Вход/Регистрация
Гандлярка і паэт
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Зашпіліся, дура, — і пайшоў на вуліцу.

Не зважаючы на міліцыянера і на асмялелую ад яе смеласці п’яную кампанію, Вольга падышла да прылаўка, узваліла на плечы пакінутую некім скрынку кансерваў, у другую прыхапіла аплеценую бутлю з алеем.

Выйшла ўпэўнена і пайшла ўпэўнена, але на вуліцы ёй здалося, што дула рэвальвера нацэлена ў патыліцу. Па спіне пацёк ледзяны пот, памлелі ногі. Адчувала, што, калі азірнецца і ўбачыць рэвальвер, з ёй здарыцца нешта брыдкае, ганебнае. Але, як у страшным сне, да свядомасці дайшлі ўратавальныя галасы жанчын, на якіх яна чамусьці баялася глянуць: «Адным можна, другім нельга. Адна хеўра. Гандлярка гэтая даўно з міліцыяй хаўрус вядзе. Бач, цыцкі вываліла, бессаромная…»

Азірнулася толькі ў бязлюдным завулку. Ніхто за ёй не ішоў, толькі насустрач прабегла старая, спытала дзіўна, як пыталіся да вайны: «Дзе даюць?»

Вольга апусцілася ў пясок, села, як курыца, нядобра засмяялася, хацела крыкнуць жанчыне, што прабегла міма: «Бяжы, старая разява, дадуць табе — дулю!» — але сілы хапіла, каб з пяску сесці на скрынку, закрыць яе спадніцай. Словы захраслі, зліпліся ў перасохлым горле і роце. Не адразу сцяміла, чаму так бязлюдна навокал, ажно пакуль над галавой не зараўлі самалёты. Яны ішлі вельмі нізка, чорныя, з жоўтымі крыжамі на крылах, як драконы са страшнай казкі ці сну. Вольга сцялася, уцягнула галаву ў плечы, з жудасцю чакаючы, што вось-вось пасыплюцца бомбы. Але хавацца не пабегла, бо бегчы трэба ў чужы двор. З такімі набыткамі — у чужы двор? Перад тымі, што рабавалі разам з ёй у магазіне, і перад міліцыянерамі сорамна не было, а вось перад людзьмі, якія хаваюцца недзе на сваіх гародах ад бамбёжкі, яна не магла з’явіцца з нарабаваным, ім жа тлумачыць прыйдзецца. Аб тым жа, што можна кінуць скрынку і бутлю на вуліцы, нават не падумала. Самалёты бамбілі недзе за горадам — відаць, ваенны гарадок ці радыёстанцыю.

Набытак Вользін быццам пацяжэў намнога, яна ледзь давалаклася з ім дадому. I адразу схапіла на рукі Светачку, прытуліла да грудзей, цалавала са слязамі радасці і замілавання пульхныя шчочкі, ручкі, ножкі. Малая весела смяялася, радая матчыным ласкам, і на сваёй дзіцячай мове са смешных слоў, якімі авалодала ў год, скардзілася на бабулю за тое, што тая насіла яе ў цёмны, сыры пограб. А цётка Марыля, якая пражыла ў беднасці, але мела свае радасці, зразумела, чаму Вольга так кінулася да дзіцяці, што яна магла перажыць у краме ці пад бамбёжкай: з пограба не вельмі разбярэш, дзе бамбілі — далёка ці блізка.

Сказала, кіўнуўшы на кансервы, тое, пра што думала Вольга там, у завулку, калі над галавой ляцелі самалёты:

— Асіраціш ты дзіця з-за сваёй сквапнасці. Што я буду рабіць з ім?

— Не пайду больш, цётка Марыля. Не пайду, — паклялася Вольга. — Няхай яно спрахне. Праўда, набралася такога страху. Там міліцыянер страляў. — Цяпер ёй здавалася, што мітцыянер сапраўды страляў у яе. — А потым самалёты… так ляцелі, што ж толькі за каміны не чаплялі. Дзе тыя нашы зеніткі? Дзе наша войска?

Чутка, што Ляновічыха цягае ў дом нарабаванае дабро, распаўзлася па вуліцы. Адны пазайздросцілі яе спрыту: «Во баба, нідзе не разгубіцца, ні на вайне, ні ў пекле». Другія асудзілі: «Ненажэрная! На вайне і то нажыцца хоча. Ой, вылезе ёй гэта бокам!»

Прыйшла Лена Бароўская, пачала па-сяброўску ўшчуваць:

— Волька! Што гэта ты робіш, дурная? Ды ты ведаеш, што па ваенных законах за гэта расстрэл? Ва ўсе часы за марадзёрства расстрэльвалі.

Вольга, якая запэўнівала не толькі цётку Марылю, але і самую сябе, клялася, спалоханая — не за сябе, за Светку, што больш не пойдзе, на словы Лены раптам зноў узлавалася:

— Хто гэта мяне расстраляе? Ты?

— Не я. Улада савецкая. Армія.

— Дзе яна, твая ўлада? А армія… Ёй не да нас з табой!.. А як такія дуры, камсамолкі, як ты, «ура» крычалі! Ды спявалі, што разаб’ём ворага на яго зямлі! Разбілі? Армія мяне расстраляе? Няхай армія немца спыніць — тады я грабіць не буду! А так ідзі паслухай: людзі кажуць, немцы заўтра Мінск зоймуць… Для каго ж вы дабро пільнуеце?

— Якія людзі? Шпіёны? Панікёры? Каго ты слухаеш, Волька? — Лене да слёз стала крыўдна і страшна: што ж гэта робіцца? Чаму столькі злосці ў яе школьнай сяброўкі? З кім жа яна сябравала? З ворагам? З кулакамі? Недарэмна яны гандлем займаліся. Бач, натапырылася, як тыгра, ажно пабялела ад злосці.

— Не захопяць немцы Мінск! Не дойдуць! — закрычала Лена з рашучай перакананасцю. — Рукі кароткія!

— Ой, доўгія ў іх рукі, Леначка! Вельмі доўгія!.. Ды ці не ў склепе ты сядзіш увесь час? Нічога не чуеш, нічога не ведаеш.

— Ды ўжо ж не бегаю магазіны рабаваць.

— А ты мяне не ўпікай! Не ўпікай! Я пра дзіця сваё думаю. Ты пра яго не падумаеш!

Пасварыліся яны моцна, па-бабску. Вольга лаялася груба, мацюкалася, да чаго Лена не прывыкла, хоць і жыла на Камароўцы, і гэта яе моцна абразіла. Выбегшы на вуліцу, яна расплакалася наўзрыд, як малая. Але і ў Вольгі не лягчэй было на душы. «Завяла» яе Лена, развярэдзіла свежыя раны, яшчэ больш раззлавала, але на каго злавала — сама не разумела: на Гітлера, на сваю армію ці на яе, на Лену, а можа, на самую сябе — на свой страх і роспач? Але страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкыуць яшчэ разок. Зноў не сядзелася дома, невядомая сіла, нейкі душэўны пратэст, а можа, праўда, звычайная сквапнасць, за якую людзі ўпікалі яшчэ маці яе, цягнулі на вуліцу — на пошукі дабра ці навін.

Пад вечар, пасля навальнічнага дажджу, яна зноў выйшла на раздабыткі. Ішла насцярожана, як кошка, якая ведае, адчувае, што побач сабакі, бо і навокал усё як бы насцярожылася, нават неба, зацягнутае хмарамі і дымам ад прытушаных чэрвеньскім ліўнем пажараў. Брыдка смярдзела нейкім такім гарам, быццам гарэлі жывёла ці склад воўны. I дым гэты не паднімаўся ўгору, а поўз па зямлі, па вуліцах і завулках. Горад стаіўся, апусцеў, рэдка дзе з’яўляўся такі ж, як яна, насцярожаны прахожы. Нават на Савецкай і Пушкінскай, дзе ніколі не спыняўся рух, дзе з пачатку вайны і ўначы гуло і дрыжала ад танкаў і грузавікоў, цяпер не было ні машын, ні людзей. Гуло недзе далёка за горадам, па Лагойскім тракце. Быццам зноў набліжалася навальніца. Не ведала Вольга, што не на захадзе, не пад Дзяржынскам ці Ракавам, а там, пад Астрашыцкім Гарадком, ішоў апошні цяжкі бой за Мінск, байцы і камандзіры 100-й дывізіі загароджвалі дарогу нямецкай танкавай калоне, што рвалася на Маскоўскую шашу, каб замкнуць кальцо вакол горада.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: