Вход/Регистрация
Восень пасярод вясны
вернуться

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Блакітны. Блакітны — і белыя хмаркі.

— А побач другая гасціная мае памеранцавы колер. Далей ідуць нарожныя пакоі, у якіх я не была. Але пан Яцак мовіў мне, што яны брыдчэйшыя. Даўно там ужо ніхто не жыве.

— І ўсе гэтыя пакоі, цёцю, збудаваны для аднаго чалавека?

— Чаму ж для аднаго, каханая. Калісьці тут жылі бацькі пана Яцака, яго сёстры. Было людна.

— А цяпер, калі нас не будзе, дом зусім апусцее?

— Апусцее. Толькі кухарка прыйдзе пыл сцерці і вазоны дагледзець. Ну і яшчэ, каб вільгаць не завялася, печкі выпаляць, — тут Галена з трывогай успомніла, што яны ў пакоі не адны, што ўвесь гэты час іх размову, няхай і нявінную, чуе чужы чалавек. Нерухома сядзіць на каленях, гледзячы ў жэрала печкі. — Ты ідзі, чалавеча. Няхай тлее вуголле. Толькі дзверкі зачыні… Вось табе, — Галена ліхаманкава пакорпалася ў партманетцы, — троху грошаў за фатыгу.

— Дзякуй шаноўнай пані. Мне нічога не трэба. — Грыва выпраміўся, глядзеў невідушчымі вачыма кудысьці ў акно. — Толькі хачу, за перапрашэннем пані, сказаць, што пані змахлявала. Або пані змахлявалі, ну, няпраўду сказалі. Калі пана дзедзіца тут не было, у пакоях жылі Талочкі… Балявалі тут. І баляваць будуць, калі панове паехаць рачыце. А яшчэ хачу сказаць, што Талочка на панскія грошы патаемна Сяржанты купіў, усё туды цяпер цягне, Галена ліхаманкава захадзіла па пакоі: дык вось чаму Мальвіна то такая ліслівая, што хоць да раны яе прыкладай, то кіпці паказвае. ІІойдуць у свой фальварак — і ўсё.

— А ты ў бога верыш? — спытала яна, спыніўшыся. — Перажагнайся, што праўду гаворыш.

— У імя айца і сына і святога духа, аман! Каб мне з гэтага месца не сысці.

— То якая ж табе карысць ад таго, што ты мне сказаў?

— Ні-і-якай, шаноўная панечка. Я за праўду стаю, — мужык яўна нецярплівіўся.

— То ідзі, добры чалавеча. Я ўсё дзедзіцу раскажу.

— Пакуль што не трэба, панечка. Да заўтра не трэба. Расстроіце яго толькі перад гасцямі, — стары стаяў ужо ў дзвярах.

— Ты ўжо і пра гасцей ведаеш… — Ведаю, панечка, хто ж не ведае.

— То ідзі. І няхай за дабро лёс адплаціць табе дабром.

Выскачыў Грыва на веранду з адной вярэдлівай думкай: толькі б паспець! Паспець папярэдзіць, што вечарам з’едуцца паны і сярод іх галоўны наўмыснік, як яго, ага, Сыракомля… У Вільню, вядома, не паспець. Да станавога прыстава ў Жупраны — таксама. Ды і з панамі ён заадно — разам гарэлку жлукцяць і ў карты гуляюць… Тады ў Ашмяну, да спраўніка. Усе хваляць яго: да мужыкоў спагадлівы і з панамі не водзіцца. Толькі ў Ашмяну: дваццаць вёрст — туды, дваццаць вёрст — назад, да вечара можна паспець! І тады… І тады ён адпомсціць ім усім! І за сябе, і за дачку, і за ўнучку, што вырасла без бацькі і без маткі! Які гэта бацька, калі кінуў яе ў нейкую турму і цяпер не прызнае. О, не хоча прызнаваць, то прымусяць яго, наўмысніка, з нянавісцю падумаў Грыва пра Ляшчынскага. Супраць самога цара надумаў ісці… Не, такога зламысніка ў турму трэба! І тады ўся Аняліна дастанецца Марысьцы, А, значыць, і яму самому.

2. І быў дзень

Праводзіўшы да рагатак віленскага цывільнага губернатара Пахвіснева, ашмянскі земскі спраўнік калежскі асэсар Міхаіл Аляксандравіч Серабракоў рашыў перад абедам скочыць на момант да дазорца турэмнага замка адстаўнога штабс-капітана Мацвея Аляксандравіча Сулькевіча і забраць у яго пазычаныя нумары «Современника». Наконт кніг і часопісаў Міхаіл Аляксандравіч быў педант: аддаваў іх у аправу віленскаму пераплётчыку, трымаў у шафе, расстаўленымі ў строгім парадку, трывожыўся, калі кніга хадзіла па руках. І на гэты раз трывога аказалася небеспадстаўнай, бо сухарлявы Мацвей Аляксандравіч, сустрэўшы госця на парозе сваёй драўлянай будыніны, якая іменавалася замкам, бездапаможна развёў рукамі:

— Няма. Папрасілі ў мяне пачытаць добрыя людзі.

— Зноў хтосьці з насельнікаў твайго замка? То зайдзі ў камеру і вазьмі.

— Не, тут іншае. Ёсць у Ашмяне пару разумных хлопцаў. Па пятніцах збіраюцца чытаць. А сёння ж якраз пятніца!

— Ой, глядзі, Аляксандравіч, каб потым не прыйшлося гэтых хлопцаў перасяляць у твой замак! Кепска будзе, калі на судзе ўсплыве, што кніжкі яны бралі ў самога спраўніка. Давядзеш ты мяне тады да канфузу вялікага!

— Боязна стала? — Сулькевіч іранічна глянуў на круглы і таму дабрадушны твар Серабракова. — І гэта кажа чалавек, які хадзіў на зборы петрашэўцаў?!

— Не сам, не сам, старэйшы брат за ручку вадзіў. Таму і ўлічылі, у Сібір не саслалі, а толькі ў Паўночна-Заходні край перамясцілі. Што ж тычыцца боязі, то… Не баюся нічога я, але хацелася б да пенсіёна даслужыць. Вярнуўся б тады ў свой Звянігарад, на паляванне б хадзіў. Кніжкі чытаў, ружы разводзіў.

— Не доўга, Аляксандравіч, засталося, не доўга.

— І не доўга і доўга. Цяпер адзін дзень за дзесяць сыдзе. Пахвіснеў сказаў: «Заўтра ў Вільні быць!» Пан Умястоўскі наскардзіўся яму, што за парадкам у павеце не гляджу. Бунтуюць мужыкі, а я, маўляў, спакойненька кніжачкі пачытваю, Будуць з мяне, як сказаў губернатар, тлушч здымаць. Раскарміўся я, бачыш, на царскіх харчах. Нават сказаў, ха-ха-ха, ты не ўяўляеш нават, што ён мне сказаў. Толькі дай горла прамачыць. Няўжо ў цябе, Аляксандравіч, калішану не знойдзецца?

— Знойдзецца, чаму ж.

Сулькевіч правёў спраўніка ў сваю прахалодную канцылярыю, дастаў з шафы вясковы збанок з пітвом, зробленым з піва, віна і лімоннага соку і прысыпаным зверху дробнымі хлебнымі крошкамі, разліў у алавяныя кубкі. Потым падышоў да дзвярэй і засунуў засаўку.

— Ну-ну. Дык што ён сказаў такога смешнага?

— Смакоцце якое… Толькі ты ў Ашмяне ўмееш такое рабіць.

— Ад дзеда, Аляксандравіч, рэцэпт дастаўся. Стары літоўскі калішан!

— Чым болей я тут служу, тым болей да гэтага краю прывыкаю — да людзей, гаворкі. Часам нават здаецца, што тут і нарадзіўся, Што і Маскву, і звянігарадскія муры бачыў толькі ў сне. А рэальнасць — вось яна, тут, на берагах Ашмянкі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: