Вход/Регистрация
Казкі Янтарнай краіны
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Кас тур нац? — гэта трэба спытаць ужо трывожна.

Дзверы адчыняюцца, выглядае мілы дзіцячы тварык, няхітра насуплены ад лютай злосці.

— Вілкс, — на цябе строга глядзяць сінія вочкі. Вы самі здагадаліся, што гэта азначае "воўк".

— Вілкс, вілкс! — у жаху крычыцё вы.

"Вілкс" набліжаецца, страшна заграбаючы лапкамі паветра. I тут ужо трэба падаць на канапу ці нават проста на падлогу і адчайна крычаць на чыстай латышскай мове:

— А-ай! А-а-а-й!

…Ф-фу-у! Вось нарэшце мы едзем у Ляўдону.

Ляўдона здалёк нагадвае цукатны торт, такая яна чысценькая і прывабная. Мураванкі, хутары. А вакол сады і лясы. Часам цукаты будынкаў быццам пашчыкалі дзіцячыя пальцы: стаіць у гушчары здзічэлых сліў каробка колішняга хутара ці, пустая ўсярэдзіне, ідылічна-дзікенсаўская цэркаўка. I толькі потым здагадваешся, што не дзіцячыя, ліпкія ад ласункаў, пальцы зрабілі гэта, а кашчавая рука вайны. Бо на гэтую блаславёную зямлю, на гэты ціхі гарадок падалі бомбы, і нехта меў нахабства страляць па ім з гармат.

Я чалавек сціплы і, пакуль не давёў адваротнага, мяркую, нават трошкі баязлівы. Мне не падабаюцца бомбы і вельмі падабаюцца тутэйшыя дамы. Яны мураваныя, з камення. Сцены знадворку ў іх адпаліраваны, як у метро. Сам дом двухпавярховы, з зялёным ад старасці чарапічным дахам, вокны невялікія — не дом, а цытадэль даброт, шчасця, няспыннай працы і дастатку. Упрытык да яго, часам пад адным дахам, дваровыя будынкі. I ўсё гэта ў вянку яблынь, ігруш, ліп.

Я ж вам кажу, я не помслівы і зусім не крыважэрны чалавек. Я не люблю кулявых шрамаў на такіх мурах. I ўсё ж мне хацелася б, каб сцены аднаго вось такога дома, у якім я буду жыць у апошнія свае гады, былі спаласаваны і знявечаны шрамамі і выбоінамі, бо я хацеў бы, каб усіх каралёў вайны, усіх, хто робіць барабаны, а не скрыпкі, прывялі ў адзін добры дзень да муроў майго дома і тут расстралялі ўсім наяўным запасам патронаў. Гэтыя залпы я слухаў бы як бахаўскія "Страсці", з тым прыемным хваляваннем, што памагае пісаць вялікія вершы.

…Дзень цудоўны, блакітны, як крыло сіваваронкі. Даўно ўжо з'ехаліся на хутары кумы, якіх запрашаюць на хрэсьбіны здалёк, часта аж з самае Рыгі. Гэта розныя людзі, сярод іх можна сустрэць і рабочага і пісьменніка. Кумы чысцяцца, прыхарошваюцца. Дзіця ўбіраюць у лялечны народны касцюмчык або ў пухавое "медзведзяня". Потым ідуць у сельсавет.

Так зрабілі і мы. Маці трохі затрымалася, і таму малога Айвара панеслі толькі мужчыны: кум Геронім, бацька, сусед і я. Пакуль тое, дзіця нясу я.

Дарога мяккая, паабапал яе глыбокія, аксамітна-зялёныя канавы, а далей сады ў квецені і раскошныя купы ліп.

Насустрач нам едзе фурманка. З воза пажылы фурман крычыць нешта. Усе рагочуць. Даведваюся, што нас як кумоў пасадзілі ў лужыну:

— Во, мужыкі хлапчынку нарадзілі. Раней дык з гэтым неяк бабы спраўляліся.

На ганку ў сельсавеце нас сустракаюць дзяўчаты ў народных уборах і праводзяць у пакой, дзе на стале ляжыць вялікая кніга ў ціснёнай вокладцы. На кожнай старонцы — фота дзіцяці. Тут жа напісана: "кум" і "кума". Кумы распісваюцца. Грае музыка. Поўна людзей з дзецьмі на руках. Дзеці ўсе у карунках, атласе, самаробных стракатых коўдрачках. Малыя сядзяць паважна, як маленькія шчаслівыя прынцы. Толькі часам нехта з іх салідна выкажа сваё абурэнне і пратэст. Але паколькі іх многа — уся далейшая цырымонія праходзіць пад акампанемент:

— А-а… О-о-о… Крэх-крэх.

Кумы нясуць дзяцей у другую залу. За імі ідуць астатнія.

Зала — як суцэльны грот з кветак. На спінках крэслаў гірлянды незабудак, у насценных вазах букеты нарцысаў і цюльпанаў. Столь — як кветкавы шацёр. I ля сцен — маладыя бярозкі.

А на сцэне — дзявочы хор. Ніжэй — вясковы аркестр.

Кумы з дзецьмі садзяцца парамі, ля праходу. І хор пачынае спяваць. Песні яго — тыя песні, што спявае народ пра дзяцінства, пра маці, пра будучы лёс немаўлятка. Музыка, водар кветак. Усе сядзяць трошкі расчуленыя.

Потым пачынаюць выклікаць на сцэну кумоў. Яны ідуць з малымі на руках. Адна пара… Першая…

Там, на сцэне, іх шэптам пытаюць, як яны хацелі б назваць дзіця (гэта, вядома, рытуал, бо некаторым дзецям амаль год, але так прыгажэй). I вось гучаць са сцэны пявучыя словы:

— Наракаю табе імя Гунар… Наракаю табе імя Айвар…

Кожнаму дзіцяці даюць каробку з пасагам, а кумам і бацькам па букету кветак. Пасаг розны, але харошы. У дадатак дзіцяці: падносяць прыгожы вялікі кубак для малака.

— Пі. Расці харошы.

Калі кумы ідуць са сцэны, услед ім адна з гожых дзяўчат кажа — кожнаму іншая — народныя выслоўі пра маці, пра тое, як трэба шанаваць дзецям бацькоў, а бацькам дзяцей. Потым хор спявае песню.

Кожны павінен памятаць гэты дзень як найлепшае свята, пра якое маці з захапленнем раскажа сыну, калі той пачне разумець, а сам ён, ужо старым дзедам, раскажа ўнукам, як яго "хрысцілі" ў гроце з кветак.

Падарункі для дзяцей купляе саўгас. I гэта абыходзіцца не вельмі дорага. Затое колькі святла і колькі ўспамінаў!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: