Мінскевіч Серж
Шрифт:
Учуўшы малако, маленькі мядзведзь палез на дрэва, але па невуцтве забраўся на тонкую галінку, якая пад ім і зламалася. А кот, апынуўшыся ў патрэбны момант пад елкай, выратаваў медзведзяня.
Цяпер у кашлатага спалохана бліскацелі цёмныя вочы, ён спрабаваў хмурыцца, задзіраў верхнюю губу — няўмела шчэрыўся, паказваючы свае яшчэ, пэўна, малочныя іклы, і зусім нястрашна рыкаў. А кот тым часам хвастом наперад выпаўз паміж лап медзведзяня і кінуўся да суседняй елкі.
— Як жа я не падумаў, што на гэтае малако могуць і мядзведзі паквапіцца? — размінаючы лапы, прамовіў Міамурмарор. — У іх нюх вастрэйшы, чым у сабак.
— І катоў, — дадаў Арцін.
— Ціха! — папярэдзіў мастак Дроздзіч. — Самі па сабе медзведзяняты па лесе не ходзяць.
Толькі Арцін дастаў з похваў меч, як па лесе пракацілася грознае рыканне. З гушчару прама на ката Міамурмарора выбегла агромністая, нібы ўцёс, мядзведзіца. Было відаць, як пад калматай скурай у яе скалынаюцца магутныя цягліцы. Кот, ні хвіліны не вагаючыся, ускочыў на ствол елкі і хутка ўскараскаўся яшчэ вышэй.
На дрэва ўлез і мастак Дроздзіч. Арцін выставіў наперад меч і адступіў назад.
Мядзведзіца абаперлася пярэднімі лапамі на ствол елкі, дзе засеў кот Міамурмарор, і зарыкала яшчэ гучней. Добра, што елка была тонкая — такой велічэзнай мядзведзіцы яна б не вытрымала. Суровая матуля гэта разумела, таму на дрэва не палезла, а пачала яго трэсці.
— Яна думае, што я рысь. — паскардзіўся ўсім, хто яго чуў, кот Міамурмарор.
Ён выпусціў кіпцюры, усадзіў іх у кару дрэва і закрычаў:
— Акыш, апсік, абрысь, я табе не рысь!
Аднак мядзведзіца не звярнула ніякай увагі на гэтыя воклічы і працягвала трэсці елку. Вогненна-руды кот, нібы вялізная вавёрка ў яе галінах, боўтаўся з боку ў бок.
Да сваёй матулі падышоў мядзведзік, задраў пысу ўверх і нечаканым баском рыкнуў на ката.
— Кіньце ім ягад шаўкоўніцы. — папрасіў кот Міамурмарор. — А то яны мяне з дрэва страсуць.
Арцін дастаў з паходнай торбы ягады звычайнай шаўкоўніцы і адну — шчасцядайнай.
— Можа, не трэба? — папярэдзіў мастак Дроздзіч.
— Ды што такой вялікай мядзведзіцы зробіцца?
Арцін кінуў звычайныя ягады медзведзянятку — той адразу страціў усякую цікавасць да «рудай рысі» на елцы. Носам адшукаў на зямлі ягады шаўкоўніцы і з задавальненнем стаў імі ласавацца.
А «шчаслівую» ягаду Арцін падкінуў прама да пысы мядзведзіцы. Яна наляту злавіла яе пашчай. Яшчэ раз паглядзела на ката на дрэве, потым развярнулася і ні з таго ні з сяго дала аплявуху медзведзянятку.
— Што такое? Гэта ж ягада шчасцядайнай шаўкоўніцы, — здзівіўся Арцін. — Я не думаў, што яна так раззлуецца.
— Гэта яна з любоўю. Паціху, каб ён ад яе больш далёка не ўцякаў.
Мядзведзіца і медзведзянятка павольна пакасалапілі ў гушчар.
— Гэта ж трэба, інтэлігентнага ката з дзікай коткай пераблытаць! — абураўся Міамурмарор ужо на зямлі.
Увечары пайшоў дождж. Ён не стаў нечаканасцю для прыяцеляў. Час ад часу кот залазіў на дрэвы, і не толькі для таго, каб чарговы раз пазнаць, адкуль даносіцца малочны пах. Мастак Дроздзіч падаваў яму свой парасон, кот раскрываў яго і аглядаў, што робіцца на даляглядзе.
Набрынялую хмару кот прыкмеціў даўно. Пакуль яна падышла, яны паспелі пабудаваць з густых лапак елак надзейны будан.
— Як я і меркаваў, гэтыя цені, ляцяць прама і нікуды не паварочваюць, — сказаў мастак Дроздзіч.
— Так што твой нос, — пажартаваў Арцін, — нам не надта быў патрэбны.
— Патрэбны, не патрэбны... Ты, між іншым, хацеў нас у Чорнае Балота завесці! — насупіўся кот.
— Мы туды ўсё роўна прыйдзем.
Раніцай, калі дождж прайшоў, кот зноў ускараскаўся на дрэва, пры гэтым ён, як звычайна, захапіў парасон мастака Дроздзіча.
— Гэй! — крыкнуў кот Міамурмарор з дрэва. — У мяне дзве навіны. Дрэнная і добрая. З якой пачынаць?
— З дрэннай, — прапанаваў мастак Дроздзіч, — каб пасля было суцяшэнне.
— Значыць так, малаком больш не пахне. Дождж змыў усе кроплі.
— Вось і спадзявайся на гэтага ката, — прабурчаў Арцін.
— Але я ведаю, куды паляцелі Алеолла і Бедалдай, — упэўнена паведаміў кот.
— Што ты бачыш? — разам спыталі яго мастак Дроздзіч і Арцін.
— Там, адкуль прыйшла хмара, я бачу скалу, на ёй стаіць замак нейкі незразумелы. Падобны да вялікага чорнага дыямента.
— А няўзброеным вокам, гэта замак бачны? — спытаў мастак Дроздзіч.
— Якім гэта яшчэ няўзброеным вокам?