Чыгрын Сяргей
Шрифт:
Найбольш папулярнымі творамі нашага песняра ў першай палове ХХ стагоддзя былі яго драматычныя творы. Яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя на Слонімшчыне на самадзейнай сцэне вельмі часта ставіліся яго п’есы “Прымакі”, “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “На папасе”, “Сон на кургане”. Аб лепшых пастаноўках купалаўскіх п’ес часта пісалі беларускія газеты і часопісы. Вось напрыклад, што распавядала невялікая нататка “Паўлінка” на вёсцы”, якая была надрукавана ў віленскай “Нашай праўдзе” 23 ліпеня 1927 года: “У нядзелю 26 чэрвеня гуртком Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) ў вёсцы Вялікая Кракотка Міжэвіцкай воласьці Слонімскага павета быў наладжаны сьпектакль на карысьць бібліятэкі-чытальні. Згулялі п’есы: “Паўлінка” Янкі Купалы і “Заручыны Паўлінкі” Ф.Аляхновіча. Дзякуючы таму, што на гэты дзень быў у вёсцы фэст – народу сабралася як на рэдкасьць. За 10-15 вёрст прыходзілі, каб паглядзець на гульню кракоцкіх артыстаў-аматараў. На жаль, тэатральная зала не магла ўсіх зьмясціць, і шмат каму прыйшлося ісьці дамоў. Гулялі надта добра. Кожны артыст як бы перажываў сваю ролю і гэтае перажываньне пераходзіла на глядзельнікаў. Грыміроўка і касцюміроўка не мела жаднае заганы. Асабліва добра гуляла Зося Жыткевіч у ролі Паўлінкі. Яна дала поўны абраз маладое вясковае дзяўчыны, здольнае не толькі да каханьня, але і да ажыцьцяўленьня тых сьветлых ідэалаў, якія пакінуў у яе душы вучыцель-народнік Якім Сарока, а яе задушэўныя спевы, мастацкія па выкананьні, проста зачароўвалі глядзельнікаў. Васіль Трафімовіч сваёй гульнёю, як у ролі Быкоўскага, так і ў выкананьні папярэдніх роляў, паказаў, што мог бы гуляць і не абы як. Харавыя сьпевы (агульныя) у п’есах выйшлі вельмі добра. Відаць, што харавая секцыя пад кіраўніцтвам самавука-рэгента Васіля Трафімовіча стаіць на адпаведнай вышыні. Сьпектакль прайшоў з вялікім посьпехам. І хоць білеты былі не дарагія, ад 50 да 30 грошаў, збор вынес на 64 злотых”.
У 1928 годзе “Паўлінку” Янкі Купалы сябры гуртка Таварыства Беларускай Школы паставілі і ў вёсцы Касцяні. Пра касцянёўскіх артыстаў паведаміла 16 траўня 1928 года газета “Голас працы”. Яна пісала: “У аўторак 17 красавіка 1928 года ў вёсцы Касьцяні Чамерскай гміны Слонімскага павета была пастаўлена “Паўлінка”. Найлепш выканала ролю Паўлінкі Мар’я Легаць. Тут, можна сказаць, не было ніякіх заганаў, як з боку мастацкага, так і з іншага. Гэтая маладая дзяўчына сваім гарачым сэрцам зусім зразумела, зусім адчула настрой, перажываньне Паўлінкі. Яна дала характэрны абраз маладое вясковае дзяўчыны, у душы якой гарыць не толькі жаданьне каханьня, але і імкненьне да новага, лепшага жыцьця, якое (імгненне) у душы яе пакінуў вучыцель з новымі сьветлымі ідэаламі – Сарока. Таксама вельмі мастацка яна адпяяла песні, якія проста зачароўвалі прысутных. У будучым з яе можна было б спадзявацца добрай артыстычнай сілы. Далей надта добра была выканана роль Якіма Сарокі – Лаўрыном Якімчыкам. Ён зусім ясна прадставіў сабою тып маладога вучыцеля-народніка, які, пазнаўшы гора працоўнага люду, аддае ўсе свае сілы, усю энэргію на вызваленьне яго з путаў няволі. У яго далікатных абходах з Паўлінкаю не відаць было нічога згніўшага, старога панскага, а нешта простае, мілае, яснае.
Надзя Мароз сваім даволі мастацкім выкананьнем ролі Альжбеты дала прысутным прадстаўленьне старой шляхцянкі, якая абсалютна нічым не цікавіцца, а толькі “пільнуе сваю спадніцу і панчохі”. Трэба, аднак, зазначыць, што ў яе было замала рухаў. Гэта, наогул, у вясковых артыстаў вельмі часта заўважаецца.
Паміж іншымі ролямі заслугоўвае на ўвагу роль Быкоўскага, а таксама Крыніцкага. Гэтыя ролі былі згуляны таксама нішто сабе, але ўжо не так, як папярэднія. У Быкоўскага малавата было відаць “хвастаньня”, замала “агіды” да ўсяго “мужыцкага”. У Сцяпана Крыніцкага малавата відаць было “шляхоцкага гонару”. Не вельмі прымусовыя і страшныя звароты да дачкі. Замала “бацькавай волі”. Трошкі заціхая гутарка. Апрача таго, яму не варта было мець на сабе вопратку – “галіфэ”, бо, наогул, у той час, які адбівае “Паўлінка”, магчыма, што ўжо існавалі “галіфэ”, але старыя шляхтуны – праціўнікі ўсякіх навінаў, глядзелі на іх крывым вокам.
Рэшта артыстаў згулялі так сабе, сярэдне. Відаць, было мала падгатоўкі. Асабліва гэта заўважалася ў гасьцёх, з якіх хлапцы, дзякуючы няўвазе, сядзелі тварамі да дзяўчат, а плячыма да публікі. Гуляючы ж на сцэне, заўсёды трэба сачыць за тым, каб быць тварам да глядзельнікаў.
Таксама вельмі добрае ўражаньне ў прысутных пакінулі па сабе песьні, якія сустракаліся ў п’есе і якія былі выкананы артыстамі як найляпей. Песьняй “Ах ты, Нёман, рака” слухачы проста такі зачароўваліся, чуючы мілыя зыкі, ідучыя з маладых, здаровых грудзей сваіх паднявольных сыноў-змагароў.
Агулам кажучы, трэба зазначыць, што п’еса была б шмат ляпей згуляна, калі б зрабілі генеральную рэпетыцыю. Але, дзякуючы таму, што стараста даў дазвол толькі за некалькі гадзін перад пачаткам сьпектаклю (артысты ўжо страцілі надзею на атрыманьне дазволу і дзеля гэтага не рабілі генеральнай рэпетыцыі).
Ня гледзячы, аднак, на ўсё гэта, ня гледзячы на тое, што была вельмі кепская пагода, народу сабралася каля двухсот асоб, якія задаволіліся тым, што бачылі перад сваімі вачыма. Увесь даход у суме 36 злотых пайшоў на карысць бібліятэкі-чытальні пры гуртку Таварыства Беларускай Школы ў вёсцы Касьцяні. Дык вось што зрабілі нашы хлапцы і дзяўчаты, замест таго, каб напіцца гарэлкі ды паднімаць розныя бойкі! Чэсьць вам, касьцянёўскія артысты – змагары з цемраю – адвечным ворагам працоўных мас. На вас надзея вашых загнаных бацькоў, братоў і сёстраў. Ідзеця, браты, наперад! Не зважайце на цёмную ноч! Збуджайце масы да новага, лепшага жыцьця. У гэтай цёмнай ночы будзеце вы тымі шляхаводнымі зоркамі, якія асьвячаюць шлях да іншага жыцьця, дзе ня будзе ні зьдзекаў, ні гора, ні сьлёз, ні багатых, ні бедных, а ўсе роўныя як адзін! Дзе будуць усе як браты. І будзе ўнукаў панаваньне там, дзе сягоньня плача дзед!”.
Вось такімі гучнымі словамі закончыў свой матэрыял нехта Вяскор, які пісаў пра “Паўлінку” ў “Голасе працы”. Ставіліся тады гэтая камедыя і ў вёсцы Азярніца сіламі азярніцкага гуртка ТБШ. Былы дзеяч Заходняй Беларусі, пасол польскага сейма па спісе КПЗБ Павел Крынчык (1898-1975) згадваў, што ў 1927 годзе драмсекцыя гуртка ТБШ вёскі Вострава ставіла таксама “Паўлінку” Янкі Купалы ў вёсцы Вострава ў гумне Якуба Мазаля і ў мястэчку Дзярэчын у мурах Сапегаў (тады Вострава і Дзярэчын належалі да Слонімскага павета – С.Ч.). Ролю Паўлінкі выконвала дзяўчына з вёскі Монькавічы Вольга Жоглік, якая прыходзіла ў Вострава на рэпетыцыі за 15 кіламетраў. Пазьней вяскоўцы пачалі яе зваць проста Паўлінка. Вельмі добра выконваў ролю Сцяпана Крыніцкага былы настаўнік Слонімскага народнага вучылішча Міхась Галенда. А ролю Пустарэвіча выконваў Астап Захарчук, які ў 1922 годзе прыехаў з заробкаў з Амерыкі.
Жонка Паўла Крынчыка – Алена Лябецкая (1903-1982) была старшынёй Казлоўшчынскага гуртка ТБШ (вёска Казлоўшчына цяпер адносіцца да Дзятлаўскага раёна, а тады – да Слонімскага павета – С.Ч.). Некалі яна ўспамінала, што “Паўлінка” ставілася сіламі драмсекцыі гуртка ТБШ у Казлоўшчыне ў гумне Тарасюка. Ролю Паўлінкі выконвала дзяўчына з вёскі Лявонавічы Ганна Мазоль, якая была і ўдзельніцай хору пры гэтым жа гуртку. Хор, дарэчы, выконваў песні “Жыў на свеце Лявон” і “А хто там ідзе” на словы Янкі Купалы. Матыў гэтых песень быў прыдуманы самымі харыстамі. Гераічная постаць Лявона нагадвала тады вобраз падпольшчыка, якога праследавала польская паліцыя. А сама Алена Лябецкая са сцэны дэкламавала вершы Янкі Купалы “Ворагам беларушчыны”, “Мужык”, паэму “Курган”. Сіламі гэтага гуртка “Паўлінка” ставілася нават у Слоніме. Алена Лябецкая ў сваіх успамінах, якія былі надрукаваныя ў кнізе “У суровыя гады падполля” (Мн., 1958.С.98) згадвае: “У Слоніме мы паставілі ў памяшканні, дзе цяпер знаходзіцца Народны дом, “Паўлінку” Янкі Купалы”. Першая беларуская п’еса ў Народным доме! І ставілі яе вясковыя дзяўчаты і хлопцы, “хамы”, як называлі нас польскія паны. Усё гэта было незвычайна ў тыя часы. Нашы спектаклі і песні па-рэвалюцыйнаму дзейнічалі на гледачоў. А хто яны былі, гэтыя гледачы, — рабочыя і сяляне, якія занялі першыя рады. Кажухі мільгалі ў асветленых залах. Паліцэйскія захваляваліся, забегалі, але спектакль адбыўся”.
Не спынялася дзейнасць самадзейных драматычных калектываў на Слонімшчыне і ў 1930-х гадах. Аб гэтым сведчыць допіс “Беларуская сцэна на вёсцы” паэта Анатоля Іверса з вёскі Чамяры, які быў змешчаны ў часопісе “Беларускі летапіс” № 6-7 за травень-чэрвень 1937 года: “У нашых умовах беларуская сцэна на вёсцы робіць шпаркія поступы. У сучасны момант толькі пры помачы спектакляў прыходзіцца вучыцца пісаць і працаваць на грамадскую карысць. У такіх выпадках для шкодных навыкаў, як карты, гарэлка, дзікія разгулы, няма месца”. Далей аўтар паведамляе, што зімою 1937 года ў памяшканні мясцовай польскай школы была пастаўлена “Паўлінка”. Школьная зала была перапоўнена гледачамі. Артысты вымушаны былі паўтарыць пастаноўку п’есы. У падрыхтоўцы і пастаноўцы беларускіх спектакляў прымаў актыўны ўдзел і Анатоль Іверс. На дазвол пастаноўкі спектакля ўправа гуртка ТБШ падавала заяву ў староства, дзе рэферэнт бяспекі ставіў розныя перашкоды. Але ўсведамленне важнасці культурна-масавай работы надавала сілы сябрам гурткоў ТБШ і дапамагала пераносіць вялікія цяжкасці.