Вход/Регистрация
ДзесяцЬ Бітвау
вернуться

Чарняўскі Міхась

Шрифт:

Рыцарскія кліны набліжаліся ўжо да вялікакняскага абозу. Выцягнуўшыся наўскос, яны падстаўлялі свой бок удару цэнтральнай групоўкі хаўрусных войскаў. Аднак Ягайла пазніўся. Ён усё маліўся, мабыць спадзеючыся на нябесны цуд. I на крыле вялікакняскага войска склалася крытычная сітуацыя. Некаторыя харугвы ўжо адступалі па-сапраўднаму, не могучы даць рады нямецкаму націску. Іншыя ляглі пад цяжкімі крыжацкімі мячамі. На сутыку з польскім войскам сплывалі крывёю, але апантана секліся з ворагам смаленскі, амсціслаўскі і аршанскі палкі, узначаленыя князем Сымонам Альгердавічам.

Вітаўт паімчаў да караля, заклікаючы распачаць наступ і польскім левым крылом. Ягайла падаў знак сваім ваярам. Зайгралі баявыя трубы, і наперад рушылі каралеўскія рыцарскія харугвы. Наш вялікі князь зноў павярнуў на крыжакоў свае, хоць і парадзелыя, сілы, наносячы флангавы ўдар. У Грунвальдскай бітве наступіла імгненне найвялікшага напружання. Як пісаў тагачасны гісторык Ян Длугаш, усчаўся такі шум і грукат ад ламання дзідаў і ўдараў аб панцыры, нібыта бурылася нейкая вялізная будыніна, і такі моцны ляскат мячоў, што яго выразна чулі ў наваколлі за некалькі міляў. Нага наступала на нагу, панцыры грукалі аб панцыры, і вастрыі дзідаў кіраваліся ў твары ворагаў. Калі ж харугвы зышліся, то нельга было адрозніць нясмелага ад адважнага, мужнага ад баязліўца. Бо і тыя і другія згрувасціліся ў нейкі клубок. Немагчыма было ні перамяніць месца, ні прасунуцца на які крок, пакуль пераможца, скінуўшы з каня або забіўшы праціўніка, не займаў месца пераможанага. Нарэшце, калі дзіды былі пераламаныя, шэрагі таго і другога боку і панцыры з панцырамі гэтак шчыльна зышліся, што выдавалі пад ударамі мячоў і сякер страшэнны грукат, быццам молаты ў кузні. I людзі біліся, душаныя коньмі. I тады сярод змагароў самы адважны Марс (так старажытныя рымляне называлі бога вайны) мог быць заўважаны толькі па руцэ і мячы.

Былі моманты, калі здавалася, што перамагаюць ваяўнічыя тэўтонцы. Аднак нарэшце пад націскам нашых ваяроў на пабаявішчы адбыўся пералом. Крыжакам не дапамаглі нават рэзервовыя харугвы. Амаль усе яны былі абкружаныя і знішчаныя. Частка крыжакоў спрабавала ўратавацца ва ўмацаваным вазамі лагеры. Але тут іх дастала пяхота, складзеная з польскіх і беларускіх сялян, узброеных лукамі і сякерамі.

Сяляне рыцараў у палон не бралі, бо па завядзёнцы таго часу не мелі права атрымоўваць за іх выкуп.

Тагачасныя гісторыкі і храністы адзначалі выдатную ролю ў бітве нашага вялікага князя. Вітаўт, мяняючы загнаных коней, без целаахоўнікаў, толькі з некалькімі набліжанымі, парадкаваў свае шыхты. Ён кіраваў іх на найбольш небяспечныя ўчасткі, натхняў да змагання, але паспяваў на дапамогу і польскім аддзелам.

Трэба аддаць належнае і тэўтонцам. Мала хто з іх кінуўся наўцёкі або прасіў літасці. Секліся апантана, лічачы за лепшае страціць жыццё, чым рыцарскі гонар. 3 сямі сотняў манахаў-тэўтонцаў жывых засталося толькі пятнаццаць. Палегла большасць военачальнікаў. Сам Юнгінген, змагаючыся нароўні з усімі, быў працяты дзідай нашага ваяра, імя якога засталося невядомым.

