Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Карніла здаваўся перад ім проста малым, хаця быў сярэдняга росту. Чырвоны, трохі больш грузны, чым трэба, падстрыжаны пад гаршчок, падобны ў сваіх латах на самавар — нічога асаблівага. Млелі па ім пры двары, дзе ён таксама бываў у войтавай свіце, куды меней. І ўсё ж, хаця жанчыны і тут рабілі палітыку ў большай ступені, чым гэтага хацелі і чым аб гэтым думалі мужчыны, Карніла ішоў да вайсковай верхнасці хутчэй за ўсіх. І ўсе ведалі: менавіта яму дадуць тысячніка, калі з выпадку вайны трохі павялічыцца гародзенскае войска. Таму што Карніла вызначаўся дзіўнай, амаль нечалавечай спраўнасцю, вернасцю і дысцыплінай, а ў Пархвера, хаця і разумнейшы быў, здараліся прыпадкі ярасці, гневу і баявой лютасці, такой, калі чалавек ужо не зважае ні на што: ні на ворага, ні на сваіх начальнікаў.

Калі яшчэ дадаць, што з прыадчыненых дзвярэй катоўні вырывалася і скакала па скляпеннях і нярвюрах зарыва, што адтуль часам выглядаў кат, — перад намі будзе поўная карціна таго, што адбывалася ў суднай зале тым летнім днём.

Цыпрыян Лотр сядзеў сёння як старэйшы на месцы старшыні суда. Няўхвальна паглядаў, як фіскал [29] Ян Камар дрэмле, нахмурыўшы грозныя бровы. Што за дрэнны звычай спаць на ўсіх прэніях?! «Бярэ» занадта чалавек. І спіць мала ўначы. Але ж вось не дрэмле Басяцкі за сваім асобным, адвакацкім столікам. Шамаціць сувоямі паперы і пергаментнымі аркушамі, з-пад аксаміцістага чорнага капюшона глядзяць жывыя вочы.

29

Абвінаваўца.

Гэты не дрэмле, хаця таксама не спіць начамі, хай сабе зусім з другой прычыны, чым Камар. Па-першае, тайныя справы (доўга ім яшчэ быць тайнымі, хай не спадзяецца, і добра, калі год праз восемдзесят можна будзе ўзняць забрала і адкрыта назваць дамініканскую капліцу езуіцкай, якой яна, фактычна, вось-вось будзе, або, ні на каго не зважаючы, узвесці вялізны новы касцёл [30] ); па-другое, думы аб тым, як, акрамя невялічкай сваёй дамініканскай школкі, прыбраць у рукі, хай сабе і непрыкметна, парафіяльную ды царкоўную школы. Па-трэцяе, іншыя начныя справы. Гэта ён тут толькі адвакат, а вось што ён па начах у сутарэннях дамініканскай капліцы?!

30

Новы езуіцкі касцёл сапраўды быў скончаны толькі каля сярэдзіны XVІІ ст.

Кардынал устаў:

— Імем маці нашае, рымскае царквы, вінавацяцца сёння ў страшных злачынствах супраць Бога і чалавецтва гэныя брыдкія адроддзі пекла, зграя сатаны… Прынясіце схопленых.

Карніла прынёс з бакавой нішы і паставіў на стол клетку з мышамі. Сярод цікаўных завішчала нейкая пані. Пачаўся Божы суд.

— Хай палохаюцца падсудныя суда Божага. — Кардынал нават сам адчуваў, як сыходзіць высакародствам ягонае аблічча. — Я, нунцый яго свяцейшаства папы…

Ён гаварыў і гаварыў, з асалодаю адчуваючы, як лёгка плыве мова, як тонка, зусім не па-кухоннаму гучыць залатая лаціна, як грацыёзна рухаюцца пальцы па краях скруткаў.

— …іспісаўшы правіны іхнія, перадаю стырно суда фіскалу. Прачытайце абвінавачванне, фіскал.

— Га? — толькі тут прачнуўшыся, спытаў Камар.

— Вазьміце на сябе шчыт веры, брат мой, каб адбіць усе распаленыя стрэлы крывадушніка.

Біскуп устаў, міргаючы не толькі вачыма, але і цяжкімі бровамі, пашукаў пачатак прамовы сярод аркушаў, не знайшоў. І раптам ірвануўся адразу на крык, нібы з берага ў кіпецень.

— Шалберы, махляры, ерэтыкі ў сатанінскім юрадзействе і зладзействе сваім, аб'елі яны нашу квітнеючую краіну, — біскупавы пальцы, бы ў латы, закутыя ў золата, хрызапразы, смарагды і бірузу, торкалі ў клетку. — Гноем павінныя гадавацца — хлеба яны ўсхацелі.

Грубы рэзкі твар наліваўся бурай крывёю, пенныя заедзі накіпалі ў кутках вялізнага жорсткага рота.

— Радзіму нашу мілую, слаўны горад Гародню, горад гарадоў, асірацілі яны. Жэрлі, бы не ў сябе, і апаганьвалі жыта наша, і выводзілі ў ім гэтакіх жа дзяцей граху, як самі. Імем царквы ваяўнічай, імем Бога і апостальскага намесніка яго на зямлі, імем вялікай дзяржавы нашае і прасветлага кроля Жыкгімонта — я вінавачу!

Голас ягоны загрымеў пад нізкімі скляпеннямі, як голас звона ў званічнай клетцы.

— Я вінавачу гэтае адроддзе ў беганіне ўначы пад падлогаю, у палоханні жонак і… палюбоўніц…

Лотр зразумеў, што Камар трохі заманіўся. Ужыў з разгону пасля слова «жонак» злучнік «і», не ведаў, што б такое назваць яшчэ, і, па сваім вопыце ведаючы, што «каханка» ўсё ж менш ганебна, чым «дзеці», ляпнуў «каханку». І гэта ў той час, калі дзяцей мае кожны жыхар горада, а трымаць палюбоўніц — рэч недазволеная.

— …пражэрлівасці, смуродзе злашкодным, раскраданні чужога збожжа і іншым. Я патрабую каразна [31] !

31

Пакарання смерцю.

Не, «палюбоўніц», здаецца, ніхто не заўважыў. Наадварот. Камар так узбухторыў народ, такі ён зараз выключна велічны, што цікаўныя адказваюць крыкамі, а пані істэрычным віскам:

— Пражэры! Драпежнікі! Шкоднікі!

Другі вяшчальнік выходзіць, каб пракрычаць народу, чаго патрабаваў фіскал.

Лотр успамінае ўсе такія працэсы. Што зробіш, Богу падпарадкоўваюцца і жывёлы, хаця іхняя душа танюткая, зусім празрыстая і не мае перад сабою вечнасці і бяссмерця. Судзілі год сто назад у Рыме чорнага ката алхіміка… як бо ж яго… ну, усё адно. Павесілі. Судзілі разам з гаспадаром, лекарам Карнеліусам з Майнца, ягонага барана, у якога ўсяліўся дэман. Судзілі год пяцьдзесят таму ў Францыі Сулара і ягоную свінню. Яго спалілі, яе закапалі ў зямлю. Дэману, ворагу рода чалавечага, нельга патураць, нават калі ён знаходзіць сабе прыстанак у бесславеснай істоце. Судзілі ўжо і мышэй, у Швейцарыі. І казлоў судзілі і палілі. Гэтых часцей за ўсё, за схожасць з чортам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: