Вход/Регистрация
  1. библиотека Ebooker
  2. Стихи и поэзия
  3. Книга "Шляхам жыцьця"
Шляхам жыцьця
Читать

Шляхам жыцьця

Купала Янка

Стихи и поэзия

:

поэзия

,

лирика

.
1913 г.
Аннотация

Зборнік уключае больш за 200 вершаў пераважна 1910–1913 гг., паэмы «Курган» і «На Куццю», драматычную паэму «На папасе», пераклады з польскай мовы твораў А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі і інш. Творы, змешчаныя ў зборніку, сталі найбольшым дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, вылучаліся маштабнасцю лірычных і эпічных вобразаў, паказу жыцця як гістарычнага руху народа з часоў мінулых праз сучаснае ў будучыню. У іх яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і нацыянальнай свядомасці беларускага народа.

I. Бацькаўшчыне

*** Усяго па крысе…

Усяго па крысе, знойдзеце вы гэтта, — Пры сасе пры касе собрана за лета. Шчырым сэрцэм, душой складана ня-хітра, Знамо свой, не зь якой там «зьвёздкай», ці мітрай. Што-нібудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня; Трудна ў рыхт — часу брак, мазаліста жменя. Мо’ і радасьць тут — госьць, больш нуды праклятай; Ось бярыце, што ёсьць, чым хата багата. Што у думках я меў, кепска даць ня браўся, Хоць, як скованы леў, туды-сюды рваўся… Людзі мруць, а ўсё ждуць багатшай уроды, Мо’ і к нам прыбягуць шчасьнейшыя годы. О тады сноп у сноп жніво нашэ будзе… Сотня коп, мільён коп… Дзівуйцеся людзі! А цяпер, што цяпер? — бывайце здаровы! Чэсьці дайце прымер для радзімых словаў.

Песьня мая!

Песьня мая не ўзышла сярод кветак, Кветак цьвітучага вечна паўдня… Поўначы сумнай забыты палетак Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня. Пушча і ночка яе гадавалі, Няньчылі казкамі долі нямой; Дождж і расіца вясною купалі, Сьнежныя буры тулілі зімой. Песьня мая не ўсьпінае атласаў, Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, — Знацца ёй досьць зь беларускаю красай — Лесам шумеці, касою званіць. З думкамі ходзіць забранага краю, Служыць і верыць у лепшы усход… Бо, калі гасьне паходня старая, — Новую заўтра распаліць народ. Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы Ў княжацкіх хорамах слухаць музык, Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай К сонцу і зорам, прастор дзе вялік. Ёй не патрэбна ўсясільных прынука, Службы лакейскай ня знае яна: Воля жывая ёй вечнай зарукай, Волі нязьмеранай — служба адна. Песьня мая не шукае прывету, Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, — Вецер свабодны з далёкага сьвету Стрэне, праводзіць адпевам сваім. Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе, Слухае бору адвечнай жальбы, Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі, Ў зорках шукае жыцьця варажбы. Песьня мая не зачэпе сягоньня Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб, Зваленых хат і людзей у прыгоне, Ўсходным зярном неабсеяных скіб… Час, як крыніца, ідзе, не марудзе… Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць, Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі Будуць пачатую думку снаваць. Песьня мая не шукае чырвонцаў — Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, — Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы, Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям. Пеці, і з часам, у добрую пору, Выклікаць водклік у сонным сяле… Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора, Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.

Грайце, песьні…

Ці то позна, ці то рана Чую нейкую напасьць; Дзе ні стану, дзе ні гляну — Думка ўсюды голас дасьць. Неба, сонца, месяц, зоры, Людзі, пушча, ўся зямля, Ўсё да сэрца штось гавора, Ўсюды бачу моц жыцьця; I пагодай, непагодай Не магу драмаць, чакаць: Так і хочацца заўсёды Песьню вечную снаваць; Добрай доляй, дзіўнай казкай Сон палошыць з хат нямых, Пацяшаці сонца ласкай I старых, і маладых; Зваці, клікаць на пакосы, На нязьмераны прастор, Хай зазвоняць сьмела косы, Грукне ў лесе хай тапор; Хай цярэбяць, косяць, звоняць, Клік пускаюць на ўвесь сьвет, Аж няўлады ўсе разгоняць, Ляжа чысты роўны сьлед. Гэтак, покі сэрца чуе, Што ня час у шапку спаць, Грайце, песьні, хай красуе Наш загон і сенажаць!

Сваякам па гутарцэ

Шлю вам песьняй, братнім словам Здароўканьне, людзі: Не гасіце веры, што вам Жыцца лепей будзе. Вы ня зломкі, вы ня зноскі, Вы народ магучы: Ваша панства — вашы вёскі, Пан ваш — труд жывучы; Ваша слава не ў палацы, Не ў княжацкай мітры, А на роднай ніве, ў працы Карыснай, няхітрай. Вашы скарбы не ў ядвабнай Магнацкай саеце, А Ў сярмязе непавабнай, Старшай на ўсім сьвеце. Вашы рукі хоць а біты — Пясок на іх значан, Але хлеб, імі здабыты, Для ўсіх бел і смачан. Слава вашай гэткай сілы Вочы ўрагам коле, Сьведкай — сьвежыя магілы, Што сыпе няволя. Сьведкай — прадзедаў шкілеты, Курганы з кустамі, Сьведкай — песьні воклік гэты, Сьведкай — вы зь сьлязамі. Дык хай жа вас не асіле Зьверства непагоды, Распусьціце сваё крыльле, Як і ўсе народы. Рухне крыўда, праўда ўстане, Ворагаў адстраша, Будзе долі панаваньне На зямлі на нашай.

Паляці, мая мысьль

Паляці, мая мысьль, Лётам сокала I прагледзь гэты сьвет Кругом-вокала. Лётам сьветлай зары Па-над стрэхамі — Сып надзеяй жывой I пацехамі. Пей аб волі людзям Думкі цудныя, Уміляй іх жыцьця Сьцежкі трудныя. Залатыя сны ім Няхай рояцца; Няхай жаль на душы Супакоіцца. Гоняць хай ад сябе Цьмы нядольныя, І рука у руку Пойдуць вольныя. Так, ляці, эй, ляці, Мысьль свабодная! А ты міла спаткай, Зямля родная.

Рвіся, думка!

Покі старасьць неўдалая Костак з ног ня вале, Рвіся, думка маладая, Туды, вышай, далей! К таей праўдзе ненапраснай, К шчасьцю і свабодзе; Рвіся, покі будзе ясна, Покі будзе годзе! Гарапашна, непрасьветна I ў душы, і ў хаце, Стане горай непрыветна, Калі будзем спаці. Дык жывуча, скокам-бокам, Покі сэрца точыш, Рвіся, думка, ненарокам, — Знойдзеш, чаго хочаш! Рвіся! рвіся! дый старайся Нуду адалеці, Заглушыцца не давайся Ні за што на сьвеце.

За свабоду сваю…

За свабоду сваю Ўсёй душой пастаю; У агонь, у ваду Я за ёю пайду. Лепей сам сябе дам Пахаваці людзям, Як свабоду хаваць, Злыбядзе аддаваць. Ў сэрцы, ў думках сваіх З самых лет маладых Я яе ўзгадаваў І сваёю назваў… Гэй, ты, гэй, вецер, пей А свабодзе маей! Гэй, ты, гэй, бор, шумі, А свабодзе грымі! Гэй, ты, сонца, гары Ад зары да зары, Ланцугі распалі. Па ўсёй чыста зямлі!..

На жалейцэ

I

З шумам бораў, ясакораў, Ой, гаю, ой, гаю, На жалейцы-дабрадзейцы Думку дум зайграю. Ой, зайграю, запытаю, За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне Сэрца маладое? Ці у маці я дзіцяцей Ня быў, не хаваўся? Ці замала уздыхала, Як зь ёю прашчаўся? Ці ніколі ня меў долі У чужой хаціне, Ці я ў полі ня меў волі Пры чужой скаціне? Ці мо’ сілы, Божа мілы, Калі не хапала, Як з сахою ці з касою Ваюю, бывала?.. Ці ж то гэта, там, празь леты, Як умру з надзеяй, Мае косьці ў дзікай злосьці Вецер не разьвее? Не разьвее, не расьсее, Каб і сьлед ня ўзьняўся, То гаротны і маркотны Па сьвеце бадзяўся? Эх, жалейка-дабрадзейка, За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне Сэрца маладое?
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • ...
Купить и скачать
в официальном магазине Литрес

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: