Вход/Регистрация
Выбраныя творы
вернуться

Брыль Янка

Шрифт:

— Пена, пена на мызе! — крычаў Грамузда. — Кручаная, Гірш!

Гаршчэшнік — зноў да столі і — па сучцы. Пералёт! яшчэ раз — міма!

Ды тут ужо апрытомнеў Арэсь. Яшчэ не ўстаўшы з лавы, ён перагнуўся ў бок ад свае «вінтоўкі», спрытна, як для яго, схапіў сваю Мольку, як кошку, цяжкаю лапай пад жывот, і тая, нават не кеўкнуўшы, апынулася ў яго пад сярмягай, за пазухай. Зноў жа, з неверагоднай для яго рухавасцю, Вінтоўка сігануў міма разгубленага, з узнятай зброяй, Гірша ў сенцы і — на двор.

— Гірш, не ідзі за ім! — крычаў Грамузда. — Ён яе сам прыдушыць, яму да гэтага не прывыкаць!

Тады ўжо скокнуў з зэдліка на падлогу.

— Ну, дзякуй богу, — сказаў прысеўшы. — Усё абышлося добра. Нават стаўбуна не раскалоў. Пяхота, браце Гірш, усё-такі пяхота! Другі ўмлеў бы са страху, а ты… Вунь на Зайца зірні — яшчэ ніяк не адыдзе.

Дзядзька Яўхім і тут маўчаў. Толькі што галавой крутануў ды ўсміхнуўся.

Нават і я стрымаўся, не захіхікаў хоць цяпер. А Гірш тым часам трохі адсопся, паставіў зброю ў кут, падперазаў фартух, сеў на сваё шавецкае месца і загадаў у бакоўку:

— Ентэ, мах а парадак!

Яна паслухмяна і ціха, відаць, яшчэ ўсё спалохана, выйшла і пачала прыбіраць каля печы.

— Пяхотэ, — сказаў Гірш-Эля. — А думаеш ты, Грамузда, ваяваў? На сваім кабыле, у сваім кавалерыя? Ваш, расеец ваяваў? Ваш толькі ваймяцасына і ляжыць! Фарфалн міт ды ганцэ пастройкес! [1] А я? — Тут у ім канчаткова прачнуўся былы імператарскі пехацінец: ён усхапіўся і загадаў: — Ентэ, гіб а гаршчэшнік!

Ссутуленая ціхоня адагнулася з анучай ад падлогі, ступіла да качарэжніка, узяла той гаршчэшнік і, як свяцільнік, рожкамі ўгару, паднесла яго мужу, а сама прыпынілася каля дзверцаў бакоўкі.

1

Прапаў з усімі будынкамі! (жыд.)

Гірш, не зняўшы зрэбнага, зашмуленага фартуха, ужо камандаваў сам сабе:

— К ноге! Наперавес! К атаке — гатоўсь! Упярод! Ур-ра!..

Дабег да парога і, грозна патыкаўшы рожкамі гаршчэшніка ў вушак, сам паставіў яго на месца. Вярнуўся да зэдліка, сеў і, трохі задыханы, заключыў:

— Вот так я ваяваў.

А мне ўявілася, раптам і ярка, як там недзе скрыляе па бруку перапалоханы дзядзька Арэсь і, з сучкай за пазухай, азіраецца, усё яшчэ ўцякае ад магчымай пагоні. І я не вытрымаў, засмяяўся.

Аднак гэта справы не сапсавала: чаго вы хочаце ад хлапчука? Дзядзькі пачалі пра шавецкае, у каго што было да халоднага майстра. А я магу і пачакаць.

…Лягчэй было б так і закончыць гэты ўспамін. Ды мне здаецца, што тут паставіць кропку я не маю права.

Усё, што ўспамінаецца з жыцця жыдоўскага насельніцтва нашага мястэчка, і вясёлае, і не, і ўсе вобразы людзей, менш блізкіх і бліжэйшых мне, — усё абрываецца той небывала, неверагодна жахлівай трагедыяй, якую і ў наш зялёна-сонечны прыпушчанскі куток прынесла фашысцкая акупацыя.

І другое. Пра Грамузду.

У ліпені сорак чацвёртага, калі прыйшло вызваленне, дзядзька Тодар быў у Ніжніх Байдунах старастам. Стаў вінаватым без віны. Ніхто тады, пры гітлераўцах, не хацеў у нас гэтай сабачай пасады, і таму вырашылі адбываць абавязак кожная хата па тыдню. Так і ішло сабе, пакуль чорт не прыгнаў павятовага бургамістра. Прыехаў ён, казалі, не адзін, з паліцаямі, пад аховай, і загадаў, каб мясцовая ўлада была пастаянная. Хто цяпер стараста? Тодар Клімовіч? Няхай і будзе ён. Так Грамузда і дастаршыняваў у нас апошні месяц акупацыі.

Неяк пад восень ён зайшоў да нас, у рэдакцыю раённай газеты, і, папрасіўшы мяне на двор, пачаў:

— Антонавіч, можа, што памаглі б? Усё цягаюць мяне… Трэці раз. Што ж я каму зрабіў?..

Ніколі яшчэ я не бачыў яго такім горкім. Ён гаварыў мне «вы», «Антонавіч» — упершыню ў жыцці. Зусім пажылы чалавек, два сыны якога былі на фронце, весялун, якога мой бацька калісьці з прыязнасцю старэйшага называў у гутарцы «галубчык Федзя» — добры, сумленны чалавек, ён не ўсміхаўся нават, хоць бы і сумна.

На вострым носіку, над паніклымі светлымі вусамі сабралася сляза…

Я ўжо раней заходзіў туды, дзе могуць памагчы. Я зноў пайшоў, зноў гаварыў пра тое, што было зусім ясна для нас, мясцовых партызан.

Больш мы не сустракаліся… Трыццаць гадоў мінула. Ніхто не скажа, што я — раённы літработнік, радавы партызан — мог тады зрабіць больш, чым я зрабіў, каб папярэдзіць яшчэ адну памылку. Ніхто не скажа, і сам я не скажу. Але, як гаварыў адзін з любімых, і тут застаецца яно: «но всё же, всё же, всё же…».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: