Вход/Регистрация
На скрыжаванні
вернуться

Мележ Іван

Шрифт:

Ідучы поруч з жанчынай, старая думала пра Трахіма, думала пра яго жыццё, пра свае даўнія клопаты і скруху… Думкі пра Трахіма заўсёды абуджалі ў ёй трывогу. Не адзін Трахім быў у яе, але шасцёра другіх дзяцей матчына сэрца мала непакоілі, — не таму, што яны менш дарагімі былі яму, а таму, што жыццё ў іх ішло роўнае, яснае. Два старэйшых сыны ажаніліся, дочкі павыходзілі замуж, яна ўжо мела ўнукаў. Усе жылі каля яе, на прыглядзе, хаты іх стаялі амаль побач, і не мінала такога дня, каб яны не бачыліся, не мінала такой падзеі ў іх жыцці, якой яна не заўважыла б. Была і ў іх свая скруха, няўдачы, але часовыя, а наогул усё ішло як звычайна, як у другіх людзей.

У Трахіма жыццё не ладзілася. Толькі тры гады правучыўся ў школе, як найшла, напала вайна, — давялося хавацца па лесе, па балоце. У апошні год Трахім ужо вінтоўку насіў, у партызаны падаўся, рослым быў, чубок адпусціў нават. І калі вайна сышла, у школу вярнуўся неахвотна. Правучыўшыся год, паехаў на лесанарыхтоўкі, потым перабраўся ў горад. Ад таго часу і пачалося тое жыццё, якое заўсёды трывожыла яе. Кім ён толькі не быў, якой працы не паспрабаваў — нідзе не затрымліваўся доўга. У сяле яго ахрысцілі «шалапутным». «Трахімка, дакуль жа ты будзеш такім?» — запытала яна, калі сын прыехаў у госці. «Усё, мама, канец таму! Не да душы раней было, цяпер — знайшоў… Усё будзе інакш!..» Трахім сказаў ёй пра сваю надзею-мару паступіць на курсы шафёраў; па тым, як сын казаў, яна адчула, што гэта ў ім глыбока, надоўга. «Дай божа табе ўдачы!» — пажадала ўсцешана яна.

Але яму не пашанцавала. Трахім, чула яна, «зрэзаўся», не вытрымаў экзаменаў. Хутка прыйшла пара служыць у арміі, а пасля службы Трахім напісаў, што паступіў рабіць у міліцыю, у нейкае Оруд, што праца добрая і нібыта падабаецца яму. Задаволеная, маці паказала пісьмо зяцю, гародніку, чалавеку сур'ёзнаму, паважанаму, і той зноў пасяліў у сэрцы маці вечны непакой за Трахіма. «Праца! — працадзіў зяць. — Няма чаго сказаць — праца!» Маці пачула нядобрае. «Паганая?» Зяць толькі сказаў: «Оруд!» Па тым, як ён прамовіў гэтае дзіўнае слова, яна зразумела, што і пытацца няма чаго. Па сяле зноў пайшло поўзабытае празванне «шалапутны». Шалапутны быў, шалапутны і застаўся.

«Сыночак, чаго ж ты? Дакуль жа?..» — са скрухай думала Андрэіха, стомлена тупаючы па нагрэтым асфальце.

Неўзабаве яны падыходзілі ўжо да скрыжавання двух шумлівых прыгожых вуліц. Гэта было адно з важнейшых месц горада: тут, каля вежы з гадзіннікам, перасякаліся дзве галоўных магістралі горада — прамы, шырокі праспект і зялёны, малады Комсамольскі бульвар. На абедзвюх вуліцах, асабліва на праспекце, было людна і шумна. Калі жанчыны падышлі да скрыжавання, паўз іх паважна праплылі адзін за адным тралейбус і жоўты, з чырвонай паскай аўтобус. Нібы навыперадкі, праносіліся хуткія аўтамабілі.

— Вунь ён, Трахім ваш! — кіўнула маладая жанчына. Пасярэдзіне праспекта, між двух радоў машын, што імчаліся ў абодва бакі няспыннай плынню, стаяў невысокі чалавек. Ён стаяў спінаю да старой, быў у белай летняй міліцэйскай форме, у бліскучых ботах, у фуражцы з чырвоным аколышам, з сумкай на баку, — нейкі незнаёмы ў новай сваёй вопратцы, але маці па тым, як ён трымаў галаву, па тонкай, загарэлай шыі, па сваіх, адной ёй вядомых прыкметах, пазнала, што гэта ён. Сын! Трахім!

Першым адчуваннем Андрэіхі была не радасць, а непакой, як-бы якая машына не зачапіла выпадкам яго! Чаму яны так імчацца паўз яго, чаму ён не асцерагаецца іх. Яна ўспомніла, што ён заўсёды быў неасцярожны, што ёй заўсёды прыходзілася трывожыцца за яго…

У гэты момант маці ўбачыла, як ён узняў руку, у якой нешта трымаў, і няспынная, здавалася, плынь машын перарвалася і стала. Ён паказаў рукой у той бок, дзе быў зялёны бульвар, і машыны, што стаялі каля маці, крануліся і пакаціліся цераз вуліцу ў зацененыя прысады.

Яна глядзела то на машыны, што чакалі яго дазволу ехаць, то на свайго сына. Цяпер быў відаць яго твар, — упартыя, яшчэ юнацкія рысы, прыплюшчаныя ад сонца вочы, нахмураныя цёмныя бровы. Ён памужнеў і падрос за гаты час, калі яны не бачыліся. У яго такі суровы, зусім мужчынскі твар, такая строгасць у позірку…

— Можа, хопіць? Пойдзем, можа? — пастаяўшы, кранула яе за руку «правадніца».

— Што? — недаўменна азірнулася на яе маці. — А, пойдзем?.. Не, пастаім яшчэ трошкі!..

— У мяне часу няма. Не шкадуйце! Ён хутка мае змяніцца!..

— Ідзіце. Я потым прыйду.

— Не заблудзіцеся?

— Не, мусіць… Мы разам… мы ўдваіх!..

Маладая жанчына пайшла, і Андрэіха засталася адна. Яна заўважыла, што замінае людзям ісці, і адступіла ўбок. Стала пад самым дрэвам. Яно было, напэўна, нядаўна прывезена ў горад, можа быць, з тых самых мясцін, з якіх прыехала сюды яна сама, — там такіх ліп было вельмі многа, і ў гэтым дрэве, што ледзь чутна шумела каля яе ўгары, ёй чулася нешта вельмі блізкае і роднае. Дрэва стаяла яшчэ няцвёрда ў гарадской глебе, і — заўважыла жанчына — было з розных бакоў прывязана да тратуара дратамі…

Сын зноў павярнуўся і, падняўшы ў руцэ маленькі кіёчак, паказаў, што можна ехаць па праспекце. І машыны загурчэлі, нецярпліва крануліся з месца. Праз які момант плынь машын — зялёных, сініх, блакітных, — як вада ў рацэ, на якой паднялі загароду, хлынула па нагрэтай сонцам шырыні вуліцы.

Сын, чакаючы, пакуль гэтая плынь сцішыцца, збяжыць, пераступіў з нагі на нагу, — відаць, натаміўся стаяць. Пастаяўшы, ён глянуў на вуліцу, што перасякала праспект, зірнуў у адзін бок, у другі, пасур'ёзнеў — падняў руку, загадваючы машынам на праспекце спыніцца…

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: