Капанскі Павел
Шрифт:
А потым пацалавала мяне. Доўга-доўга. Такі доўгі шакаладны пацалунак. Вельмі смачны.
— Я ж прасіў не рабіць гэтага ў нядзелю! Нельга працаваць у нядзелю! — верашчаў я, але было позна.
Яна сцягнула маё цела на падлогу. Кілім яшчэ больш заляпаўся крывішчай. Ясная справа, што яго ўжо ніхто чысціць не будзе. Паглядзеўшы на два трупы, яна цяжка ўздыхнула і прамовіла:
— Нядзеля, нядзеля… затое план перавыканала.
І з’ела кавалачак шакаладкі.
У Далёкіх Пердзях жыла бабка. Хадзілі чуткі, што яна ўмее варажыць. Але, адкажыце мне, якая ж бабка не ўмее? Гэтая ж зрэдку выходзіла са сваёй хаты на свет божы. Жыла яна адна: дзед загінуў на вайне, дачка з’ехала ў Санкт-Пецярбург шукаць лепшай долі. Ніхто яе і не наведваў, акрамя паштара, што прыносіў пенсію. Бабка вельмі цешылася, калі пенсію падвышалі, бо грошай, нават калі яны складаюцца ў трохлітровы слоік, многа не бывае. Пасля прыходу паштара бабка брала некаторую суму і збіралася ў краму па прадукты.
У краме працавала цётка Венера. Кожнага разу, як паштар прыносіў пенсію бабцы, у краме з’яўляліся новыя, падвышаныя, цэны на прадукты. І кожнага разу, калі бабка заходзіла прыдбаць памідорчыкаў, агурчыкаў і смятанкі, цётка Венера перапісвала ад рукі ўсе цэннікі.
— Што ж ты, хай цябе халера возьме, робіш?! Я ж гэтыя грошы не нясу, як курка яйкі! — крычала бабка, біла кійком па дзвярах і выходзіла.
Такая гісторыя паўтаралася амаль паўгады, пакуль аднаго вечара на прадаўшчыцу насамрэч не напала халера. Ніякай эпідэміі на той час не было. За некалькі дзён цётка Венера сканала. Лекары разводзілі рукамі, маўляў, халера яго ведае, як так здарылася. Сельскі галава, пачуўшы, што такое цяжкае і небяспечнае захворванне не абмінула Далёкія Пердзі, адразу загадаў зрабіць помнік Венеры, як адзінаму чалавеку, што пацярпеў за ўсіх. Помнік усталявалі ў парку. Выява цёткі Венеры была ўдасканаленая сімваламі новай эры: у адной руцэ цётка трымала электронную картку Беларусбанка, а ў другой — навюсенькі апарат для безнаяўнага разліку. Недзе праз месяц пасля ўсталявання малыя вандалы абламалі абедзве рукі, гойдаўшыся на іх. Да гэтага, бясспрэчна, жудаснага ўчынка жыхары Далёкіх Пердзяў клікалі помнік проста «Халерай». А пасля сталі клікаць яго «Халерай Мілоскай».
А ў краму прыйшоў малады спецыяліст, а разам з ім і новае абсталяванне. І новыя цэннікі друкаваліся на налепках, што было вельмі зручна. За той час, што бабка ішла ад дома да крамы, спецыяліст паспяваў расклеіць усе цэннікі. Бабка, не ведаючы ўсёй працэдуры, не магла ўжо згадаць старыя цэны і маладога не праклінала.
У Далёкія Пердзі прыходзіла новая эра...
— І што дзіўна, мама, толькі за ім, ні за кім іншым, чуеш? Толькі за ім дзверы не зачыняюцца. Кожнага разу я выходжу з-за прылаўка і ўласнаруч зачыняю… зачыняю… зачыняю…
Рэха лунала па кухні, залятала ў духоўку, у імбрычак, лядоўню і нарэшце ў фортку, акурат пад дождж.
— Мама, гэта як у кіно. А ў мяне нібы не «Бутэрбродная», а «Салун». А ён… ён сапраўдны камбой, мама. Сапраўдны Джон Уэйн. І ў яго быў конь. Кажу табе. Бо ён — вольная птушка, якая ляціць туды, дзе яшчэ няма лічыльнікаў вады.
Рэха прамакала пад дажджом і білася аб асфальт, злівалася з прыбардзюрнымі раўчукамі і накіроўвалася ў каналізацыю.
— Ён ніколі мне нічога не кажа, ні табе «фэнькс», ні «хаў ар ю?» Проста кладзе на прылавак грошы і ківае ўбок цыгарэт «Мальбара» і таннага джыну за трынаццаць тысяч. І сыходзіць. Адразу скразняк. Мама, камбоі — яны такія, яны робяць дзіркі, ад якіх паўсюль скразнякі. Я ведаю, я глядзела ў кіно.
А пакуль мама ківала ў такт доўгага і нуднага маналогу сваёй дачкі, рэха праходзіла ачышчальныя станцыі і плыло насустрач крану ў інтэрнаце для працаўнікоў «Вадаканала». У пакой 414б.
— Мама, калі ён прыйдзе наступнага разу, я скажу наўпрост, што хачу быць з ім да апошняга селядца, што выпусціць «Санта Брэмар». Так і скажу… скажу… скажу…
***
Раніцай вада з-пад крана ціхенечка галасіла «скажу… скажу…» і «зачыняю… зачыняю». Гэтымі двума словамі камбой шостага разраду ўмываў сваё шчацінне і бяздумна глядзеў у заляпанае люстра. Змена пачыналася а восьмай раніцы.
У маршрутцы ён не ўзнімаў погляду ад падлогі. Як і ўсе іншыя: маладзён з начной дыскатэкі, які шкадаваў, што так і не трахнуў тую брунэтку, брыгадзір з лесапілкі, які думаў, каго б гэта з маладых стажораў паслаць па гарэлку на апахмел, і фізрук раённай школы, ад якога ўчора жонка пайшла да інфарматыка. Фізрук ведаў: такі зараз час, камп’ютары і ўся херня. Камбой не думаў ні пра што.
А потым нарады. Зноў Далёкія Пердзі. Другі тыдзень запар: як лічыльнікі, дык у Пердзях. Але няма чаго рабіць, завадзі, Пятровіч, аварыйку колеру халоднага заходу, едзем.
А ў Далёкіх Пердзях ёсць «Бутэрбродная». Там, у гэтай самай «Бутэрброднай» ёсць тое, чаго няма амаль нідзе: «Мальбара». Дзверы там чамусьці паламаныя, ніколі не зачыняюцца. Галоўнае, ёсць дзе перад ад’ездам да дому гаючай вадзіцы прыкупіць.
***
Мітрыдат Аркадзевіч у першую чаргу пайшоў у краму па алкагаль, зрабіў некалькі сумнеўных крокаў і згадаў, што, ядрыць яго па загрыўку, алкагаль у сяле забаронены. Сам жа не так даўно падпісваў дэкрэт і сам жа даваў інтэрв’ю гэным «карыспедантам».