Вход/Регистрация
Міжзорныя ўтыль-капальнікі
вернуться

Белаяр Сяргей

Шрифт:

Ра-Ваш змяніў працоўны рэжым даследчых апаратаў і пачаў нетаропка ўводзіць каардынаты пункта пераходу. Мінімальная памылка магла каштаваць жыцця. Капітан назіраў за планетай, спрабуючы намаляваць карціну таго, якой яна была раней.

Праз некалькі хвілін Цірак абвясціў гатоўнасць.

— Падрыхтавацца да паскарэння! — абодва крэслы патанулі ў сілавых коканах, у сярэдзіну якіх лінуў амартызацыйны газ. Далей у справу ўступаў штучны інтэлект. На маніторы змяняліся лічбы зваротнага адліку. У нейкі момант «Дор-Шарг» пачаў набіраць хуткасць.

Касмічны разведчык дасягнуў гіпермяжы праз некалькі секунд. Рушыла ўслед яркая ўспышка. Нават аслабленая святлафільтрамі, яна балюча ўдарыла па вачах, а затым «Дор-Шарг» ірвануў наперад, нібыта атрымаў дадатковае паскарэнне. Перагрузка ўзрасла з аднаго да дванаццаці джоўляў. Храмун і Ра-Ваш адчулі рэзкае павелічэнне вагі. Неадольная сіла ўціснула галаву ў плечы, з’явіўся асабліва невыносны цяжар у грудзях. Для таго, каб паварушыць хоць бы пальцам, даводзілася прыкладаць немалыя высілкі. Ступні і галёнкі здаваліся павялічанымі ў аб’ёме, мышцы звяло курчамі, зрок як бы расфакусіраваўся, не заўважаючы ніякіх прыкмет гіперпрасторавага калідора.

Члены экіпажа толькі нейкім цудам не страчвалі прытомнасці. На шчасце, пераход ніколі не цягнуўся доўга. За сто тысяч кіламетраў ад кропкі выхаду модуль адключыўся і пачалося тармажэнне. Карабель увайшоў у норму за дваццаць тысяч кіламетраў ад арбіты.

— Цірак, як ты? — спытаў капітан, як толькі ачнуўся.

— Добра! — адазваўся тэхнік. Яго голас слаба дрыжаў.

— За працу!

Кампрэсары ўцягнулі газ, сілавыя коканы зніклі.

Капітан адстрэліў радыёбуі і вывесіў на адлегласці паўмільёна кіламетраў над паўночным полюсам планеты файнд-маркер з ідэнтыфікацыйным нумарам «Дор-Шарга». Тэхнік заняўся танкамі. Кожны касмічны разведчык, незалежна ад жадання воль­ных пашукавікоў — арцеляў або наёмных карпарацый — забяспечваўся кантэйнерамі для сыравіны, граберамі, сартавальнымі механізмамі і прэсам.

На тое, каб падрыхтавацца да збору сыравіны, спатрэбілася каля дзесяці хвілін. У адрозненне ад Ра-Ваша, рукі ў Храмуна не дрыжалі, хоць хваляванне Аргаса было неменшым.

— Пачынаем? — спытаў, згараючы ад нецярпення, Цірак.

Перш чым набліжацца да базы смецця, капітан вырашыў агледзецца — сюрпрызы экіпажу патрэбны не былі. На сто мільёнаў кіламетраў вакол было пуста. Праверыў Храмун і дадзеныя зондаў.

— Можна!

Тэхнік пацёр рукі ў прадчуванні вялікага куша і ўзяўся за ручкі кіравання маніпулятарамі, абсталяванымі велічэзнымі захопамі. Грабер тузануўся, шчыпцы сагнуліся і выпрасталіся.

Пераканаўшыся ў тым, што маніпулятары гатовы да працы, Ра-Ваш варухнуў дзяржальнамі. Фантастычныя цуда-памочнікі ўрэзаліся ў сцяну смецця. Цірак паварушыў дзяржальнамі, і маніпулятар панёс здабычу да шырокага раструба, праз які сыравіна паступала ў комплекс сартавальных механізмаў, адкуль ішла пад прэс. Спрасаваныя брыкеты вагой па сто тон па канвееры адпраўляліся ў танкі, дзе магутныя краны размяркоўвалі іх па грузавых ёмістасцях.

Капітан вырашыў азнаёміцца з вынікамі сканіравання. Атмасфера амаль на семдзесят пяць працэнтаў складалася з аксіду вугляроду. Каля шасці працэнтаў прыходзілася на кісларод, астатнюю частку складалі аксіды азоту, дыяксід серы, альдэгіды, аміяк, радыеактыўныя ізатопы і цяжкія металы. На гэтым таксама можна было нядрэнна зарабіць.

Не менш забруджаныя на апусцелай планеце глеба і вада. Грунт быў літаральна перасычаны ўстойлівымі хлорарганічнымі злучэннямі, нітратамі, сульфатамі, хларыдамі, а таксама таксічнымі адходамі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, ртуццю, свінцом, мыш’яком, меддзю, кадміем. Сусветны акіян нагадваў кактэйль з нафты і нафтапрадуктаў, нітратаў, фасфатаў, інсектыцыдаў, гербіцыдаў, прамысловага ды бытавога смецця і цяжкіх металаў.

Нечакана для самога сябе капітан адчуў шкадаванне да тых, хто не здолеў своечасова спыніцца і ператварыў свой дом у звалку. Жаль працягваўся нядоўга — Аргас адмахнуўся ад гэтай думкі, як ад назойлівай кузуркі, нагадаўшы сабе пра тое, што не варта спачуваць дурням. Лепш падумаць, як не падпусціць недасведчаных да атручанай планеты.

Праца ішла.

На душэўныя згрызоты Цірак не пакутаваў — занадта доўга ён марыў пра тое, як разбагацее. Напарнікам і сябрам Ра-Ваш быў нядрэнным, нягледзячы на такое ўвогуле зразумелае жаданне, бо і праз дзесяцігоддзе не забываліся цяжкае дзяцінства і галоднае юнацтва. Аргас і сам не супраць прамяняць манатонныя пошукавыя будні на забяспечанае марнаванне часу, але марамі пра незлічоныя багацці не трызніў.

Калі Храмун глядзеў на імкліва растучыя лічбы, якія паказвалі танаж смецця, з яго грудзей рвалася радасць. Капітану даводзілася супакойваць сябе: занадта ўжо вялікая была рызыка трапіць у поле зроку канкурэнтаў або піратаў.

«За такую залатую жылу ўчэпяцца ў гор­ла не толькі чужыя, але і самыя верныя сябры!», — раптам падумалася капітану. Ён цішком кінуў на таварыша ацэньваючы погляд. Калі не заўважаць узбуджанага мармытання, Цірак быў такім жа, як і заўсёды. Храмун зноў утаропіўся ў экран. Сам ка­штан не мог дапусціць і думкі пра тое, каб здрадзіць таварышу. Гонар афіцэра, няхай сабе і адстаўнога, не дазваляў нічога. Ды і куды падзець сумленне?

Колькасць брыкетаў, аднак, павялічвалася. Штучны інтэлект правёў разлікі і выдаў рэзюмэ: танкі касмічнага разведчыка будуць запоўненыя задоўга да таго, як смецця стане менш на дзесяць працэнтаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: