Верціхоўская Марыя
Шрифт:
Герой быкаўскага апавядання «Бедныя людзі» (1993) прафесар Скварыш у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» робіць жудасны, пачварны выбар. Ён піша на свайго аспіранта Краснянскага данос у КДБ. Піша на чалавека, які быў адзіным, хто ў цяжкі для Скварыша перыяд (пагроза выключэння з партыі, што азначала і выключэнне з жыцця) не пабаяўся прыйсці да яго, выказаць сваю спагаду. Учынак у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» настолькі смелы, што Скварыш успрымае яго як правакацыю. I гэта яшчэ больш узмацняе яго страх перад таталітарнай машынай. Прафесар бачыць адзінае выйсце і паратунак у тым, каб апярэдзіць аспіранта, які, магчыма, запісаў на магнітафон іх размову і заўтра занясе плёнку
«ў вядомы будынак на праспекце». Разумеючы ўсю гнюснасць сітуацыі, у згрызотах (а што, як візіт Краснянскага быў шчырым, і «ён загубіць чалавека. I яго сям'ю»), у душэўным мітушэнні паміж дабрабытам, кар'ерай аспіранта і сваёй уласнай прафесар робіць выбар на карысць апошняй.
Канстатацыяй візіту Скварыша ў «вядомы будынак на праспекце» апавяданне і заканчваецца. Пісьменнік дае чытачу магчымасць самому «дапісаць» фінал, дадумаць сітуацыю, якая з'яўляецца алгарытмам таталітарнай рэчаіснасці.
Каб усвядоміць назначэнне менавіта такога фіналу быкаўскага апавядання, згадаем фінал сартраўскага апавядання «Сцяна». (Дарэчы, у творчасці В. Быкава таксама ёсць аднайменнае парабалічнае (прытчавае) апавяданне.) Ж. П. Сартр заканчвае свой твор ашаламляльнай развязкай. Яго герой, удзельнік Супраціўлення Іблетта ў сітуацыі абсурду вырашыў перахітрыць ворага, кінуць апошні выклік «сцяне абсурду». Ён павёў ворага па лжывым следзе, сказаў, што яго таварыш па барацьбе Грыс хаваецца на могілках. Будучы цвёрда перакананы, што знаходжанне Грыса, «нязломнага змагара», на могілках выключана, Іблетта «сказаў гэта, каб трошкі з імі пажартаваць». «Жарты» выніклі тым, што Грыса «заспелі ў хаце далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, і яны яго забілі». Перад гэтым Іблетта змірыўся са сваім лёсам, ён «мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса», але адмовіўся ад гэтага. Яго «згода памерці замест Грыса» тлумачыцца нават не высокімі патрыятычнымі матывамі — «гэта была звычайная ўпартасць», яго «апанавала дзіўная весялосць».
Урэшце, сутнасць чалавека вызначаецца не намерамі, памкненнямі, а менавіта ўчынкамі, як даводзяць пісьменнікіэкзістэнцыялісты. Намер Іблетты напаследак пажартаваць са «сцяной абсурду», хоць крыху расхістаць яе, скончыўся трагічна.
В. Быкаў нават не высвятляе для свайго героя сутнасць намераў яго візіцёра, на якога Скварыш піша данос у органы дзяржбяспекі. Чытачу зразумелы толькі намеры і матывы ўчынку Скварыша. У апавяданні зроблены акцэнт не столькі на выбары героя (як гэта заўсёды было ў ранейшых быкаўскіх творах), а на д'ябальскіх абставінах. Яны змусілі чалавека пайсці супраць сумлення, вынішчылі людскае ў чалавеку.
Адносіны аўтара да сваіх герояў і ў назве твора, і ў апошніх радках: «Бедны, няшчасны аспірант Краснянскі.
Бедны, няшчасны прафесар Скварыш…»
Не апраўдваючы свайго героя, але спагадаючы яму, пісьменнік сцвярджае, што «чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як знікае сітуацыя, што вымагае выбару».
Такі элемент светапогляду В. Быкава ў апошнія гады яго жыцця, такі яго погляд на магчымасці чалавека ў сітуацыі выбару адрозніваюцца ад тых, што былі ўласцівы пісьменніку ў 60-70-я гг. Падобна да таго, як Ж. П. Сартр у апавяданні «Пакой» паказаў усю небяспеку і асуджанасць пражывання ў адным пакоі з вар'ятам, В. Быкаў паказаў трагедыю людзей, вымушаных жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве». Чалавек, жывучы ў «пакоі абсурду», паступова становіцца яго вязнем. У такім пакоі — усе рабы, усе асуджаныя: і каты, і ахвяры.
Аднак такая пісьменніцкая выснова не азначае апраўдання духоўнага падзення чалавека ў сітуацыі абсурду. Ніякія абставіны не вызваляюць яго ад адказнасці за ўласныя ўчынкі і стан душы. Таму не вызваляюць, што «сцяна абсурду», яе трываласць, у значнай ступені залежыць ад запасу духоўнай трываласці чалавека. I чым меншы яго запас трываласці, тым часцей ён будзе вымушаны стаяць перад «сцяной абсурду». I вось тады ўжо чалавек у такім супрацьстаянні і схватцы можа і прайграць партыю.
Папярэджваючы пра небяспеку і наступствы пройгрышу, даючы чытачу магчымасць таксама зрабіць свой выбар, вызначыўшы свае адносіны да выбару героя ў канкрэтнай сітуацыі, пісьменнік узбагачае чытача ўласным духоўным вопытам.
Апеляцыя да гуманізму
Талент — гэта труба, вечавы звон, барабан, але не жалейка і не свісцёлка… ён з'яўляецца на свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі.
В. Быкаў.
Спяваць без хвалявання немагчыма,
Без спадзявання немагчыма жыць.
С Грахоўскі.
У гутарцы з А. Адамовічам у 1985 г., апублікаванай Верай Адамовіч пад назвай «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу», В. Быкаў казаў: «Напэўна, самае дзейснае, самае практычнае — прымусіць чалавека заглянуць у сябе, прымусіць яго ўбачыць, які ён ёсць, што ў ім ёсць подлае, а што добрае. Калі ён разбярэцца ў сабе з дапамогай мастацтва, то і будзе вынік».
Вельмі важна, каб чалавек «сябе ўбачыў і зразумеў». В. Быкаў ускладаў вялікую надзею на спрадвечнае «калі»: «Вось, калі ён (чалавек) сябе ўбачыць і зразумее з дапамогаю мастацтва, тады ён паразумнее». Ужо тады, у 1985 г., у пісьменніка разам з надзеяй, верай у чалавека было і сумненне: «Але чалавек не схільны заглядваць у сябе, гэта не самы любімы занятак чалавецтва…» В. Быкаў пагадзіўся з А. Адамовічам, што чалавек ахвотней зазірне ў чужую душу, у чужую каструлю, што ён з прычыны «сваёй ляноты душэўнай… грэбуе дзейнасцю» прарокаў, затое «безаглядна слухае палітыкаў, розных рэйганаў».