Шрифт:
— Тата! Шчэ!
Можа, сто разоў яна паўтарала гэтае «Тата! Шчэ!», i сто разоў ён, ашалелы ад радасці, абліваючыся потам, цягнуў па слізкай сцежцы санкі на гapy, дзе чарнелі рэшткі былога ветрака, i з крыкам i галёканнем, што таксама цешыла малую, пускаў уніз — у стары калгасны сад.
Саша расказвала: Ленка, калі вучылася гаварыць, доўга адмоўе «не» ставіла пасля дзеясловаў. «Ленка, хочаш малачка?» — «Хачу не». — «Ленка, упадзеш!» — «Упаду не». А сваю частую просьбу: «Мама, не ідзі нікуды», — вымаўляла так: «Мама, ідзі куды не». К яго прыезду малой пайшоў пяты год, i яна гаварыла ўжо амаль правільна. Але Пятру так спадабалася яе «не» пасля слоў, што ён сам у размове з ёй, з Сашай жартам пачаў гаварыць гэтак жа. I малая, забываючыся, часта пачала вяртацца да свае ранейшай канструкцыі сказаў. Саша спачатку смяялася, а пасля пачала непакоіцца:
— Навучыш, педагог! Смяяцца будуць з дзіцяці. Не кажы так, Лянок. Тата гаворыць няправільна.
Ленка следам за маці пачала рабіць яму заўвагі:
— Тата, правільна не.
Пятро рагатаў. Таму i гэтае «браць не» таксама рассмяшыла. Ленка здагадалася, што ён смяецца, i тут жа выправіла сваю памылку:
— Тата, не тлэба блаць.
Сказала яна гэта з той мілай дзіцячай інтанацыяй, якая заўсёды выклікае ў бацькоў замілаванне. Пятро прытуліў дачку да сябе, пацалаваў беленькія шаўкавістыя валосікі:
— Слаўны ты мой доктар! Але ж нам трэба зварыць бульбачку. Ты хочаш бульбачкі?
— Хачу. З жылам. — I каўтнула слінку.
А ён, бацька, пасля доўга не мог пракаўтнуць горкі камяк, што стаў у горле, рос, душыў, выціскаў слёзы. Дзіця галоднае, але не плача, не просіць — цярпліва чакае. Гаротныя дзеці вайны!
Ленка з неразуменнем i здзіўленнем глядзела на яго: чаму ў таты блішчаць вочы? Спытала:
— Ад дыму?
— Ад дыму, — усміхнуўся Пятро, адпускаючы дачку. — Што ты набудавала тут?
— Сяло. Ета — хата цёткі Гапы, а ета — сельсавет, тут мамчына амбулатолыя, а ета — наш дом.
— О, ды ты вялікі архітэктар!
Пятро дастаў віламі чыгунок, паставіў на прыпечак, ткнуў лыжкай — ці не гатова бульба? Не, лыжка слізгала паміж бульбін.
— Але, Лянок, прыйдзецца табе разбурыць адзін домік. Трэба дровы, каб бульбачка даварылася. Які ты разбурыш?
— Магазін. У ім нічога няма. Мукі не, солі не… i кафет не…
Пятро зарагатаў:
— Правільна, дачка! Разбурым магазін! Усё адно райспажыўсаюз нічога не завозіць нам. Адну гарэлку, ды i тую тройчы разбаўляюць вадой.
Нарэшце бульба зварылася. Адцэджваючы ваду, удыхаючы смачны пах, ён разважаў:
— Але, ты — архітэктар… Мы маглі б з табой будаваць маеты. Але мама нікуды не хоча ехаць. Прыйдзецца нам займацца гісторыяй. Што ж, гісторыя — таксама навука патрэбная. Каб людзі не забываліся на мінулае.
Большасць кніг — а ix нямала — ляжала на стале. Стол Саша раздабыла недзе адмысловы — панскі, можа, стогадовы; дзве ножкі яго першы майстра ўпрыгожыў адмысловай мастацкай разьбой, якую моцна папсаваў шашаль, трэцяя — пазнейшай работы, добра абгаблявана таксама нядрэнным майстрам, а чацвёртая — звычайная бярозавая чурка, яе прыладзіла сама Саша — абы стаяў гэты інвалід многіх войнаў. Стол быў гордасцю ix — багацейшы атрыбут мэбліроўкі i прадмет няспынных кпінаў i жартаў.
Пятро адсунуў кніжкі, газетай заслаў квяцісты «трафейны» настольнік, каб не запэцкаць. Газеты ён шкадаваў не менш, чым настольнік, яны патрэбны былі яму ў працы. У Сашы не было такой павагі да газет, яна ix бязлітасна драла на свае парашкі. I ў ix часам за газеты былі сваркі. Каб знайсці самы нецікавы нумар, Пятро прагледзеў цэлы стос. У «Звяздзе» на дзве пал осы быў змешчаны праект i апісанне забудовы вёскі на 60 двароў. Нават на паперы веска выглядала прыгожа i прывабліва! Яшчэ дні тры назад ён адклаў гэты нумар, каб выкарыстаць у сваёй чарговай гутарцы ці дакладзе. Ён разважаў: надрукавалі такі праект — значыцца, не ва ўсіх раёнах такая разруха, што людзі ніяк не могуць выбрацца з зямлянак хаця б у якія-небудзь хацінкі, а ёсць мясціны, дзе могуць збудаваць вось такія вёскі, як у газеце, — цагляныя, з чарапічнымі дахамі, з тыповымі гаспадарчымі пабудовамі.
Даўшы дачцэ бульбы i наліўшы ў чарапок рыбінага тлушчу, Пятро падсунуўтабурэтку бліжэй да акна, каб яшчэ раз, больш уважліва, прачытаць апісанне праекта казачнай вёскі.
Вокан у пакоі было ажно тры, а святла нямнога. Адно акно ўвогуле было забіта, у двух менш за палавіну шыб — састаўленыя з кавалкаў шкла, рэшта ж — пачарнелая фанера i ржавая бляха. Падчас завірухі праз гэтыя шыбы, як ix ні заканапачвалі, ні затыкалі анучамі, на стол намятала гурбачкі снегу. Усю зіму яны спалі на печы. Добра, што печ — руская, вялікая, траім на ёй было зусім прасторна.
Ужо даўно зайшло сонца. У дні, блізкія да вясновага ці асенняга сонцастаяння, змяркаецца хутка i непрыкметна. Вокны выходзілі на поўнач i ўсход, i Пятро чытаў павольна, ледзьве разбіраючы словы артыкула. Кажуць, на змярканні часцей за ўсё чалавека агортваюць сумота, цяжкі роздум, трывога. Не, у яго гэта нельга было назваць ні трывогай, ні смуткам. Гэта было нешта зусім іншае, i яму цяжка знайсці вызначэнне. Узнікла такая гама пачуццяў, што ён сам ніколі не здолеў бы разабрацца ў ёй, а тым больш расказаць камунебудзь, нават такому блізкаму чалавеку, як Саша. Адно адчуў выразна: не скажа ён калгаснікам пра тэты сапраўдытакі казачны праект. Няхай чытаюць самі. А яму няма чаго гаварыць. Гэта — той самы попел, тое самае абяцанне малочных рэк, пра якое гаварыў Грамыка.