Крыху пазней вялікі змагар за свабоду чэшскага народа Ян Гус пісаў:

«Весткі пра перамогу і годны хвалы мір такую радасць прынеслі майму сэрцу, што ні пяром апісаць, ні словам сваім выказаць як мае быць не здолею. Дзе ж іх мячы, закутыя коні, людзі ў панцырах, на якіх сладзяваліся? Дзе незлічоныя грошы ці скарбы? Сапраўды, усё страчана».

I раней крыжакі часам цярпелі скрышальныя паразы. Але яны заўсёды знаходзілі сілы акрыяць ад няўдачы і працягвалі экспансію. I менавіта да лета 1410 года Тэўтонскі ордэн дасягнуў найболынай магутнасці — яму, разам з хаўрусным Лівонскім ордэнам, належала ўсё ўзбярэжжа Балтыкі ад польскага П амор'я да Фінскай затокі на поўначы. Але Грунвальдская бітва аб'яднанымі намаганнямі перш за ўсё славянскіх народаў паклала канец германскаму націску на ўсход. Паводле мірнай дамовы 1411 года Ордэн траціў частку польскіх земляў і выплочваў вялізную кантрыбуцыю. Да Вялікага Княства вярталася Жамойць. Праз паўстагоддзя крыжакі вымушаныя былі прызнаць вяршэнства польскага караля, а ў сярэдзіне наступнага, шаснаццатага, стагоддзя пад уладную руку Вільні папрасіліся і землі Лівонскага ордэна.

Бітва пад Клецкам

Пад канец пятнаццатага стагоддзя Вялікае Княства Маскоўскае, якое да гэтага было ўлусам, гэта значыць часткаю Залатой Арды, пазбавілася татара-мангольскага прыгнёту. I пачало супернічаць за панаванне ва Усходняй Еўропе.

У папярэднія стагоддзі тут сваю волю дыктавала наша гаспадарства — Вялікае Княства Літоўскае. Яно распасціралася ад Балтыкі да Прычарнамор'я, падступала да волжскіх берагоў. Яно рабіла паходы на самую Маскву. Яно прызначала сваіх стаўленікаў у Пскоў і Ноўгарад.

Цяпер жа сітуацыя змянілася. Хаўрус з Польшчай спрычыніўся да таго, што наша дзяржава пачала губляць нутраную моц. Уеходняя ж суседка, пераняўшы сістэму ўлады ў сваіх былых азійскіх прыгнятальнікаў, умацоўвалася і пашырала сваю тэрыторыю. Маскоўскі к н я з ь Іван III правёў гэтым часам вайсковую рэформу. Ён павялічыў памеры свайго войска да 100 тысяч чалавек. Гэтакай вялізнай арміі не было тады ні ў кога ў Еўропе.

Да маскоўскай пагрозы з усходу далучылася і крымскататарекая з поўдня. Асабліва калі ханы ў 1480 годзе ўчынілі з Іванам III вайсковае пагадненне.

Крымскае ханства, якое займала сам паўвостраў Крым і прылеглыя стэпы Прычарнамор'я, узнікла на руінах былой Залатой Арды. Яно пачало асабліва ўмацоўвацца ў другой палове пятнаццатага стагоддзя, калі стала залежным ад Турэцкай імперыі. Ад яе татары атрымоўвалі матэрыяльную і збройную дапамогу.

Жывучы непадалёку ад багатых земляробчых абшараў, прылеглых да Дняпра і Дуная, татары галоўным сваім заняткам зрабілі рабаўніцкія паходы. Яны захоплівалі плён працы мірных людзей, а таксама палонных, якіх прадавалі ў рабства. Спачатку нападалі на Украіну. А спустошыўшы Сярэдняе Падняпроўе, у канцы стагоддзя накіравалі хцівыя позіркі на поўнач Палесся. Там мясцовы люд ужо больш чым два стагоддзі не ведаў чужацкай навалы.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: