Шрифт:
А завіруха раве, лютуе, плача — амаль нічога не бачна, ног cвaix не бачу. Лапнуў я ў кішэні — няма компаса. Я яго, напэўна, у яры згубіў. I, дурны такі, не жыцця мне стала шкода, а той пайкі махры, якую гэты мардаты Сідар замест мяне скурыў.
Ледзь не заплакаў я, але прыпомніў напрамак ветру і на нагах, якія не гнуліся, пайшоў у тым кірунку, дзе павінна быць вёска.
Апошнія паўкіламетра да нашай хаты, другой яна была, — я не ішоў, а поўз i амаль зваліўся з высокай гурбы да самых дзвярэй бацькоўскай хаты. Шчасце, што расчышчалі, а іначай замёрз бы я, лежачы на роднай страсе, — сіл не было. І нават грукаць не магу, так закалелі pyкi. Біў я ў дзверы — можа, каму смешна — галавою.
— Хто там? — чую голас маці.
— Я.
Не пазнае, не хоча адчыняць.
— Мама! Гэта ж я, — сказаў я i заплакаў. Крыўдна мне стала: не пазнала родная маці.
— Чакай. Чакай. Сыночак. Сыно-очак.
Адчыніла. Я ўваліўся, увесь цалкам белы. І з чамаданам у руцэ. Калі яна выплакалася на плячы, сказала:
— А да нас тэлеграму нейкую толькі што прынеслі. З сельсавета. Ледзь дайшлі. Сельсавет ад нас метраў дзвесце.
— А што ў ёй?
— Не ведаю. Леначка твая спіць. А я… не магу чытаць.
Але я зразумеў ужо, якая тэлеграма. Нават чытаць не стаў. Дастала мяне яна, бо бегла па дроце, а не паўзла, як я. Што ж зробіш?
Я пайшоў у суседні пакой. І такая злосць мяне ўзяла, што ўзняў я жонку за скроні, захапіўшы іx халоднымі лапамі.
— Што, не прыехаў? Не верыла? Вось ён, я.
Адчыніла яна вочы, i такое ў ix плесканулася, што знікла некуды мая злосць.
— Вася, любы!