Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Сапега раздражнёна кінуў ліст ад Багінскіх на столік са срэбным прыборам для кавы.

— Лёгка сказаць — «з дапамогай Дзевы»! А як да той дзевы дабрацца, я што, штурмаваць павінен Слуцкі замак? Досыць, бацька наваяваўся, ледзь палову маетнасці не страцілі! — крычаў Сапега, намякаючы на нядаўнюю ўнутраную вайну, калі магнаты аб’ядналіся супраць роду Сапегаў, які надта набіраў магутнасці. — А гэты лысы паскуднік Радзівіл чхаў нават на Трыбунал!

На шпалерах з залатымі кветкамі слізгалі дзівосныя цені, спароджаныя прабяганнем князя перад кандэлябрамі. Лёднік пачціва кашлянуў, каб прывабіць увагу гаспадара.

— Магу я мовіць слова да яснавяльможнага пана? Магчыма, варта змяніць тактыку, per fas ac nefas? Можна паспрабаваць пранікнуць у замак таемна, у чужым абліччы.

Сапега злосна зірнуў на Лёдніка. Доктар выглядаў, як мае быць: акуратны белы парык, таксама выкуплены ў Пфальцмана, нямецкая вопратка, капялюш, перавязаны чыстай шаўковай белай стужкай, шабля… Нават твар згодна свецкім звычаям доктар напудрыў і румянак наклаў, ад чаго выгляд у яго быў фанабэрысты да немагчымага. Ведаў бы князь, што гэты важны муж вучоны ўсяго толькі пажыццёвы і бяспраўны слуга маладога шляхціца Вырвіча, на якога Сапега не звяртаў аніякае ўвагі… Ад гэтай думкі Пранціш вышэй задзёр падбароддзе і пашкадаваў, што ў яго яшчэ не растуць вусы.

Сапега спыніў позірк шэрых вачэй на доктары.

— Вы што, гер Лотман, думаеце, у мяне ў слуцкім замку шпегаў няма? Ды тут уся зямля нашпігаваная шпегамі, як шынка — часныком. Шпегі тут, шпегі там, двайныя, трайныя… І ўрэшце ўсё ўпіраецца ў тое, хто каго першы прадасць і купіць. Мне данеслі, панна Саламея Рэніч, якую, як вы сцвярджаеце, добра ведаеце, жывая. Але дзе князь яе трымае — ніхто не здагадваецца.

Лёднік не стрымаў уздыху палёгкі, а Сапега толькі махнуў рукой.

— Але ці можна гэтаму верыць? І ў любым выпадку яе сцерагуць так, што падабрацца немагчыма.

Лёднік сціснуў вусны.

— Але я змагу! Радзівіл мне паверыць. Я цяпер — немец, што прыехаў разам з панам Пфальцманам дэманстраваць новую магутную зброю, я — вядомы доктар, што пацвердзіць той жа Пфальцман… Мае паслугі могуць спатрэбіцца ўсім, нават князю Гераніму.

Сапега адбегся ў другі кут пакоя і пачаў калмаціць свой парык, раздумваючы. Вырвіч скарыстаўся момантам, каб высветліць адносіны са слугою.

— Што значыць — «я змагу»? А я?

— Твая місія закончана! — Лёднік быў суровы, як вецер у лютым. — Ліст перадаў, дукаты атрымаў… Усё! Гэта мая асабістая справа! Няма ніякай патрэбы рызыкаваць жыццём высакароднага шляхціца дзеля беднай мяшчанкі…

— А я не дазваляю табе выпраўляцца без мяне! — выразна шапнуў Пранціш, дастаўшы на хвілю з кішэні складзеную паперу аб куплі алхіміка.

— Дурное хлапчо! — прасычэў Лёднік, ягоны худы твар ажно плямамі пайшоў.—Застанешся тут!

— А не табе загадваць! Вось я — захачу і зусім нікуды цябе не адпушчу! — з задавальненнем прасычэў у адказ Пранціш, які нізавошта не хацеў упускаць магчымасці паўдзельнічаць у небяспечнай і цікавай прыгодзе. — Табе ж нельга совацца ў замак, бо можа нехта пазнаць нават у нямецкім строі.

— Маё жыццё нічога не каштуе! — доктар ледзь жоўцю са злосці не пляваўся.

— Ну як жа, каштуе! — шматзначна прамовіў Пранціш, намякаючы на свой шэлег. Алхімік нарэшце заторкнуўся, злосна пазіраючы на шкаляра. Сапега вярнуўся да стала, не зважыўшы на раз’ятранае перашэптванне гасцей.

— Можа быць, і варта ўзяцца за чапялу, калі меч зламаны… Але тады я павінен адпусціць да Радзівіла машыну, якую вы называеце смяротнай зброяй! А ён немаведама што з ёю наробіць! — Сапега адсёрбнуў са срэбнага кубка кавы. Тая, відаць, зусім астыла, таму што ён скрывіўся і выплюнуў яе назад, але слугу клікаць не стаў, не жадаючы, відаць, лішніх вушэй.

— Ваша княская міласць, наколькі я змог разгледзець, гэтая машына занадта марудная і неразваротлівая, — напружаным голасам загаварыў Лёднік. — Эфектнасці ў ёй больш, чым рэальнай карысці. Новы вадзяны рухавік — рэч ненадзейная, такія цягам эксперыментаў часта ўзрываліся. Хуткасць такой машыны будзе не хутчэй за тры вярсты ў гадзіну, чалавека не абгоніць. Да таго ж на сваім паліве праедзе не больш паўвярсты. Яна будзе палохаць, але не забіваць арміі.

— Што ж… — Сапега зноў забегаў туды-сюды, кратаючы рукамі то посуд на стале, то кандэлябры, то ўласны нос. — На такую рызыку можна было б пайсці, калі б я быў упэўнены, што вам удасца прывесці да мяня дачку полацкага кнігара жывой…

— Я вызвалю яе, альбо памру сам! — запэўніў Лёднік такім тонам, што сумніву ўзнікала не больш, чым у намерах кулі, што ляціць да твайго ілба.

— І прывядзеш сюды!

— Але толькі пры адной умове, прабачце маю дзёрзкасць, ваша мосць…

— Якой умове? — нахмурыўся Сапега.

— Калі вы дасцё сваё шляхецкае слова, што ў вашых руках панне Саламеі нічога не пагражае, што яна не стане палонніцай і вы не змусіце яе ні да чаго супраць ейнай волі!

Лёднік пачціва схіліўся, але было зразмела, што не адступіцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: