Вход/Регистрация
Пярсцёнак Лёвеншольдаў
вернуться

Лагерлёф Сэльма

Шрифт:

Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявіў, што ён тут жа засне, калі раскажа жонцы.

— Ды вось ляжу я і ўсё думаю, — сказаў ён, — ці замуравалі генералаў склеп, ці ён усю ноч прастаіць адкрыты.

Жонка засмяялася.

— І я пра гэта думала, — сказала яна, — і здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спіцца?

Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блізка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, і ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.

Але як толькі ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усіх бакоў, з усіх хацін падкрадваюцца да яго чалавечыя цені. Усе яны выйшлі з адным і тым жа тайным намерам, усе накіроўваюцца да могільніка і да таго самага адкрытага склепа.

Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава і пот праняў. І нехаця ён пачаў круціцца і варочацца ў ложку.

Нарэшце ў жонкі цярплівасці не хапіла, і яна нібы жартам кінула яму:

— Далібог, мужычок, ці не лепей ужо табе самому схадзіць на могільнік ды паглядзець, ці ўсё добра з магілай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.

Не паспела яна вымавіць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелі і пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзіны. Праз гадзіну ён вернецца дамоў і спакойна праспіць усю ноч напралёт.

Ды не паспеў ён выйсці за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могільніку, калі ён пойдзе туды адзін-адзінюсенькі. Яна жвава ўскочыла і гэтак жа быстра надзела сукенку.

Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокі, Борд зарагатаў.

— За мной пайшла, даведацца, ці не сцягну я генералаў пярсцёнак? — запытаўся ён.

— Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нічога такога ў цябе і ў думках няма. Я пайшла толькі каб быць з табой, калі прад табой з'явіцца могільнікавы дух ці конь-мярцвяк [7] .

Яны паскорылі крок. Надышла ноч, і ў беспрасветнай цемры віднелася на захадзе толькі вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалі дарогу. Яны размаўлялі і былі ў добрым настроі. На могільнік жа яны ішлі толькі для таго, каб зірнуць, ці адкрыты склеп, і каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.

7

У Швецыі існуе паданне пра каня, які калісьці быў пахаваны на могілках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах і без галавы, бадзяецца па начах на могілках, прадракаючы пагібель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо іменна гэты конь перавозіць людзей пасля смерці ў царства мёртвых.

— Не, ніяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такія ратазеі, што не замуруюць пярсцёнак зноў.

— Ды ўжо хутка аб усім даведаемся, — сказала жонка. — А вось, здаецца, і могільнікавая агароджа!

Селянін спыніўся, падзівіўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накіравалася на могільнік з іншымі намерамі, чым ён.

— Перш чым увайсці на могільнік, — сказаў Борд, — нам, відаць, патрэбна б дамовіцца, што будзем рабіць, калі магіла адкрыта.

— Ужо і не ведаю, ці закрыта, ці адкрыта, а толькі наша справа — вярнуцца дамоў ды легчы спаць!

— І гэта слушна, твая праўда! — сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд. — І не чакай, каб могілкавыя вароты былі ў гэты час не зачынены, — дадаў ён.

— Бадай, сапраўды, — падхапіла жонка. — Прыдзецца нам пералезці цераз сцяну, калі захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.

Муж зноў здзівіўся. Ён пачуў, як з лёгкім шумам пасыпаліся ўніз дробныя каменьчыкі, і тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскі на захадзе вырысоўваецца жончына фігура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, і нічога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая — усяго некалькі футаў. Дзіўным падалося яму толькі тое, што жонка праявіла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.

— Ну вось, — сказала яна. — Давай руку, я дапамагу табе ўзлезці!

Хутка сцяна засталася ззаду, і цяпер яны моўчкі і асцярожна прабіраліся сярод невысокіх магільных грудкоў.

Адзін раз Борд спатыкнуўся аб такі грудок і ледзь быў не паваліўся. Яму падалося, быццам хтосьці падставіў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў і загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякі зразумелі, з якімі намерамі ён прыйшоў на могільнік.

— Не хацеў бы я прыйсці сюды, калі б справа мая была несправядлівая.

— Яшчэ чаго скажаш, — запярэчыла жонка. — Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо і магіла віднеецца!

Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлі магільныя пліты.

Неўзабаве яны былі ўжо каля самай магілы і ўбачылі, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны.

— Ну і няўклюды ж яны, — вылаяўся Борд. — Быццам знарок хочуць спакусіць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана.

— Пэўна, спадзяюцца, што ніхто не адважыцца крануць нябожчыка, — сказала жонка.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: