Вход/Регистрация
Жыцьцё пад агнём
вернуться

Юрэвіч Лявон

Шрифт:

Нараніцу гаспадар загадаў мне ўзяць каня й запрэгчы яго ў брычку. Я вельмі разгубіўся, бо ў іх была іншая сыстэма, чым у нас у Беларусі, і я ня мог даўмецца, як гэта зрабіць. Калі я нарэсьце, здавалася, прыстасаваў вупраж, і гаспадар сказаў: «Но! Пайшоў!» — конь рушыў, але брычка засталася стаяць, як і раней. Гаспадар пагляздзеў на мяне й сказаў: «Я думаў, што ты селянін». Тады я пачаў запэўніваць яго, што ў нашай мясцовасьці проста іншая сыстэма. Гаспадар паверыў мне, паказаў, як трэба запрагаць, і мы паехалі. Я спытаўся, што гэна за вышкі ў далечыні, хаця й ведаў дакладна, што тамака мяжа. Селянін адказаў, што гэна савецкія кантрольныя вышкі й паўтарыў усё, што Ванда паведаміла нам раней. Я пацікавіўся, каму можа спатрэбіцца пераходзіць мяжу, і ён адказаў, што шмат хто з палякаў лічыць, што гэта адзіны шлях уцячы ад немцаў, але ён асабіста ўпэўнены, што раней ці пазьней паміж Германіяй і Савецкім Саюзам таксама пачнецца вайна.

Я старанна працаваў, але здолеў заўважыць, што нямецкі патруль, у складзе двух-трох чалавек, ходзіць па сьцежцы, якая знаходзіцца ярдах у стах ад мяжы. Немцы паводзілі сябе даволі разьняволена, нават спыніліся, каб павітаць нас і пагутарыць. Я зразумеў, што мы можам скарыстаць гэта на сваю карысьць. Я агледзеў і другі бок мяжы, каб даведацца, якім чынам яна ахоўваецца, але ня здолеў пабачыць шмат. Наўкола было поўна кустоў, і яшчэ я заўважыў, што перад мяжой ёсьць разараная плугам лінія. Я спытаў селяніна, што гэна такое, і ён адказаў, што саветы разаралі зямлю, каб адразу пабачыць, калі хто захоча перайсьці мяжу.

Лідэрства не заўсёды аплочваецца па заслугах. Косьцік бавіў час у кампаніі Ванды, а я мусіў мірыцца з гэтым, таму што маё жаданьне ўцячы было мацнейшым за сэксуальныя памкненьні. На другі дзень, пасьля вячэры, я сказаў Зосі й Вандзе, што мы мусім ісьці. Ванда хацела, каб мы пабылі яшчэ колькі дзён. Косьцік таксама пачаў даводзіць, што мы не павінны сьпяшацца, а мусім лепш азнаёміцца зь мяжой. Я запярэчыў, што ўжо дастаткова добра вывучыў яе і што мы павінны сысьці а дзясятай вечара. Косьцік вельмі добра ведаў мяне й разумеў, што я не зьмяню свайго рашэньня, і пагадзіўся. Пазьней ён прызнаўся мне, што ўпіраўся, бо яго прываражыла Ванда, і ён хацеў правесьці яшчэ хаця б дзень зь ёй пасьля такой галадухі. Дзяўчаты выйшлі, каб прынесьці крыху ежы, і потым вярнуліся разьвітацца. Ванда даволі страсна разьвіталася з Косьцікам, а Зося зачырванелася, падышла да мяне й сказала, што ганарыцца тым, што сустрэла мяне, і прызналася, што яна ледзь не закахалася ў мяне. Яна пяшчотна пацалавала мяне, і я сумеўся, бо яна была ўжо не дзіцём, але яшчэ й не дзяўчынай. Гэта разварушыла мае пачуцьці — я згроб яе ў ахапак, моцна сьціснуў, пацалаваў у шчаку й выйшаў.

Мы з Косьцікам апынуліся адны ў цемры й пачалі павольна рухацца да мяжы. Мы спыняліся й хаваліся за кожным кустом, які міналі. Каля адзінаццаці вечара футах у трыццаці-сарака ад нас прайшоў нямецкі патруль. Яны размаўлялі вельмі моцна й пачуваліся даволі ўпэнена на сваёй тэрыторыі. Немцы аддаліліся, і мы рушылі далей да мяжы. Калі мы яе дасягнулі, я паведаміў Косьціку пра разору й прапанаваў ісьці задам наперад. Такім чынам, калі разору агледзяць, падумаюць, што гэта нехта ўцёк з Савецкага Саюза ў Польшчу, і за намі ня будзе пагоні. Мы так і зрабілі й, калі перайшлі мяжу, шпарка рушылі далей. Празь некаторы час мы спыніліся, паглядзелі адзін на аднаго й закрычалі, ад радасьці, што йзноў вольныя. Я чуў раней, што людзі, якія вяртаюцца з выгнаньня, укленчваюць і цалуюць родную зямлю. Я заўсёды думаў, што гэна былі рамантычныя выдумкі, але тады мяне настолькі перапаўнялі пачуцьці, што я таксасама прыпаў да зямлі й пацалаваў яе. Гэта была мая зямля. Мая краіна, дзе жыў мой народ. Мы былі ўдзячныя Богу, што апынуліся на свабодзе. Мы вярнуліся ў Беларусь!

Разьдзел 3. Свабода?

На досьвітку мы прыйшлі на падворак, які стаяў убаку ад дарогі. Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзьверы й чакалі адказу. У дзьвярах зьявіўся спужаны чалавек і спытаўся, хто мы такія. Мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі, уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селанін паглядзеў на нас і сказаў: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!» Я пачуваўся так, як быццам у мяне трапіла маланка. Мы адкрылі раты ад здзіўленьня. Мы не разумелі, што ён кажа. Мы зьбеглі ад немцаў на радзіму, у нашую ўзьяднаную краіну! Дык чаму ж ён загадвае нам пайсьці й вяртацца зь немцамі? Няўжо ён ня ведае, што значыць быць у палоне? Селянін на гэна спытаўся, ці ведаем мы, што такое жыць пад савецкай акупацыяй. Ён параіў нам ісьці прэч, забыцца пра ягоны падворак і трымацца далей ад саветаў. Ён дадаў, што мы зрабілі найвялікшую памылку, калі ўцяклі ў Савецкі Саюз.

Мы моўчкі стаялі ля дзьвярэй. Гэта было неверагодна!. Ня можа быць, каб гэта адбывалася з намі! Мы вярнуліся на сваю ўлюбёную радзіму, каб жыць вольнымі й зьдзейсьніць свае мары. І што тутака робіцца?!

Я запрапанаваў пайсьці ў Беласток, дзе ў Косьціка была сямья й дзе нам маглі тое-сёе растлумачыць. Мы йшлі вельмі асьцярожна, і нам спатрэбілася два дні, каб трапіць да Косьцікавага дзядзькі. За гэты час мы моцна стаміліся, былі галоднымі, зьбітымі з панталыку, але не спыняліся нідзе, бо памяталі словы селяніна. Калі мы прыйшлі ў Беласток, Косьцік ледзь не звар’яцеў: ён ведаў кожную вуліцу, кожны куток і рухаўся проста да хаты свайго дзядзькі.

Калі мы пагрукалі ў дзьверы, было каля дзесяці раніцы. Дзьверы адчыніла Косьцікава цётка й застыла на месцы, бо не чакала нас убачыць. Калі ж яна ўпусьціла нас у хату, радасьць сыйшла зь ейнага твару, і відаць было, што яна пасумнела й нечага баіцца. Я спытаўся, што яе турбуе, але цётка адказала, што ейны муж зможа лепш растлумачыць сытуацыю. (Косьцікаў дзядзька працаваў у гарадзкой адміністрацыі й лепш ведаў палітычнае становішча.) Мы прынялі гарачую ванну, якую цётка прырыхтавала для нас, і гэта было так прыемна — быць чыстым. Праўда, мыла было вельмі дрэннай якасьці, і я спытаўся, ці ня знойдзецца ў цёткі іншага, але яна адказала, што калі прыйшлі саветы, мыла, соль і цукар зьніклі. Нам далі чыстую бялізну, і мы памылі сваю вопратку. Потым мы пагаліліся й нарэсьце маглі пачувацца людзьмі.

Косьцікаў дзядзька вярнуўся дахаты й разгубіўся. Ён згроб Косьціка ў абдымкі са сьлязьмі на вачох. Дзядзька паведаміў нам, што Беларусь была «вызваленая» 17 верасьня 1939 году. Савецкія войскі ўвайшлі ў краіну, і Беларусь зрабілася часткай Савецкага Саюза. Па ягоных словах, беларусы спачатку добра паставіліся да гэтага, але вельмі хутка ўсё зьмянілася. Пасьля «вызваленьня» быў праведзены плебісцыт, і адзінадушна (што магчымае толькі ў Савецкім Саюзе) было вырашана, што заходняя частка далучаецца да ўсходняй з мэтай утварэньня адзінай рэспублікі. Заможныя сяляне («кулакі») разглядаліся як эксплуататары, «непажаданыя элементы» й высылаліся ў Сібір. (Заможнымі лічыліся тыя сяляне, у каго было больш за дзьве каровы, альбо два каня й мелася больш за дзесяць гектараў зямлі.) Косьцік ціха спытаўся пра сваіх бацькоў, якія былі даволі багатымі. Дзядзька нейкі час памаўчаў, а потым сказаў, што яны зьніклі. Аднойчы ноччу да іх хаты пад’ехаў чорны варанок, нейкі чалавек даў ім дзьве гадзіны, каб сабрацца, а затым яны зьніклі. Пасьля пра іх нічога не было чуваць. Косьцікаў бацька не зрабіў саветам нічога дрэннага — ён працягваў працаваць на чыгунцы й урабляць сваю зямлю разам з жонкай і сынам, якога, па чутках, адправілі ў лягер у Сібір. Мы ня верылі сваім вушам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: