Пачкоўская Віялета
Шрифт:
Верш пра польскую візу
За спінай залева Ізноў залівае пра сны А я не ведаю Куды мне схаваць І з чым зрымаваць Сваю шчаслівую рожу Схаваю у метро Хоць нягожа Так усміхацца, хай сабе шчыра На людзях Я столькі б хацела Усім пра цябе расказаць Але выходжу З сябе на «Плошчы Якуба Коласа» І парушаю тваю Памежную зону А ў мяне толькі польская віза І два талоны На верхні транспарт І ніякай страхоўкі Напрадвосені
Не бойся, распранайся, мы ідзем Выколваць вочы ночы. Жнівень. Твой Салёны смак і водар палыновы І я — метафара the best да слова восень Нам хопіць органаў пачуццяў адшукаць Чарговы ўсход і філасофскі камень Нам хопіць перашкодаў, каб забыць Свае імёны і чужыя хайку Я расцякуся па тваёй крыві Ты зацвярдзееш у маіх касцях Ты быў Я буду А цяпер мы ёсць І немагчыма зашпіліць маланку На голай праўдзе й патаўсцелай ночы Я затушу апошніх светлячкоў Не бойся, распранайся, мой анёле Не бойся, дай руку Я твая восень Маразы
акуляры надзелі лужыны падабрэлі cям-там батарэі напужаныя першай сцюжаю пажаўцелі лісты, захварэлі і гарбаты на вечар мала і на пенсію парасон уцякаю пад пакрывала ад пакроўскіх маразоў * * *
пасыплю свой голаў снегам апошнім снегам, сабраным па горадзе вось і вясна а я не хачу, не маю права на яе толькі перасоўвацца моўчкі па вуліцах змяняць хранатоп сваіх думак у межах мінулага тыдня ты забудзешся? не ты дакладна не забудзешся ты проста станеш расчыненым акном сумнай усмешкай у метро пупышкай на каштане што дачакаецца вясны на якую я згубіла права на якую мы згубілі ўсякае права * * *
А лепшым быў той, што кідаў манеты жменямі ў стары аўтамат, быццам залатыя зярняты. І цэлыя вечары расла, квітнела, запаўняла сваім водарам спачатку стромкія сходы, пасля ўвесь старасвецкі шынок, а ўрэшце наогул адчыняла дзверы і выходзіла ў густы берлінскі дождж музыка. Я прыходзіла толькі дзеля яго. Замаўляла каву й каньяк і разбівалася аб прывідныя мелі яго чарадзейства. Прыходзілі адныя і тыя ж, між сабой не знаёмыя, вымешвалі лыжкай сваю адзіноту, і ніводзін не асмельваўся зрабіць хоць крок у бок бога і ягонага музычнага аўтамата. Ноч расла ракавай пухлінай, напірала на дзверы, а крэслы прырасталі да людзей, як нагавіцы да наркамана, і множыліся каменныя глыбы, і дым падаў снегам, і бог ставіў рэчы, якіх не было. А потым А потым ён не памёр, проста скончылася віза, а лыжка сама залезла ў кішэню, быццам палец святога. Так, на памяць. * * *
дождж за акном абгрызае нечыя косткі пускае слінкі да зямлі а пасля шчанюком ліжа рукі цягне за ланцуг тыркаецца мордай у кратавіны разганяе мінакоў і яшчэ добрую гадзіну гуляецца з уласным адлюстраваннем і бурбалкамі ў лужынах кінуўшы мяне самотна стаяць ля дзвярэй пад’езда з грымасай здзіўлення і змоклай торбай у руцэ * * *
хаджу па вуліцах і шукаю вясну а знаходжу толькі зялёных вусеняў трамваяў што едуць у Вяснянку усё так няшчыльна а пасля скажуць: харошая была п'aра проста начыталіся аднолькавых кніжак а сваёй не напісалі * * *
Вільня-Вільня, а ты такая, што мае звіліны самі ператвараюцца ў твае тонкія вуліцы. * * *
а ў Галандыі… а ў Галандыі харашо там алычовае марозіва і дождж прайшоў там можна гуляць басанож удваіх да ранку або разгадваць пад ліхтаром крыжаванку там можна карміць галубоў і паіць галубых там можна смяяцца і біць гапату пад дых а ў Галандыі… так, там так харашо! колькі ўсяго ўбачыш, зайшоўшы ў кафэ-шоп!.. Верш пра камбайн
Я — машына па вытворчасці метафар Я — аматар у справе тонкай лірыкі калі крылатыя вампірыкі п’юць маю бензінавую кроў ну, будзь здароў! і плясь па твары Я напішу пад вашыя штандары транспаранты матам — з багаццем мастацкіх сродкаў у сваім зародку і хай хто скажа што я — камбайн для збору эпітэтаў * * *
Ноч. Святлафор на скрыжаванні не ведае, у які кабак падацца. * * *
Вішня ў квецені Скрала ў зімы эпітэт. Постмадэрністка. * * *
Зіма не золата і снег не павуцінне А я гляджу ў акно, чакаю, раптам з неба Танцуючы з імпэтам тарантэлу Ўпадзе між белых кветак жоўты ліст Няма. Зіма. Ізноў прыйшла зіма! А я яшчэ не далюбіла восень Не дапісала вершаў ёй на мокрым лісці Не развітаўшыся, пайшла Зіма не восень І золата ніяк не стане срэбрам А срэбра золатам Як ні чакай таго, ніяк! Зіма… Снег быў, злы, халодны, цвёрды Мы ж з восенню ўдзвюх паплачам вадкім Пардон, цяпер адна Адна Зіма