Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Падлюга! Ублюдак нямецкі!

Яго злосна штурхнулі цераз парог, Малаковіч выцяўся аб сцяну, ледзьве не наскочыўшы на трох бедалаг у доле.

— Хто тут? Зыль?..

— Зыль і яшчэ некаторыя, — сказаў Агееў, калі дзверы за ім зачыніліся.

— Вы? — здзівіўся Малаковіч.

— І яшчэ Кіслякоў, — сумна паведаміў Агееў.

— Да, сабралася капэла! — кінуў Малаковіч і загаварыў горача: — Пастараліся, сволачы, нахапалі! І яшчэ штурхаецца, падлюга! Сябрук, называецца, у адным класе вучыліся.

— Гэта хто? — запытаў Агееў.

— Ды Пахом гэты. Паліцай. Свайго ж таварыша б'е, выслужваецца, падлюга!..

Малаковіч дробна-нервова тросся ад крыўды і нянавісці, але, здаецца, пабіты быў менш за іншых ці, можа, пакуль што трываў.

— Нічога, нічога, — супакойваючы яго, сказаў Агееў. — Сядай вось…

— Што нічога?! — узвіўся Малаковіч. — Вы ведаеце: заўтра расстрэл!

— Гэта не самае горшае, — сказаў Агееў.

— Не самае горшае? Ну, вы даёце! Што ж тады можа быць горш? Мы ж гінем! Засыпаліся, праваліліся, як апошнія абармоты. Усе адразу, без рэшты! Эх, бязмозглыя куры! Хіба так можна было? І — вы!..

— Што я? — насцярожыўся Агееў.

— Што? Вы яшчэ пытаецеся — што? Ды вы ўсё завалілі! — не стрымліваючыся, амаль у шаленстве крычаў Малаковіч.

— Гэта якім чынам?

Мабыць, было не месца і не час разбірацца ў такіх справах, але Агееў ужо не ў стане быў і стрымацца. Ды ці будзе для іх больш зручнае месца? І час?

— А такім! — выпаліў Малаковіч. — Чаму вы даверыліся гэтай… Марыі? Хто яна такая? Што вы пра яе ведаеце?

Агееў зноў знерухомеў у прадчуванні таго, што яго магло тут панішчыць горш за нямецкі расстрэл…

— А што пра яе… трэба ведаць?

— Трэба ведаць усё! — з жарам прадаўжаў Малаковіч. — А то панесла… Куды? Каму? Нікога тут не знае, лезе прама на паліцая. Ён і цопнуў! Кашолка! З базара! А ў кашолцы што? Мыла? Гэта для дурняў «мыла». Ён жа, паліцай гэты, Зялёнка, і кашолку адразу пазнаў: тою зімою Бараноўская прыносіла ў рамонт, ручка адарвалася. Зрабіў, ручкі абкруціў чырвонаю анучкай. Ну! Што яшчэ трэба было паліцыі? Сама здабыча — прама ў кішэню. Трымай шырэй!

Агееў вінавата маўчаў. Малаковіч выцяў яго пад дых, у самае сонечнае спляценне, хаця і не з таго боку, адкуль нядаўна яшчэ чакаў Агееў. Выходзіць, Марыю пагубіў ён сам — гэта ўжо было пэўна. Але ж яна нікога не выдала. Ды і каго яна магла выдаць, апроч Агеева?

— Я быў у безвыходным становішчы, — сказаў ён ціха пасля доўгага і пакутнага маўчання. — Без сувязі. Кіслякоў прапаў, ты ж ведаеш… А тут гэтая перадача…

— Вось вы і паспяшаліся! — перапыніў яго Малаковіч. — Вам хацелася хутчэй апраўдацца, развеяць падазрэнні. Падазрэнні ж былі?

— Якія падазрэнні? — здзівіўся Агееў.

— А ўспомніце — якія. Ці вы забыліся?

Не, Агееў не забыўся пра падазрэнні, якія нядаўна яшчэ прычынялі яму пакуты, ён проста перастаў думаць пра іх. Кропку на іх паставіў для яго тол, і яму хутка пачало здавацца, што ўсе ягоныя страхі надумаў ён сам. Бо як можна падазраваць таго, хто ўсё рабіў ад чыстага сэрца, стараючыся як найлепш, і сядзіць во, прысуджаны да расстрэлу? Які ніколі нічога не выдаў і нават і не думаў выдаць.

— І Кіслякоў! — раптам амаль закрычаў Малаковіч, ускочыўшы з долу. — Ён мяне выдаў!

Стала зусім ціха, і ў гэтай цішы чутна было, як усхвалявана дыхаў Малаковіч, і ў грудзях у Агеева шалёна калацілася сэрца.

— Як? — збянтэжана сказаў Агееў.

— Проста! Ён назваў маё імя! Сярод сваіх таварышаў. Цяпер я табе не таварыш, паняў?!

Кіслякоў не саломе задыхаў часцей, штось быццам спрабаваў сказаць, але прасіпеў толькі:

— Даруй, Валодзя!..

— Яны яго білі, так білі, я чуў, — зашавяліўся ў цемры Зыль. — Яны яму, ну… палавы орган абцасам раструшчылі.

Здаецца, Малаковіч трохі, аднак, спакайнеў, змоўчаў, адольваючы сваю шалёнасць, — рэчаіснасць нарыхтавала ім самае страшнае, што магло з імі здарыцца, і трэба было сабраць сілы. Агееў лёг ля Кіслякова, над якім сядзеў яго дзядзька Зыль. Дзесь зводдаль прыціх у цемры і Малаковіч. Не перастаючы перажываць усё, што давялося пачуць, Агееў думаў пра Марыю і яе недарэчны лёс. Цяпер яму ўсё выразней бачыліся прычыны правалу Марыі — не чыя-небудзь віна, а збег дзікіх абставін, дурныя выпадковасці накшталт кашолкі і паліцая, які год назад яе рамантаваў. Калі б не гэтыя супадзенні, усё магло абысціся добра і яны былі б цяпер на волі і ганарыліся тым, што ім удалося зрабіць. Але во ўмяшаліся тыя пачварныя выпадковасці, і ўсё паляцела дагары нагамі. Тол, дыверсіі і іх маладыя жыцці. Хаця што валіць на выпадковасці, хіба не зразумела, што тая барацьба, у якую яны ўступілі, была густа нашпігавана рознымі выпадковасцямі, самымі дзікімі абставінамі, з якіх яна ўся і складалася. Не тое, дык іншае, як кажа гэты вось Зыль. Шанцу выйсці жывымі з гэтай калатнечы практычна ў іх не было. Уся розніца ў тым, што адных пагібель насцігла раней, а другіх пазней, але ў роўнай меры, мусіць, усе яны былі асуджаны на пагібель.

З такімі невясёлымі думкамі ён памалу прыціх, быццам задрамаў нават, звыкся са сваёй бядой і сваім болем, прыпёршыся спіной да сцяны. Прыціхлі і ягоныя сябры па няшчасці. Мабыць, не спаў адзін толькі Зыль, усё поркаўся каля пляменніка: то папраўляў яго галаву, якую трымаў на каленях, то даланёй абмахваў ягоны твар, ад якога патыхала жарам. Як ні дасталося ім у паліцэйскіх засценках, безумоўна, Кіслякову перапала болей за ўсіх, і Агееў не хацеў судзіць яго строга. Ён бы меў права сурова, як гэта рабіў Малаковіч, абвінавачваць няшчаснага, калі б сам стрываў тое ж, што стрываў Кіслякоў, і ўстаяў. Агеева люта білі, але толькі раз, і ён патроху папраўляўся ўжо, не тое што гэты студэнт, які цяпер хоць бы дажыў да ранку. Агееў ужо разумеў, што, хаця магчымасці чалавечага духу амаль бязмежныя, яны надта несуразмерныя са сціплымі сіламі цела. Цела заўжды надта слабое, асабліва для такой злыбеды, як вайна, яно больш за ўсё іншае задае чалавеку клопату і прычыняе пакут. Што ж, Кіслякоў не стрываў, і ўся ягоная віна ў тым, што ён не сумеў памерці ў час і яны штось выцягнулі з яго…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: