Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Гародня стаяла "на юру". На яе першую падалі ўдары. У 1284 годзе яна была нават спустошана. Але паходы ордэна ў 1296, 1306 і 1311 былі адбіты, а калі на чале войска стаў ваявода Давід Гродзенскі, сын Даўмонта, ён спярша, у 1314 годзе, разграміў войскі ордэна, а пасля сам перайшоў у наступленне, спустошыўшы тры разы (1318, 1319, 1323 гг.) землі крыжакаў аж да Мальбарга. Урэшце настала расплата, пасля якой ордэн не здолеў ачуняць. Грунвальд. 1410. Удзельнічалі польскія палкі, літоўскія (гэта значыць палкі княства, а сярод іх палкі Берасцейскі, Валкавыскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Гародзенскі і шмат іншых), чэшскія часці і палкі, што ўваходзілі ў сферу Смаленшчыны. Захад яе і ўсходнія беларускія землі: Полацк, Віцебск, Крычаў, Мсціслаў, Магілёў і г.д. Камандаваў імі мсціслаўскі князь Юры. Гэта была бітва неймаверная па колькасці войска. Ордэн меў 83 000 воінаў, славяне з літоўцамі 163 000. Калі мы ўлічым тагачасную маланаселенасць зямлі, калі даведаемся, што ў "лядовым пабоішчы" рыцараў было забіта 500, а ў палон узята 50 чалавек і, значыць, іх аніяк не магло быць больш як тысяча — паўтары ды пару тысяч кнехтаў — "чудзі". Калі ўлічыць, што ноўгарадцы выставілі супраць Васіля Цёмнага 5000 чалавек ("раць веліка вельмі" — сказаў летапісец). Калі ведаць, што ў Суздальскім баі з Васілём Цёмным было толькі паўтары тысячы войск, хаця з ім былі князі Мажайскі, Вярэйскі і Серпухаўскі, практычна ўсе сілы Маскоўскага княства, без Шамякі, -тады Грунвальд не можа не здзіўляць. Перавага нямецкіх сіл, — так, первага, не здзіўляйцеся, бо рыцар у сваіх міланскіх ці нюрнбергскіх даспехах быў практычна недасяжны [11] і каштаваў трох воінаў, а многія з нашага боку былі ў скураных панцырах, узброеныя дзідамі, доўбнямі, цапамі і рагацінамі, нават у вяровачных шлемах, якія баранілі ад мяча, а не ад стралы і пікі — не памагла ім. 15 000 узялі ў палон, больш 40 000 разам з вялікім магістрам Юнгінгенам забілі.
11
Пад час адной бітвы ў Ламбардыі дзве арміі рыцараў, чалавек па 300 кожная, ад усходу да захаду секліся мячамі. Загінуў адзін. Упаў з каня, і яго затапталі. Порах пасля, вядома, змяніў справу.
У сечы гэтай гродзенскі полк быў большы за ўсе беларускія палкі.
…Кароль Стэфан Баторый пабудаваў тут новы замак, які, перабудаваны, збярогся і сёння. У ім выключны па багацці і пазнавальнасці, вельмі ўмела пабудаваны музей. Будавалі замак мясцовыя майстры. Гродзенскія будаўнікі цаніліся высока. Яны працавалі нават у Вільні, Варшаве, Маскве. Існавалі багатыя цэхі збраяроў, кавалёў, разьбяроў, мечнікаў і інш.
Гады рэлігійнай барацьбы (я яшчэ раскажу пра гэта) шмат пашкодзілі гораду. Магнаты і духавенства захаплялі землі, капілі майно, узводзілі царкоўныя будынкі (шмат іх засталося і цяпер), выцяснялі рамеснікаў і гандляроў. Народ глуха бурліў. Гродня была цэнтрам вальнадумства і гуманізму. Выдаваліся (1567 г.) брашуры, у якіх адмаўлялася ўлада, усхвалялася свабода веры, агульнасць маёмасці, прапаведавалася аддзяленне касцёла ад дзяржавы, гаварылася, што розніцы не павінна быць між каралём і народам, шляхтай і плебеямі… У Гродні жыў беларускі філосаф атэіст Кашпар Бекеш. Царкоўнікі адмовіліся яго хаваць (памёр у 1530 г.), і сябры яго пахавалі ў Вільні і напісалі на камені яго ж словы: "Не хачу прызнаваць бога, пекла не баюся… не непакоюся аб целе і не болей аб душы, яна разам са мною памерла".
Народ адкрыта бунтаваў, аж да вольных узброеных атрадаў… А потым, як паўсюль: упадак феадалізму, капітал, паўстанне 1863 года, якое грымела на Гродзеншчыне асабліва моцна, рэвалюцыя і акупацыйны рэжым, зноў барацьба, зноў рабунак з боку паноў, беспрацоўе і адмаўленне нават у праве на мову. Забастоўкі ўспыхвалі і ў Гродні. У 1936 г. — на ўсіх прадпрыемствах.
І 1939 год… А пасля зноў вайна, партызаншчына, падполле. Звычайная гісторыя незвычайнага беларускага горада, па вуліцах якога мы зараз і пойдзем.
Давайце на гэты раз пачнём ад сучаснай прамысловасці. На правым беразе Нёмана, блізка да цэнтра горада, высяцца карпусы тонкасуконнага камбіната. У іншыя рэспублікі адсюль адпраўляюць амаль дваццаць відаў ваўняных тканін.
Гродзенская бавоўнапрадзільная фабрыка — гэта баваўняная пража для трыкатажных і ткацкіх фабрык (у 1969 г. дасягнула праектнай магутнасці — 11 250 т). Ёсць у Гродні два скураныя заводы і абутковая фабрыка. Шмат харчовых прадпрыемстваў. Цыгарэты і папяросы адпраўляюць адсюль амаль у сто сорак гарадоў СССР. Робяць тут добрую мэблю, шкло і іншыя тавары.
Нітка Дашаўскага газаправода прыводзіць урэшце да самага галоўнага гродзенскага прадпрыемства, Гродзенскага хімічнага камбіната, створанага ў 1970 г. на базе азотнатукавага і капралактамавага заводаў. Калі вы ўгнойваеце аміячнай салетрай калгасны лён, кветнік пад сваімі вокнамі — магчыма, што яна гродзенская. Калі бацькі вашы на ферме падгадоўваюць худобу карбамідамі (мачавінай), сінтэтычным рэчывам, што змяшчае азот, — карбамід можа быць гродзенскай вытворчасці. Ну, і яшчэ аміячная вада, таксама ўгнаенне, толькі вадкае, і серная кіслата, і азотная кіслата, і капралактам, з якога робяць капронавае валакно.
Існуе тут завод карданных валаў. Калі ёсць у вас знаёмы шафёр вялікагрузнай машыны тыпу МАЗ, КрАЗ, ЗІЛ і ў яго здарылася няшчасце — "паляцеў" карданны вал — можаце быць амаль упэўнены, што ваш вадзіцель заменіць яго валам з горада на Нёмане.
Што яшчэ? Ну, скажам, заводы аўтамабільных агрэгатаў, гандлёвага машынабудавання.
Горад бурна расце. А значыць, яму неабходна вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Таму ўзнікаюць заводы зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, буйны домабудаўнічы камбінат.
Або давайце прагледзім шлях ствала дрэва. Вось яго прывезлі на Гродзенскі дрэваапрацоўчы камбінат, пасля прадукцыю камбіната — на мэблевую фабрыку. І ў новым доме з'яўляецца гродзенская мэбля, а ў дзіцячым кутку — цацкі з гродзенскай фабрыкі.
Як бачыце, амаль усё сваё.
У горадзе добра збераглася старая частка з вузкімі вуліцамі і сівымі мурамі.
Горад зялёны. Тут больш чым ва ўсіх беларускіх гарадах плюшчу і вінаграду на сценах. Вуліцы старога горада разбягаюцца радыусамі, з-за муроў глядзяць купы дрэў, і ў іхняй зелені вельмі прыгожа выглядае чырвоная чарапіца, абмытая дажджом.
Тут ёсць што паглядзець. Ад доміка, дзе жыла славутая польская пісьменніца Эліза Ажэшка, і да старажытных будынін.
У горадзе адзіны ў рэспубліцы заапарк (пабудову вялізнага сучаснага парку ў Мінску яшчэ толькі праектуюць). Заснаваў яго фактычна гродзенскі аматар прыроды Каханоўскі. Зараз у ім каля ста пяцідзесяці відаў жывёл.
Ну і давайце паблукаем па старым горадзе, бо тут, як нідзе, збеглася гэтая самая старажытнасць, геній нашых продкаў. У цэнтры горада, як я казаў, будынак не самы стары. Гэта замак Баторыя, у якім зараз музей. Больш як 100 тыс. экспанатаў. У бібліятэцы — больш за 25 тыс. кніг. У экспазіцыі — працы даўніх майстроў, побыт нашых продкаў, старыя кнігі, манеты XVI–XVII стст., граматы XVI–XVIII стст., зброя XIV–XIXстст., унікальная мэбля, партрэты, этнаграфія, археалагічныя экспанаты. Тут можна хадзіць гадзінамі і глядзець то на трохсотгадовае крэсла з рэльефам — крыху карыкатурным — панскай п'янкі, выразанай на спінцы; то на прадметы побыту першанасельнікаў, то нават на кубак М. Агінскага, дзядзькі славутага аўтара "Паланезу", які таксама быў кампазітарам і, у дадатак да таго — вялікім літоўскім гетманам.