Вход/Регистрация
Ніжнія Байдуны
вернуться

Брыль Янка

Шрифт:

— Ентэ, хавайся! Мах ды тыр цу!

Квела ссутуленая Ента і цяпер, як амаль заўсёды, стаяла каля прачыненых дзвярэй бакоўкі. Яна і шуснула туды, зрабіўшы «мах ды тыр цу» — зашчапіўшы за сабою фанерныя дзверцы.

Дзядзька Яўхім, Арэсь і я — як сядзелі, так і не паспелі ўстаць.

— З гаршка вунь хлебча! — крычаў з-пад самай столі Грамузда. — Бі, Гірш, чаго ты глядзіш!

Каля прыпека стаялі два чыгункі-стаўбуны, адзін з вадою, а другі са скрэбенай бульбай. Гірш замахнуўся гаршчэшнікам угару, стукнуў па столі і тропнуў па чыгунку. Стаўбун паваліўся, пакацілася бульба і палілася вада.

— Пена, пена на мызе! — крычаў Грамузда. — Кручаная, Гірш!

Гаршчэшнік — зноў да столі і — па сучцы. Пералёт! яшчэ раз — міма!

Ды тут ужо апрытомнеў Арэсь. Яшчэ не ўстаўшы з лавы, ён перагнуўся ў бок ад свае «вінтоўкі», спрытна, як для яго, схапіў сваю Мольку, як кошку, цяжкаю лапай пад жывот, і тая, нават не кеўкнуўшы, апынулася ў яго пад сярмягай, за пазухай. Зноў жа, з неверагоднай для яго рухавасцю, Вінтоўка сігануў міма разгубленага, з узнятай зброяй, Гірша ў сенцы і — на двор.

— Гірш, не ідзі за ім! — крычаў Грамузда. — Ён яе сам прыдушыць, яму да гэтага не прывыкаць!

Тады ўжо скокнуў з зэдліка на падлогу.

— Ну, дзякуй богу, — сказаў прысеўшы. — Усё абышлося добра. Нават стаўбуна не раскалоў. Пяхота, браце Гірш, усё-такі пяхота! Другі ўмлеў бы са страху, а ты… Вунь на Зайца зірні — яшчэ ніяк не адыдзе.

Дзядзька Яўхім і тут маўчаў. Толькі што галавой крутануў ды ўсміхнуўся.

Нават і я стрымаўся, не захіхікаў хоць цяпер. А Гірш тым часам трохі адсопся, паставіў зброю ў кут, падперазаў фартух, сеў на сваё шавецкае месца і загадаў у бакоўку:

— Ентэ, мах а парадак!

Яна паслухмяна і ціха, відаць, яшчэ ўсё спалохана, выйшла і пачала прыбіраць каля печы.

— Пяхотэ, — сказаў Гірш-Эля. — А думаеш ты, Грамузда, ваяваў? На сваім кабыле, у сваім кавалерыя? Ваш, расеец ваяваў? Ваш толькі ваймяцасына і ляжыць! Фарфалн міт ды ганцэ пастройкес! [1] А я? — Тут у ім канчаткова прачнуўся былы імператарскі пехацінец: ён усхапіўся і загадаў: — Ентэ, гіб а гаршчэшнік!

Ссутуленая ціхоня адагнулася з анучай ад падлогі, ступіла да качарэжніка, узяла той гаршчэшнік і, як свяцільнік, рожкамі ўгару, паднесла яго мужу, а сама прыпынілася каля дзверцаў бакоўкі.

1

Прапаў з усімі будынкамі! (жыд.)

Гірш, не зняўшы зрэбнага, зашмуленага фартуха, ужо камандаваў сам сабе:

— К ноге! Наперавес! К атаке — гатоўсь! Упярод! Ур-ра!..

Дабег да парога і, грозна патыкаўшы рожкамі гаршчэшніка ў вушак, сам паставіў яго на месца. Вярнуўся да зэдліка, сеў і, трохі задыханы, заключыў:

— Вот так я ваяваў.

А мне ўявілася, раптам і ярка, як там недзе скрыляе па бруку перапалоханы дзядзька Арэсь і, з сучкай за пазухай, азіраецца, усё яшчэ ўцякае ад магчымай пагоні. І я не вытрымаў, засмяяўся.

Аднак гэта справы не сапсавала: чаго вы хочаце ад хлапчука? Дзядзькі пачалі пра шавецкае, у каго што было да халоднага майстра. А я магу і пачакаць.

…Лягчэй было б так і закончыць гэты ўспамін. Ды мне здаецца, што тут паставіць кропку я не маю права.

Усё, што ўспамінаецца з жыцця жыдоўскага насельніцтва нашага мястэчка, і вясёлае, і не, і ўсе вобразы людзей, менш блізкіх і бліжэйшых мне, — усё абрываецца той небывала, неверагодна жахлівай трагедыяй, якую і ў наш зялёна-сонечны прыпушчанскі куток прынесла фашысцкая акупацыя.

І другое. Пра Грамузду.

У ліпені сорак чацвёртага, калі прыйшло вызваленне, дзядзька Тодар быў у Ніжніх Байдунах старастам. Стаў вінаватым без віны. Ніхто тады, пры гітлераўцах, не хацеў у нас гэтай сабачай пасады, і таму вырашылі адбываць абавязак кожная хата па тыдню. Так і ішло сабе, пакуль чорт не прыгнаў павятовага бургамістра. Прыехаў ён, казалі, не адзін, з паліцаямі, пад аховай, і загадаў, каб мясцовая ўлада была пастаянная. Хто цяпер стараста? Тодар Клімовіч? Няхай і будзе ён. Так Грамузда і дастаршыняваў у нас апошні месяц акупацыі.

Неяк пад восень ён зайшоў да нас, у рэдакцыю раённай газеты, і, папрасіўшы мяне на двор, пачаў:

— Антонавіч, можа, што памаглі б? Усё цягаюць мяне… Трэці раз. Што ж я каму зрабіў?..

Ніколі яшчэ я не бачыў яго такім горкім. Ён гаварыў мне «вы», «Антонавіч» — упершыню ў жыцці. Зусім пажылы чалавек, два сыны якога былі на фронце, весялун, якога мой бацька калісьці з прыязнасцю старэйшага называў у гутарцы «галубчык Федзя» — добры, сумленны чалавек, ён не ўсміхаўся нават, хоць бы і сумна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: