Вход/Регистрация
Лісце забытых алеяў
вернуться

Цвірка Кастусь

Шрифт:

Думаецца, такі «прыліў» у фалькларыстыку ў першай палове XIX стагоддзя жанчын не быў выпадковы. Тут зноў жа, відаць, «папрацаваў» перакананы нарадалюбец Жан-Жак Русо, якім з самых юных гадоў зачытваліся ў нас ці не ўсе адукаваныя засцянковыя шляхцянкі.

Каб давяршыць партрэт Марылі Верашчакі, скажам яшчэ, што яна да канца жыцця засталася верная дэмакратычным ідэалам і не была ў баку ад палітычных навальніц свайго часу. Яна даволі актыўна памагала паўстанцам 1830-1831 гадоў, а пасля разгрому паўстання прычынілася да наладжвання сувязі падпольшчыкаў з паўстанцкім эміграцыйным цэнтрам, які рыхтаваўся падняць народ на новую, рашучую бітву з царызмам. Антыўрадавая дзейнасць Марылі Верашчакі была выкрыта царскімі ўладамі, і ў 1833 годзе яна разам са сваім мужам Ваўжынцам Путкамерам, які таксама быў звязаны са змоўшчыкамі, трапіла ў турму, дарэчы, у той жа самы кляштар базыльянцаў у Вільні, у якім дзесяць гадоў назад адбывалі пакаранне філаматы і філарэты і куды яна разам з іншымі «літвінкамі» прыносіла перадачы зняволеным сябрам. Марылі і яе мужу, што сядзелі ў розных камерах, адарваныя ад дзяцей, ад свету, толькі праз паўгода ўдалося тады адкупіцца і выбавіцца з няволі.

Не абышло сям'ю Марылі і паўстанне 1863 года. У чэрвені арыштавалі ў Вільні замешаных у паўстанні пасынкаў старэйшай дачкі Зосі, што была замужам за школьным інспектарам Андрэем Каліноўскім. У доме жандары ўчынілі вобыск. Марыля не магла не прыехаць у Вільню. Здарылася так, што яна трапіла на Лукішскую плошчу ў час, калі адбываўся страшны абрад пакарання смерцю Зыгмунта Серакоўскага. Гэта зрабіла на Марылю жахлівае ўражанне. За ўдзел у паўстанні быў. схоплены царскай жандармерыяй у Туганавічах зяць Марылінага брата Юзафа Канстанцін Туганоўскі, нашчадак князёў Туганаў. Не вытрымаўшы жорсткіх пакаранняў, ён памёр у віленскай турме. Летам гэтага ж года арыштавалі ў маёнтку Руткевічы на Палессі і Марылінага зяця Яна Рыхлевіча, які ўваходзіў у Лідскі паўстанцкі камітэт. Толькі цяжарнасць уратавала ад арышту і яго жонку — малодшую Марыліну дачку Караліну, якая таксама мела сувязь з паўстанцамі. Пэўне ж, тыя вялікія перажыванні і прычыніліся да смерці Марылі ў 1864 годзе. Вось як піша пра гэта ў 1885 годзе яе сын Станіслаў Путкамер да Уладзіслава Бэлзы, біёграфа Адама Міцкевіча: «Матка мая нарадзілася 24 снежня 1799 года ў Туганавічах, памерла 27 снежня 1864 г. у Бражэльцах, другой нашай вёсцы побач з Балценікамі. Не перажыла выпадкаў таго часу. Пахавалі яе ў парафіяльным касцёле ў Беняконях. Вельмі пакутуючы перад смерцю, у канцы вымавіла словы, якія былі апошнія: «За край, за пакутнікаў...»

Аб часе знаходжання Яна Чачота ў Туганавічах прамых звестак я не знайшоў. Але ж многія факты гавораць аб тым, што ён, гэтак жа як і яго неразлучныя сябры Адам Міцкевіч і Тамаш Зан, быў тут даволі частым госцем. Гэта відаць хаця б з балады «Калдычэўскі шчупак», якую Ян Чачот прысвяціў аднаму з гаспадароў Туганавіч Міхалу Верашчаку. Уступ балады пачынаецца з такіх сяброўскіх «прызнанняў»: «Першага ў свеце люблю гультая, першага цябе, Міхале...» З гэтага ўступу можна ўбачыць, наколькі блізкія яны былі сябры — Міхал Верашчака і Ян Чачот. Дык ці ж мог ён не наведаць свайго сябра ў яго такім гасцінным доме? Тым больш што і Чачотавы бацькі жылі непадалёку — у Лоўчыцах. Зрэшты, у баладзе ёсць і прамы расказ пра бачанае ім у Туганавічах. Кажучы пра Яна Верашчаку з Пясчанкі, Ян Чачот піша, што ён «найдзіўна піў, найдзіўна еў, як вы сёння ў Туганавічах, ніколі за стол адзін не садзіўся, купаўся з сябрамі ў прысмаках...» І далей, зноў вяртаючыся да Міхала Верашчакі, малюючы яго «спосаб жыцця»: «Відаць кроў яго ў табе, Міхале: гатоў ты скінуць кашулю і лезці па шыю ў багністыя хвалі, і тут жа моцна ціскаеш Крысю. Віном не пагарджаеш, прагнеш бойкі, але яе табе не дае доля, і цяпер мірную люльку курыш і рыбу ловіш у Сарваны. Прабач, што з табою ісці не згадзіўся я, бо былі важныя прычыны: чым лавіць рыбу, хацеў ісці я побач з гожай Марцэлінай...»

Гэта Марцэліна, пра якую піша Ян Чачот, была зусім рэальная асоба. Тамаш Зан у пісьме да Адама Міцкевіча ад ІІ студзеня 1823 года, расказваючы, што ў Туганавічах ён весела правёў час у кампаніі харошых дзяўчат, упамінае сярод іх і «гэту мілую Марцэліну», якая была, як мяркуе ў кнізе «Міцкевічаўскія рэаліі» Леанард Падгорскі-Аколаў, таварышкай дачок генерала Ксаверыя Несялоўскага з недалёкай Сэрвачы — Ванды і Ідаліі. Яна Чачота, значыцца, цягнула ў Туганавічы не толькі сяброўства з Міхалам Верашчакам, але яшчэ і тая прывабная шляхцянка Марцэліна.

Ад даўняй сядзібы Верашчакаў у Туганавічах цяпер застаўся толькі во гэты стары апусцелы парк. Леў Паўлавіч, які некалі, будучы супрацоўнікам музея Адама Міцкевіча ў Наваградку, клапаціўся аб захаванні парку, адразу ж падвёў мяне да той зялёнай палянкі, дзе стаяў некалі памешчыцкі дом. Ад яго засталіся толькі рэшткі зарослага травой падмурка: дом згарэў яшчэ ў першую сусветную вайну. Недалёка адсюль мы ўбачылі дзве невялікія затравелыя ўпадзіны. Гэта ўсё, што засталося ад тых дагледжаных некалі прыгожых ставоў, якія так хораша апісаў Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушы»:

А від сапраўды быў прыгожы, маляўнічы! Ставы два пахілілі да сябе абліччы, Як пара закаханых: правы быў глыбокі, Без траваў, чысты, гладкі, як дзяўчыны шчокі, А левы чуць цямнейшы, як твар маладога, З загарам і пушком абсыпаны нямнога. Пяском залачоным свяціўся злёгку правы, Як ясным воласам, а левы кучаравы, Лазой наежаны і вербамі чубаты, Абодва зелені вянком былі абняты... (Пераклад П. Бітэля)

— А цяпер паглядзім альтанку Марылі, — сказаў Леў Паўлавіч, кіруючыся да высозных ліп, што выглядалі з-за маладога пад леска.

Альтанка ў Туганавіцкім парку мне вядома была з кніг Міцкевіча і пра Міцкевіча. Гэта ж у ёй, у той альтанцы, і сустракаўся малады, тады яшчэ нікому не вядомы Адам Міцкевіч з Марыляй Верашчакай, тут, у схове густой лістоты, пад неўтаймаванае цёхканне салаўя, вялі яны свае размовы, праседжваючы да позняй ночы...

Што значыла для Адама Міцкевіча гэта альтанка, відаць з маналога Густава, героя «Дзядоў», вуснамі якога выказаў паэт сваё перажыванне ад запозненай сустрэчы з Туганавічамі:

...Быў я і ў садзе, асеннім, бязлістым, Такім жа, як колісь, вечарам, светлым і чыстым. Гэтак жа сама хмары цямнілі нябёсы, Той жа месяц асвечваў на купінах росы, Тым жа снежным сяйвом поўніў туман прасторы, Тыя ж у небе танулі халодныя зоры, Убачыў тады я і ззянне зорачкі ўсходняй — Яна, тая зорачка, свеціць мне й сёння. Зноў пёк мае грудзі той жа агонь гарачы. Усё тут было, як даўней — толькі яе я не ўбачыў! Іду да альтанкі... Чую пошум якісьці. Мо яна? Не! То вецер прабег жаўталісцем. І зноў цішыня. Дрэвы стаяць паныла. Альтанка! Майго шчасця калыска й магіла...*
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: