Вход/Регистрация
«…Міласці Вашай просім»
вернуться

Гужалоўскі Аляксандр

Шрифт:

Яшчэ больш складанымі былі ўмовы пасляваеннага жыцця ў беларускай вёсцы. Сельская гаспадарка выйшла з вайны вельмі аслабленай, з падарванай матэрыяльна-тэхнічнай базай, абмежаванымі працоўнымі рэсурсамі. Паводле афіцыйных звестак, за гады вайны матэрыяльныя страты ў сельскай гаспадарцы БССР склалі 45 млрд. рублёў (у цэнах 1941 г.), страты насельніцтва ў вёсцы склалі 782,2 тыс. чалавек. Значная частка вяскоўцаў была вывезена ў Германію. Асабліва вялікія страты назіраліся сярод мужчын. Была знішчана асноўная частка матэрыяльна-тэхнічнай базы калгасаў, саўгасаў і МТС, многія вёскі абязлюдзелі, 420,1 тыс. сем’яў засталіся без жылля. 628 вёсак было спалена разам з жыхарамі. Скарачэнне вясковага насельніцтва працягвалася і ў пасляваенны час за кошт працэсаў урбанізацыі, якія набіралі моц у БССР, а таксама планавых перасяленняў з мэтай асваення аддаленых і малазямельных рэгіёнаў Савецкага Саюза. Тым не менш, і ў аднаўленні сельскай гаспадаркі былі дасягнуты пэўныя поспехі. Так, на працягу пасляваеннага пяцігоддзя было пабудавана звыш 431 тыс. дамоў, дзе пражывала больш 2 млн. чалавек, на працягу 1950 г. колькасць трактараў у беларускіх калгасах павялічылася на 50 %{11}.

Звароты і скаргі калгаснікаў сведчаць, што працэсы індустрыялізацыі і урбанізацыі ў пасляваенны перыяд, а таксама ажыццяўленне сталінскай мадэлі калектывізацыі, у выніку якой селянін павінен быў пераўтварыцца ў рабочага з агародам, не пахіснулі асноў калгасна-вясковага жыцця. Па-ранейшаму яго першаснай сацыяльна-эканамічнай адзінкай з'яўляўся калгасны двор, які быў генетычна звязаны з адзінаасобным сялянскім дваром, з'яўляючыся, як і апошні, сямейна-працоўным аб'яднаннем. Калгасны двор быў тым сацыяльным інстытутам, які працягваў адвечныя сялянскія традыцыі працы і побыту, перш за ўсё, — перадачу з пакалення ў пакаленне пачуцця гаспадара зямлі, працавітасці, самастойнасці. Найбольшым цяжарам была сістэма падаткаабкладання сялянскага двара, якая склалася яшчэ ў 1930-я гг. Сістэма абавязковых паставак дзяржаве зерня была пашырана на іншыя віды прадукцыі — мяса, малако, яйкі, бульбу. Значна быў павышаны і грашовы сельскагаспадарчы падатак на прысядзібную гаспадарку калгасніка. Усе вясковыя працаўнікі былі пад жорсткім, несправядлівым кантролем, іх праца аплачвалася жабрацкімі працаднямі, а самі яны былі ў стане напаўпрыгонных, не мелі пашпартоў і былі пазбаўлены права свабоднага перамяшчэння па краіне{12}.

У 1949 г. была прынята трохгадовая праграма паляпшэння становішча ў жывёлагадоўлі{13}. «Паляпшэнне» — афіцыйны тэрмін, хаця варта было казаць пра выратаванне жывёлагадоўлі. Выканана гэтая праграма не была, наадварот — напярэдадні тэрміну яе заканчэння сітуацыя пагражала выйсці з-пад кантролю. У маі 1950 г. М. С. Хрушчоў яшчэ пагоршыў стан сельскай гаспадаркі сваім планам зліцця малых калгасаў у аграгарады{14}. Амаль паўсюдна гэта кампанія была ўспрынята калгаснікамі як катастрофа. Падчас ліквідацыі малых вёсак і пераводу іх жыхароў у іншыя месцы — без усялякай падрыхтоўкі, фінансавай падтрымкі і нават транспарту — людзі проста спынялі працу. Уцёкі сялян у гарады прывялі да таго, што там пачаў адчувацца недахоп хлеба, бульбы, жыроў, іншых прадуктаў. Не лепшым было становішча ў саўгасах і МТС, якія належалі дзяржаве. Больш паспяховымі былі гаспадаркі, якія выраблялі тэхнічныя культуры, — іх менш абкладалі падаткамі, частка іх выдаткаў фінансавалася з дзяржбюджэта і г.д. Але і ва ўкараненне тэхнічных культур Сталін здолеў унесці элемент ірацыянальнасці. Дастаткова прыгадаць вырошчванне ў беларускіх кліматычных умовах экзатычнага кок-сагызу для атрымання ўласнай крыніцы вырабу натуральнай гумы.

У шматлікіх скаргах пасляваеннага часу выразна адлюстраваны ўсе негатыўныя бакі калектывізацыі ў заходніх абласцях БССР. Як вядома, партыйна-савецкімі ўладамі былі прыняты меры па ажыццяўленні калектывізацыі Заходняй Беларусі адразу пасля яе далучэння ў верасні 1939 г. Гэта работа вялася адначасова з наступам на заможныя гаспадаркі найперш шляхам канфіскацыі часткі іх зямель, якія перадаваліся калгасам альбо пераходзілі ў дзяржаўны фонд з мэтай надзялення малазямельных сялян. Апошняе, разам з моцнай агітацыйна-прапагандысцкай работай, верай значнай часткі бедных сялян у ідэалы сацыялізму і ў першую чаргу арганізацыйна-націскныя метады, садзейнічала інтэнсіўнаму стварэнню калектыўных гаспадарак на заходнебеларускіх землях. Адначасова з калгасамі на землях былых шляхецкіх маёнткаў утвараліся саўгасы. У час нямецкай акупацыі тэрыторыі БССР калгасы і саўгасы былі распушчаны.

У першыя пасляваенныя гады ў заходняй частцы рэспублікі (у адрозненне ад усходняй) сельскагаспадарчая вытворчасць аднаўлялася пераважна на аснове індывідуальнай сялянскай гаспадаркі. Адначасова аднаўлялася работа арганізаваных у даваенны час калгасаў і саўгасаў, ішло актыўнае стварэнне новых. Жорстка і буйнамаштабна праводзілася палітыка раскулачвання. У мэтах яе актывізацыі Савет Міністраў СССР у верасні 1951 г. прыняў спецыяльную пастанову «Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР»{15}. У ходзе яе выканання адміністрацыйна-карныя органы толькі ў 1952 г. выслалі за межы рэспублікі 4 431 кулацкую сям’ю. Адметнымі рысамі калектывізацыі на заходне-беларускіх землях былі не толькі кароткія тэрміны яе правядзення, але і складаныя палітычныя ўмовы, працяг узброенага супраціўлення сялян, новы наступ партыйна-дзяржаўнага апарату на былых палітычных дзеячаў, інтэлегенцыю, каталіцкіх святароў. У спалучэнні з жорсткімі рэпрэсіямі ў адносінах да заможнай часткі вёскі ўсё гэта прывяло да амаль поўнай калектывізацыі на працягу некалькіх гадоў. На канец 1950 г. у заходніх абласцях БССР налічвалася 6 054 калгасы і 78 МТС{16}.

Шэраг скаргаў і зваротаў дазваляе прасачыць тыповыя праблемы, якія паўставалі ў першыя пасляваенныя гады перад беларускай моладдзю. Афіцыйна з 1920-х па 1960-я гг. у Савецкім Саюзе не існавала маладзёжных праблем. У адрозненне ад моладзі буржуазнага грамадства, савецкая моладзь не ўдзельнічала ў канфлікце пакаленняў. На ўсе пытанні паміж бацькамі і дзецьмі былі знойдзены адказы, і любое магчымае напружанне паступова растваралася ў сацыялістычным грамадстве, дзе не сям’я, а дзяржава адыгрывала асноўную ролю ў сацыялізацыі маладых людзей. Зніклі маладзёжныя субкультуры, таксама як звычаі і святы, звязаныя з моладдзю ў вясковых супольнасцях. Энтузіязм моладзі, яе надзеі на светлую будучыню, любоў да жыцця і работы былі пастаўлены ў цэнтр камуністычнай ідэалогіі. На маладых людзей была ускладзена роля будаўнікоў камунізму. З умацаваннем курсу на пабудову камунізму, паняцці «моладзь» і «камуністычная будучыня» зрабіліся непадзельнымі. Якасці моладзі, сплаўленыя з камуністычнай ідэалогіяй, павінны былі стварыць новы тып «савецкага чалавека». Новыя савецкія людзі абавязаны былі быць жыццярадаснымі, энергічнымі, любячымі радзіму і ахопленымі надзеямі на будучыню сваёй маладой краіны. Выявы ідэальных грамадзян краіны, прадстаўленыя ў мастацтве сацрэалізму 1940-50 гг., малююць гарадскую і вясковую моладзь, якая ззяе ад працоўнага поту на карысць будаўніцтва камунізму. Сярод іх няма ніводнага чалавека сталага ўзросту.

Савецкая сістэма імкнулася спланаваць усе сферы жыцця новага чалавека, і ў рамках гэтай сістэмы паняцце «моладзь» было добра распрацавана. Маладыя людзі, якія імкнуліся дасягнуць поспеху ў сістэме, у дзяцінстве ўступалі ў піянеры, потым ва ўзросце 14 гадоў — у камсамол, і чакалася, што недзе ў 28 гадоў яны павінны будуць падаць заяву аб прыёме ў партыю. Маладосць афіцыйна заканчвалася ў 35 гадоў. Існавала цэлая сістэма дзяржаўных органаў і афіцыйных пасад, звязаных з моладдзю, а таксама катэгорыя адміністрацыйных органаў пад эгідай маладых палітыкаў. Патэрналісцкі падыход забяспечваў пэўную ўвагу да моладзі, але ў той жа час перашкаджаў здзяйсненню любых яе незалежных ініцыятыў, якія ішлі насуперак ужо спланаваных альбо чакаемых працэсаў.

Вялікая колькасць скаргаў выйшла з-пад пяра жанчын, на долю якіх прыпала значная частка ваенных цяжкасцей. Пасля вайны іх становішча палепшылася не нашмат. Жанчыны звычайна пісалі пра набалелае — дзіцячыя садкі, пенсіі, санаторны адпачынак, стварэнне нармальных умоў працы. Але галоўным лейтматывам іх зваротаў да вышэйшага партыйнага кіраўніцтва ўсё ж было самае набалелае — просьбы аб уратаванні сям'і альбо аб дапамозе ў стварэнні новай. Гэта цалкам зразумела. Калі ў 1940 г. у СССР жанчын было больш за мужчын на 7 млн., то ў 1950 г. — ужо на 20 млн.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: