Вход/Регистрация
Знак бяды
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Запаволеным цяжкім крокам яна ішла насустрач мужчынам, і ў яе свядомасці ўсё болей і выразней выяўлялася знаёмае аблічча, каржакаватая постаць у шэрай паддзёўцы, шырокі разварот плячэй, цяжкі нетаропкі крок. І ён, і паліцаі ішлі па гразі нетаропкай спорнай хадой — наперадзе Гуж, а ззаду Каландзёнак, і ёй, як збавення, хацелася праваліцца пад зямлю, абы толькі не спатыкацца з імі.

Але яны ўжо згледзелі жанчыну і з трошкі празмернай увагай зводдаль пазіралі на яе, а падышоўшы бліжэй, зірнуў на яе і арыштант. То быў Карніла.

Тым не менш яна ішла з такім выглядам, быццам не ведала з іх нікога, і толькі ногі яе прымлелі, і яна намаганнем волі ледзьве перастаўляла іх па гразі. Яна б так і размінулася з імі, не сказаўшы слова і нават не павітаўшыся, калі б не той позірк Карнілы. Яго знешне спакойны барадаты твар, аднак, выражаў цяпер адбітак такой тугі і такой устрывожанасці, што Сцепаніда міжволі спынілася. Але тут жа спыніўся і Гуж.

— Куды ідзеш, акцявістка?

— У дзярэўню, не бачыш? — сказала яна, зірнуўшы на яго спадылба, і падумала: ну, прапала! Забярэ абаіх. Але Гуж найперш кіўнуў на кашолку:

— Там што?

— Курыца.

— Ану! — Гуж патрабавальна працягнуў руку, і яна падала яму кашолку.

— Так. Патап, на! Прыйдзем — адкруціш галаву. Спатрэбіцца.

Ён аддаў кашолку Каландзёнку і павярнуўся да яе, ва ўпор працяў стоеным пагрозлівым позіркам.

— Усё сноўдаеш?

— Сноўдаю. А што, нельга? — запытала яна, з апошняю сілай вытрымліваючы гэты ягоны позірк. Думала, што зараз ён паставіць яе побач з Карнілам і павядзе ў мястэчка. Гэта было б жахліва. І, відаць было, ён некалькі секунд вагаўся, мабыць, не ведаючы, што зрабіць з ёю.

— Ну-ну, пасноўдай! — неяк загадкава-з'едліва сказаў ён і адвярнуўся да Карнілы. Але Карніла ўжо не глядзеў на яе — паныла пазіраў некуды ў хмарную далячынь мокрага поля.

— Шагам арш!

Яны пайшлі далей да гасцінца, а яна няпэўным аслабелым крокам пабрыла да Выселак. Тое, што забралі Карнілу, балюча ўдарыла па яе адчуваннях, таксама як і па яе планах, і яна адчула, што, мабыць, неўзабаве ўсё непапраўна рухне. Але яна не магла лёгка з тым прымірыцца. Яна гатова была змагацца, тым больш што ў яе была воля, нейкая свабода дзеяння, рукі яе яшчэ не былі звязаны. Але чаму не забралі яе? Можа, пакінулі на пакуль што? А можа, пра бомбу ім невядома? А можа, яны шукалі бомбу і ўзялі Карнілу? А дзе бомба, ён ім не сказаў. І не скажа. А раптам скажа? Пачнуць катаваць, выцягваць з цела жылы, хіба ўтрываеш? Дык няўжо скажа? Што ж ёй рабіць?

Не адразу яна зразумела, што ісці да Александрыны не мае сэнсу, што наогул ісці ў Выселкі ёй няма па што. Што ёй трэба самой ратавацца. Толькі дзе і як?

Амаль дайшоўшы да першых высялкоўскіх хат, яна нясмела азірнулася: паліцаі з Карнілам ужо набліжаліся да хвойнічку на гасцінцы, тады яна спынілася, памарудзіла трохі і хутка пабегла тою ж дарожкай назад да хутара. Цяпер ёй трэба было дамоў, да сваіх сцен, быццам там быў нейкі ратунак, нейкае заспакаенне.

Паліцаі з Карнілам ужо схаваліся за павароткай у хвойнічку, яна перабегла гасцінец, задыханая, хуткім крокам і подбегам дасягла падворка і, мінаючы хату з істопкай, праз дрывотню і захлеўе выйшла на ўзровак. Аднекуль да яе выскачыў Рудзька, радасна заскуголіў, галодны, але цяпер ёй было не да Рудзькі: трэба было некуды перахаваць бомбу. Яшчэ на гародзе яна занепакоілася, як убачыла, што след ад колаў дужа прарэзаў барозны і лехі і выразнай крывулінай вёў да расцяробу на ўзроўку. Але яна ледзь не змярцвела ад спалоху, як зазірнула ў яму — з-пад нагрувашчанай кучы хворасту збоку вытыркаўся жоўты жалезны хвост бомбы. Гэта ж трэба было так бязглузда схаваць яе — першаму, хто тут апынецца, стане відаць, што пад галлём. Але ведама ж — рабілі ўсё ўпоцемку, спяшаючыся, ноччу, хіба здатна што зробіш? Ноч болей для таго, каб красці, а хаваць, пэўна, трэба ўдзень.

Сцепаніда хуценька пабегла да хаты, на дрывотні ўзяла старую рыдлёўку, мусіць, найлепш цяпер будзе закапаць бомбу ў зямлю. Толькі дзе? На гародзе? У захлеўі? На ўзроўку? Але, напэўна, на ўзроўку ў кустоўі, там мяккая, без травы, зямля, і можна будзе закідаць усё смеццем, апалым лістоўем. Наўрад ці там будуць шукаць. Хай там і ляжыць. Там ужо сапраўды, апроч яе, ніхто болей не ведае. Там будзе схоўна.

Непадалёк ад ранейшай яміны ў алешнічку яна пачала капаць новы схоў-ямку крокі са тры ўдоўжкі і вузенькі, бы дзіцячая магілка. Спярша капалася хутка, перагной лёгка паддаваўся рыдлёўцы, яна зняла першы штых і спынілася. Далей замінала карэнне, якое жорсткімі бізунамі ва ўсіх кірунках пранізала глебу. Яна секла яго тупою рыдлёўкай, выдзірала рукамі, некаторыя карані спрабавала ламаць, ды яны толькі гнуліся, бы кулакі, выстаўляючы белыя вузлы, і парушылі зямлёй у твар, на галаву і плечы. Уся змакрэўшы ад поту, яна якую гадзіну ці дзве калупалася ў той яміне, покуль выкапала яе па калена, неяк трохі расчысціла ад белых агрызкаў карэння. Зямлю далёка не адкідала, ведала, зямля ёй спатрэбіцца. Калі яма была гатова, Сцепаніда трохі перадыхнула на беражку і адклала рыдлёўку. Трэба было ісці па бомбу.

Да старой яміны было крокаў мо дваццаць, яна павыкідвала з яе ўчарашні хвораст і ўзялася за доўгі і важкі жалезны кругляк бомбы. Побач пад самыя рукі падкаціўся Рудзька, панюхаў жоўтую абалонку і чыхнуў. Сцепаніда натужылася, каб выкаціць яе з ямы, і спалохалася: бомба толькі скранулася трохі і зараз жа скацілася на ранейшае месца. Гэта ж быў жах — у яе не хапала сілы!

Сцепаніда выпрасталася, рукавом выцерла пот з ілба — добра было каціць яе ў гэтую яміну, а як цяпер выкаціць? Ды яшчэ адной? Яна аж захвалявалася і, не даўшы сабе адпачыць, ухапіла бомбу за адзін канец, вялізным высілкам перасунула яго вышэй. Затым зайшла з другога канца і прыпадняла хвост. Але не паспела яна перакласці яго вышэй, як той першы канец ссунуўся на ўлежанае месца ў дне яміны. Сцепаніда ледзьве не заплакала ад прыкрасці — што ж ёй рабіць?

Трохі паразважаўшы і супакоіўшы сябе, яна выйшла з яміны і пашукала на ўзроўку камяні. Камянёў было шмат, але ўсё дробныя, Сцепаніда адышлася далей, пакуль знайшла два болей прыдатныя і прынесла іх да яміны. Цяпер неяк трэба было, па чарзе падкладваючы камяні пад нос і пад хвост, выкаціць бомбу. Доўга яна высільвалася там — і каціла, і сунула, укленчыўшы, упіралася каленьмі ў мокрую зямлю. Дашчэнту запэцкала спадніцу і ватоўку, змакрэла ўся ад поту і гразі, хустка яе ссунулася з галавы на патыліцу, але ўсё ж выбавіла бомбу з яміны і сама знясілена ўпала побач.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: