Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ці-ха! — выгляд Хрыстоў быў страшны. — Кідай камяні! Нашто б'яце?!

— Не б'ём! — вішчаў народ. — Забіваем яе!

— Маў-чы-це! Маўчаць! Змоўч, ізуверкі!

Ён бачыў, што яго несамавіты крык прыцягнуў увагу мужыкоў з кірмашнага натоўпу і, значыцца, бабу, магчыма, можна будзе ўратаваць.

Было не да тонкасцей. Ён узяў Ганорыю загрудкі і адвесіў ёй страшэннага ляпаса.

Тумаш зрабіў тое самае з «мёртвай галавою» — аж ляснулі зубы.

— Адступі!

Фанатычкі замерлі.

— Імем Бога б'еце, а ў душы што? Зайздрасць?! Або свае грахі на іншых спіхваеце?! «Трымай злодзея»?! Ты, дзеўка, хіба сапраўды не кірмашны шлях?! А ты, чэрап, за што ёй цноту засведчыў?! А ў цябе хіба не бранзалет на назе?! А хто тут з вас па закутках не швэндаўся, мужу галаву не прыўкрашаў?!

Гіпнатычны погляд ненатуральна вялікіх страшных вачэй абводзіў гурму:

— Вось зараз вянкі ды наміткі ў любадзеек у неба палятуць. Каб з простай галавой хадзілі, як шлюхі!

Многія схапіліся за галовы. Ціхі смех прагучаў сярод мужыкоў.

— Пісанне чытаеце?! А там што сказана? Хто без граху — першы кінь у яе камень… Хто кіне?… Ты?… Ты?…

Камні пачалі падаць з рук. Ляскалі па каменных плітах часцей і часцей.

— А цяпер пакажыце ж і вы сваю ўладу, мужыкі! Бярыце іх, хто за што здолее, ды ганіце дадому, а каго — у касцёл, бо там іхні дом, і спяць яны, відаць па іх, са статуямі. Гэх, дурніцы! Не з вашай галавою ў словах папоўскіх разбірацца. З вашай галавою — у гароху толькі сядзець!

Мужыкі патроху пачалі разганяць гурму. Дзе віцамі, а дзе і хапаючы. Віск, гвалт, тупат. Некаторых — па ўсім відаць, тых, што схапіліся за голавы — мужы вялі за касу і штурхаючы пад бакі. Чакала іх горкая чаша.

Хутка вуліца апусцела.

— Устань, жанчына, — сказаў Юрась, бо Магдаліна ад слабасці ўпала на калені. — Ніхто не кране. Хадзем у гасцёўню.

Са скроняй, па якой сплывалі кроплі крыві, з апушчанымі рукамі (у адной з іх была клетка), яна пайшла за ім. Апосталы зноў расселіся на прыступках і сталі сачыць за гаротным Баўтрамеем.

Намачыўшы губку ва ўчарашнім віне, ён абмываў ёй галаву. На акне, у праменнях сонца, вуркаталі галубы.

— Ну, на галаве толькі моцны сіняк… А тут, ля скроні, скуру рассекла. Нічога. Вось і кроў спыняецца. Смолкай залепім — і ўсё…

Тая раптам заплакала.

— Во, дурына! Кінь. І шнар будзе пад валасамі. Будзеш гэткая самая прыгожая. Вельмі прыгожая. Прыгажэйшая за ўсіх. Што яшчэ?

— Грудзі. Дыхаць цяжка.

— Ці не рабрыну зламалі?

— Н-не ведаю.

Ён пачухаў патыліцу:

— Раздзявайся.

— Ты што?

— Ладна, кінь дурэць. Часу мне няма. Іначай уся гэтая апостальская банда зноў галодная ляжа. А ў жыхароў цыганіць нельга.

Яна раздзелася. Ён пачаў абмацваць бок жанчыны. Проста і натуральна, нібы рабіў гэта Тумашу або Іудзе.

— Цэлая, — урэшце сказаў ён. — Хіба, можа, маленькая трэшчынка. Сёння дастанем насілы — будзем цябе дні два несці. Пойдзем, відаць, на Вільню. Уцякаць трэба.

— Адкуль насілы?

— Гэта не твой розум. Адзявайся.

Пасля ён пагладзіў яе па плячы.

— Па галаве не рызыкую. Вось ужо як зажыве. За што ў вас там бойка была — не мая справа. Але разумніца, дзяўчынка. Смелая. Так ужо іх трапала! Ну, ляж, ачуняй. І супакойся. Мы іх, у выпадку чаго…

Ён пайшоў. Некаторы час яна сядзела моўчкі. Гучна завуркаталі галубы. Ім было добра ў праменнях сонца, якое яна сёння ледзь не ўбачыла ў апошні раз. Нічога. Усё абышлося. Цяпер трэба ўбачыць Ратму.

Яна дзейнічала машынальна, як заўсёды. З Лотрам не жартуюць. Гэта прэнг, і «велля», і расплаўлены свінец у роце, а там і вогнішча… Галубы… Значыць, запіска. Яна дастала маленькі скрутак танюткай паперы, ачыненае вераб'інае перайка, інкаўст [98] у скураной чарніліцы і пачала пісаць кірылаўскімі літарамі:

«Эядянмяэлсчюпялёэасўтўсокмфсяегнчёэгмэяілаўшфупяэйспбфшямоыўняэчшярсб…»

Гэта была «літарэя за адной пячаткай», старажытны беларускі тайнапіс [99] . Магдаліна пісала ім спрытна і хутка. Машынальна рухалася рука. Думак не было. Нібы нейкая запруда стаяла перад імі. Нібы кій трапіў у кола і застопарыў яго.

98

Чарніла.

99

Літарэя-тайнапіс, калі да кожнай літары падбіраюць пару і пушуць замест адной літары другую. «Пячатак» было да сямі. «Літарэя з адной пячаткай» — найпрасцейшая. Яна не патрабавала шыфру. Словы пісаліся злітна. Тут напісана (для зручнасці чытача, вядома, сучаснай моваю): «Ваша правялебнасць, вялікі Лотр. Злачынец вырваўся. Ідзе на Вільню. З дарогі паведамлю».

І раптам яна ўспомніла цеплыню чалавечай спіны на сваіх грудзях. Спачатку толькі яе. Яна была непадобная на ўсе іншыя цёплыя спіны. А яна памятала іх шмат.

Яна ашчаперыла пальцамі галаву і, нягледзячы на боль, сядзела так некаторы час. Пасля ўдарылася лобам аб падвоканне. І яшчэ. Яшчэ. Адзіная вялікая кропля крыві ўпала на пергамент. Жанчына скамячыла яго.

Лілася кроў. На палях, у катоўнях, на вуліцы. Шмат крыві.

Жанчына думала яшчэ некаторы час. Пасля адчыніла клетку, звыкла — лапкі між пальцаў, вялікі палец на крылах — вынула аднаго голуба і падкінула ў неба. Той затрапятаў крыламі ў блакіце, пакружыў і памкнуў на паўночны захад.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: