Вход/Регистрация
Альпійская балада
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Глядзі ты — прывязаўся.

— Траджіко челёвэк, — сказала Джулія. — Пекато — жалко!

— Чаго шкадаваць? Сволач ён.

— Он хочет руссо ідет. Но руссо бёзе. Он бояться.

— I правільна робіць, — коратка зазначыў Іван.

Хлопец рушыў далей, махнуўшы рукой на вар’ята, хоць мець такі хвост ззаду не вельмі падабалася яму. Але што зробіш з ненармальным — і адагнаць не адгоніш і ўцячы некуды. Прыйдзецца, відаць, патрываць так да ночы.

— Іван, — сказала дзяўчына, робячы націск на «і». — Ты не імель зло Джулія?

— А чаго мне злаваць?

— Ты нон бёзе?

— Можаш не баяцца.

— Нон бояться, да?

— Да.

Крануты стомаю, яе твар сагнаў лагодную ўсмешку і пасур’ёзнеў, адбіўшы невясёлы ўнутраны ход думкі.

— Джулія руссо нон бояться. Джулія снег бояться.

Іван, ідучы наперадзе, толькі ўздыхнуў на гэта: сапраўды, снег і такі мізэрны запас хлеба ўсё болей пачыналі непакоіць і яго. Хлопец падумаў, што трэба было ў лесніка прыхапіць яшчэ што і абавязкова абутак, бо голымі нагамі проста невядома як было лезці ў снег. Але добрыя думкі, як заўжды, з’явіліся позна. Тады, вядома, яны не думалі, што дабяруцца да снежных вяршынь, — тады шчасцем здавалася выскачыць жывым з аблавы. I так дзякуй аўстрыяку — каб не ён, хлеба яны не мелі б. Іван хутка сігаў па сцяжыне; збоч ярка свяціла, не грэючы, нізкае сонца, па касагорыне валакліся-мільгалі дзве даўжэзныя, да самага нізу, цені. Суцяшаць, угаворваць дзяўчыну ён не хацеў, толькі сказаў:

— Куртка ў цябе ёсць. Чаго баяцца. Манто не чакай.

Дзяўчына, чуваць было, уздыхнула і, памаўчаўшы, сказала:

— Рома Джулія многа манто імель. Фір манто — черна, бела.

Ён насцярожыўся і сцішыў крок.

— Што — чатыры манто?

— Я. Фір манто. Четыре, — удакладніла яна.

— Ты што — багатая?

Яна засмяялася.

— О, нон богата. Бедна. Політіше гефтлінг.

— Ну, не ты — бацька. Бацька хто твой?

— Батіка?

— Бацька. Ну, ацец. Фатэр. Хто ён?

— А, іль падрэ! — зразумела яна. — Іль падрэ коммерсанто. Діретторе фірма.

Ён ціха прысвіснуў — ну і ну, аказваецца, з буржуяў. «Не хапала яшчэ, каб гэты бацька аказаўся фашыстам, вось была б прагулачка ў Альпах, — выбраўшыся да сваіх, век не апраўдацца», — падумаў ён і крута азірнуўся.

— Фатэр фашыст?

— Сі, фашісто, — проста адказала Джулія, жвава зірнуўшы ў яго пасуравелыя вочы. — Начальнік міліто.

Яшчэ лепш! Чорт ведае што робіцца на свеце! Як казаў той Жук, кінеш палку ў сабаку — трапіш у фашыста. Ну і Еўропа!

Ён саступіў на край сцежкі, даў дзяўчыне параўняцца з сабой і з няўтойнай цікавасцю агледзеў яе ладненькую, цыбатую, як-колечы апранутую фігуру. Але, дзіўная справа, гэтае стракатае, з чужога пляча ўбранне ўсёй сваёй недарэчнасцю не магло зацьміць яе маладой прыроднай статнасці і пекнаты, якая праглядвала ва ўсім: і ў гнуткасці рухаў, і ў ласкавай прыгажосці твару, і ў звычцы трымаць галаву з годнасцю і грацыяй. Яна пакорліва-аддана паглядвала на яго, рукі трымала сашчэпленымі ў доўгіх рукавах скуранкі і прывычна ляскала па сцяжынцы сваімі нязграбнымі клумпес.

— А ты што ж… Таксама, можа, фашыстка? — з абвостранай унутранай чуйнасцю да яе запытаў Іван.

Дзяўчына з прытоеным папрокам кальнула яго вачыма.

— Джулія фашіста? Джулія — комуніста! — аб’явіла яна з даўно ўсвядомленай гордасцю.

— Ты?

— Я!

— Брэшаш, — пасля паўзы недаверліва сказаў ён. — Якая ты камуністка?

— Комуніста. Сі. Джулія комуніста.

— Што, уступіла? I білет быў?

— О нон. Нон латэсара [32] . Формально нон. Моральмэнтэ комуніста.

32

Няма білета. (іт.)

— А, маральна! Маральна не лічыцца.

— Почему?

Ён не адказаў. Што можна было сказаць на гэта наіўнае пытанне? Каб так кожнага, хто сябе назаве камуністам, і лічыць ім, колькі б тады набралася такіх? Ды яшчэ буржуйка… Хто яе прыме ў партыю! Балбоча проста…

Трошкі прытушыўшы сваю цікавасць, Іван пайшоў хутчэй.

— У нас тады лічыцца, калі білет дадуць.

— А, Русланд! Русланд іначе. Я понімайт. Русланд советіка. Русланд свобода.

— Ну, у нас не тое што ў вас, буржуяў.

— Советіка очень карашо. Эмансіпаціоне. Ліберта. Братство. Так?

— Ну.

— Очень карашо! — пранікнёна казала яна. — Джулія очен, очен уважаль Русланд. Нон фашізм. Нон гестапо. Очен карашо. Іван счастлів свой страна, да? — Яна па сцяжыне падбегла да хлопца і аберуч узялася за яго руку вышэй локця. — Скажы, Іван, как до война жіль? Какой твой дэрэвня? Слюшай, тэбя сіньоріне, дэвушка, любіль? — раптам запытала яна, з гуллівай адданасцю заглядваючы яму ў заклапочаны твар.

Іван ніякавата лыпнуў вачыма, але рукі не адабраў — ад яе пяшчотнае блізкасці ў яго нутры зашчаміла непрывычнай лагоднасцю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: