Бёль Генрых
Шрифт:
Маці зрабілася ціхай, задумлівай, але значна больш ласкавай, чым раней. Яна паступіла на працу на кухню, дзе гатаваліся супы для служачых магістратуры. Цяпер яны штодзень атрымлівалі па тры літры супу, а тое, што не з’ядалі самі, выменьвалі на хлеб або табаку. Вечарамі маці сядзела каля радыёпрыёмніка разам з ім, ціхая, задумлівая, курыла, ад яе толькі і можна было пачуць: «Усе мужчыны — баязліўцы».
Памерла суседка — змрочная, кашчавая, заўсёды галодная істота. Яна бясконца расказвала, што перад вайной важыла амаль сем пудоў. «Вось паглядзі на мяне, добра паглядзі і ўяві сабе, што я важыла да вайны больш сямі пудоў, ува мне было роўна дзвесце трыццаць чатыры фунты [1] . А паглядзі на мяне зараз — ува мне засталося толькі сто сорак чатыры». Колькі гэта пудоў? Сем пудоў выклікаюць уяўленне мяшкоў з бульбай, мукой, брыкетамі вугалю; сем пудоў уваходзіла ў маленькую тачку, якую ён часта браў, калі ішоў красці брыкеты на пуцях, — халодныя ночы, свіст таго, хто пільнаваў,— ён узбіраўся на семафорную мачту, каб падаць сігнал, калі з’явіцца паліцэйскі. Тачка атрымлівалася вельмі цяжкай, калі яе нагружалі даверху, а суседка, выходзіць, важыла яшчэ больш.
1
Нямецкі фунт роўны пяцістам грамам.
I вось цяпер яна памерла: на магільны грудок наклалі астры, праспявалі Dies irae, dies illa [2] , i калі родныя забралі мэблю, на прыступках засталася фотакартка — вялікая рудая фотакартка, на ёй суседка перад домам з надпісам: «Віла Элізабет». Ззаду — вінаграднік, грот з порыстага каменю, у якім фаянсавыя гномы коцяць цацачныя тачкі; наперадзе, бялявая і тоўстая, стаіць суседка, а з верхняга акна выглядвае мужчына з люлькаю ў роце, і праз увесь франтон — надпіс: «Віла Элізабет». Уласна, так і павінна быць — бо яе звалі Элізабет.
2
Дзень гневу, той дзень (лац.)– пачатак страфы каталіцкай памінальнай імшы.
У вызвалены пакой уехаў мужчына, яго звалі Леа, ён быў кандуктарам у сіняй форменнай фуражцы з чырвоным кантам, на плячах мноства рамянёў, шмат рыпучай скуры і ўсё тое, што Леа называў сваёй «збруяй» — сумка для грошай і драўляная скрыначка, у якую ўстаўляліся катушкі з білетамі, губка ў алюмініевым футлярчыку і кампосцерныя шчыпцы. Непрыемным быў твар Леа — чырвоны, чыста ўмыты; непрыемным было ніколі не выключанае радыё і песні, якія ён высвістваў. Жанчыны ў кандуктарскай форме танцавалі і спявалі ў ягоным пакоі.
— За ваша здароўе! — толькі і чуваць было адтуль.
Жанчына, якая некалі важыла амаль сем пудоў і ад якой засталася фотакартка «Віла Элізабет», была ва ўсякім выпадку ціхая. А Леа быў шумным. Ён зрабіўся галоўным спажыўцом супу і разлічваўся за яго цыгарэтамі па тарыфе, які ён сам вызначыў; асабліва добра плаціў Леа за салодкія супы.
Аднойчы ўвечары, калі Леа прынёс табаку і атрымаў за гэта суп, ён раптам паставіў каструлю зноў на стол, з усмешкай паглядзеў на маці і сказаў:
— Хочаце паглядзець, як цяпер танцуюць? Вам, уласна, даводзілася танцаваць апошнім часам?
I Леа пусціўся ў нейкія неймаверныя скокі, ён высока падкідаў ногі, узмахваў рукамі і пры гэтым дзіка падвываў. Маці рассмяялася і адказала:
— Не, я даўно ўжо не танцавала.
— А трэба было б, — сказаў Леа. — Хадзіце сюды!
I, напяваючы нейкі матыўчык, ён узяў маці за руку, сцягнуў яе з крэсла і затанцаваў з ёй — і твар маці адразу змяніўся: яна раптам заўсміхалася, заўсміхалася і адразу зрабілася намнога маладзейшай.
— Ах, — сказала яна, — вось раней я часта хадзіла на танцы.
— Тады пойдзем са мной! — усклікнуў Леа. — У мяне абанемент у танцклубе. А вы проста выдатна танцуеце.
Маці і сапраўды пайшла ў клуб, і Леа стаў дзядзькам Леа, і зноў пачалася гаворка пра «яго». Генрых уважліва прыслухоўваўся і хутка зразумеў, што гэтым разам ролі памяняліся. Цяпер маці гаварыла тое, што тады казаў Карл:
— Я хачу, каб ён застаўся.
А Леа адказваў так, як тады адказвала маці:
— Не, ты ад яго пазбавішся.
Генрых быў ужо ў другім класе і даўно зразумеў, што азначае «ён», таму што ведаў ад Марціна тое, пра што Марцін у сваю чаргу даведаўся ад дзядзькі Альберта: ад сужыцельства мужчын і жанчын з’яўляюцца дзеці, і было зразумела, што «ён» азначае проста дзіця і што дастаткова ўсюды замест «ён» падставіць «дзіця». «Я хачу дзіця», — гаварыла маці. «Не, ты ад яго пазбавішся», — гаварыў Леа. «Я не хачу дзіця», — гаварыла маці Карлу. «А я хачу», — гаварыў Карл.
Тое, што маці сужыцельствала з Карлам, было зразумела і тады, хоць тады Генрых меў на ўвазе не слова «сужыцельства», а зусім іншае слова, якое гучала не так прыстойна. Значыць, ад дзіцяці можна пазбавіцца. Ад таго дзіцяці, з-за якога Карл кінуў маці, яна пазбавілася. Атрымлівалася, што Карл зусім не самы горшы з усіх дзядзькаў.
На свет з’явіўся «ён» — дзіця, і Леа пагражаў:
— Я аддам яго ў выхаваўчы дом, калі ты з-за ягомкінеш работу.
Але работу ўсё ж прыйшлося пакінуць, таму што суп, які на льготных умовах адпускалі служачым магістратуры, скончыўся, а хутка не стала і чорнага рынку. Ніхто ўжо не цікавіўся супам, таму што выпусцілі новыя грошы, і грошы сталі дарагімі, і ў магазінах цяпер прадаваліся рэчы, якія раней немагчыма было адшукаць нават на чорным рынку. Мама плакала, «ён» быў маленечкім і зваўся «ён» — Вільма, як мама, a Лea ўсё злаваў, пакуль мама зноў не ўладкавалася на працу да кандытара.
Дзядзька Альберт прыйшоў і прапанаваў маці грошай, яна іх не ўзяла, Лea накрычаў на яе, а Альберт, дзядзька Марціна, крычаў на Леа.
Ад Леа заўседы пахла туалетнай вадой. Твар у яго быў чырвоны ад бясконцага мыцця, а валасы — чорныя як смоль; Леа шмат займа ўся сваімі пазногцямі, і з-пад форменнай тужуркі ў яго заўсёды высоўвалася жоўтае кашнэ. I яшчэ ён быў вельмі скупы: на дзяцей ён увогуле ні гроша не траціў і гэтым розніўся ад Альберта і ад Віля — дзядзькаў Марціна, якія рабілі яму шмат падарункаў. Віль быў зусім не такі дзядзька, як Леа, а Леа зусім не такі, як Альберт. Паступова Генрых пачаў усіх дзядзькаў падзяляць на катэгорыі. Віль — гэта сапраўдны дзядзька, а Леа — гэта такі ж дзядзька, як Эрых, Герт і Карл, якія сужыцельствалі з маці, Альберт — гэта дзядзька, які не падобны ні на Леа, ні на Віля, ён не такі сапраўдны, як Віль, якога можна называць нават дзядулем, але і не дзядзька-сужыцель, як Леа.