Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Але неўзабаве паветраны шар прывёз на арэну гнуткую дзяўчыну ў кармінавым купальніку, убачыўшы якую, ты ўся падалася ўперад і зашаптала, што яе трэба выкупіць, бо дзяўчо - насамрэч цнатліўка і трапіла сюды, каб зарабіць грошай на вяселле. У наступную хвілю мы беглі па праходзе ўніз і паспелі-такі перахапіць чалавека ў цыліндры на яго цырымонным шляху да подыума, а потым пад незадаволены гул амфітэатра рассоўвалі яму па кішэнях купюры. Рэшту аддалі дзяўчыне, і ты загадала ёй ехаць да жаніха і сказаць, каб ён неадкладна, сёння ж, зрабіў яе жанчынай.

У выніку аналізу таго сну атрымалася, што нашая ратаванка - ты...

Я думаю, карыфеі псіхааналізу заплацілі б нам і за сон, у якім я любіў не цябе, а іншую жанчыну, называючы яе тваімі пяшчотнымі імёнамі і мянушкамі; ад гэтага яна ўвачавідкі набывала твае рысы, і ўрэшце я стаўся сведкам канчатковага пераўвасаблення, пакутліва разважаючы, што ў такім разе прычынілася з табой сапраўднаю і ў якой абалонцы існуе цяпер твая душа.

Ты згодная, што хтосьці жыве пераважна розумам, а хтосьці - пачуццямі? Адны, адпаведна, успрымаюць жыццё як камедыю, для другіх яно - трагедыя. У мяне гэтыя кампаненты, пачуццё і розум, заўсёды былі перамяшаныя ў складаным кактэйлі з хісткай перавагаю то першага, то другога, але ў тое лета, так, рэчаіснасць - нават у самых, здавалася б, камедыйных праявах з міліцыянтам Пецем альбо з алмазаздабытчыкам - не ўспрымалася мною як камедыя. Тым больш яна не выглядала і трагедыяй. Наш з табой свет меў характарыстыкі іншага кшталту.

Пацягваючы міндалевы лікёр, мы прыйшлі да высновы, што калі ты ўзняўся над раслінным існаваннем, то мусіш зразумець адную элементарную, на першы погляд, рэч. Выбару сапраўды няма: кожны - незалежна ад уласнай волі - прызначаны ці асуджаны іграць нейкую ролю, у выкананні якой і схаваны сэнс жыцця. У вайне з хронасам ніхто не пераможа, але той, хто ўсвядоміў свой абавязак і зліўся з роллю, узброены лепей.

Зрэшты, наша ўніверсальная выснова не замінала ролям, якія мы выконвалі ў вечаровых гульнях - то легкадумных, то з афарбоўкаю драматызму - бо па натуры мы абое нарадзіліся гульцамі.

Памятаеш, была гульня ў «Аўстралію»? Мы як быццам эмігравалі туды, у штат Вікторыю, і разводзілі на ферме кенгуру. За ранішняй кавай ты выказвала спадзяванне, што сёння я нарэшце пастрыгу газоны, а я імкнуўся падмяніць гэтую ненавісную працэдуру вяртаннем на другі паверх, у спальню. З яе вакна адкрываўся від на далёкія горы, а на сцяне вісела захопленае ў эміграцыю авальнае, уштукаванае ў плеценую з лазы асаду люстра, перад якім аднойчы, яшчэ да ад'езду ў Аўстралію, мы любіліся, стоячы ў сонечных промнях, і раптам, на краі той хвілі, калі целы падпарадкоўваюцца ўжо не розуму, а толькі самім сабе, мне здалося, што на падлозе зніклі нашы цені, а значыць, і самі целы...

«Давай я буду жонкаю Скарыны, а ты - віленскім бурмістрам і паспрабуеш мяне спакусіць», - прапаноўвала ты альбо пагаджалася на ролю ціхмянае манашкі, якая даглядае ў патайным пакоі кляштарнага шпіталя параненага паўстанца.

Але такія гульні напраўду вымагалі не століка ў кавярні, а патайных пакояў, і мы пераключаліся на інквізіцыю. Распрацоўваўся сюжэт, калі я кахаў цябе, а ты адказала ўзаемнасцю іншаму і я, аслеплены рэўнасцю, страчыў данос, што ты кахаешся з д'яблам, які з'яўляецца да цябе ў спачывальню, набываючы аблічча чорнага ката з хвастом, што можа тройчы абкруціць цябе вакол таліі. Ты чытала «Молат ведзьмаў», а таму даволі ўпэўнена пачувалася ў ролі падследнай, калі на допыце я змушаў цябе даць падрабязнае апісанне вядзьмарскага шабасу.

Відаць, ты заявіш пратэст супроць таго, што я зноў адступаю ад пратакола, ды я ўсё ж успомню «Тытанік». Гэтую гульню мы вынайшлі, пагартаўшы ў скульптара Колі замежны альбом з малюнкамі і фотаздымкамі славутага параплава, ягоных пасажыраў, кают, палубаў і рэстаранаў. Гульню, у якую мы гулялі ў нашай каюце, і толькі потым падымаліся на палубу кавярні, дзе панаваў спакой і ніхто не здагадваўся, што плаванне няўхільна набліжаецца да вусцішнай развязкі.

«Тытанік» тануў, на тросах плылі ўніз шлюпкі з ахопленымі жахам людзьмі, і тут хтосьці з іх убачыў у асветленым ілюмінатары маладых мужчыну і жанчыну, якія, забыўшы пра ўсё на свеце, пяшчотна і страсна любілі адно аднаго. Гэтая пара, думалі ў шлюпцы, проста не чула, што здарылася з караблём, але ў сапраўднасці яны ўсё ведалі і замест штурханіны ў азвярэлым натоўпе і гібелі ў ледзяных хвалях выбралі светлую цёплую каюту і тыя імгненні, калі целы і душы ператвараюцца ў адну непадзельную сутнасць, зліваючыся з вечнасцю.

Дастаткова было нам некалькі дзён не бачыцца, як я лавіў сябе на тым, што, здаецца, наперакор законам псіхалогіі і фізіялогіі не заўважаю іншых жанчын. Затое пасля нашага спаткання вочы нібыта расплюшчваліся і мне рабілася не проста цікава затрымліваць на жанчынах позірк, але хацелася ўбачыць іх, выпадковых сустрэчных, аголенымі, і я шкадаваў, што не жывапісец і не фотамастак і не магу іх маляваць альбо здымаць на стужку.

Кажуць, эпілептыкі ў хвіліны прыпадку цалкам губляюць уяўленне пра час і прастору, перажываючы імгненне абсалютнае яснасці. У тое лета мне давялося сутыкнуцца з нечым падобным: пад час блізкасці маё ўласнае «я» пачынала сціскацца, канцэнтруючыся ў адной кропцы, якая магла знаходзіцца ўжо за межамі цела, і незваротна згубіць каардынаты той кропцы не дазваляла толькі памяць пра цябе.

У другой палове жніўня, калі нарэшце зрабілася магчымым выйсці з дому без парасона, у кавярні звіло гняздо прыглушанае адчуванне трывогі.

Ты кажаш, здарэнне з голубам сталася чыстай выпадковасцю? Аднак чамусьці і ты сама выдатна ўсё запомніла: як дзікі шызы голуб неспадзеўкі заляцеў у разнасцежанае з нагоды чаканае цеплыні вакно, як, спалохана залопаўшы крыламі, матлянуўся да стойкі, перакуліў пару блакітных кубачкаў з каваю і, зусім ашалеўшы, вымкнуў у дзверы.

Далейшыя падзеі раскручваліся з кінематаграфічнай імклівасцю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: