок! Ты знаеш, што яе сястра ў яе годы радзіла двойню? І так і жыве без чалавека. Куды ты лезеш?